Пошук

05.08.2011 01:00  
1 чыт. 1 Вал 19, 9а. 11-13а; Пс 85(84), 9ab-10. 11-12. 13-14.
2 чыт. Рым 9, 1-5.
Ев. Мц 14, 22-33
.

 

Хто такі Пан?

У гісторыі рэлігій і філасофскага мыслення чалавецтва мы бачым вялікую колькасць шляхоў, па якіх чалавек на працягу стагоддзяў ішоў у сваіх пошуках да Бога. Давайце паразважаем пра касмалагічны шлях, які ў якасці зыходнага пункту для пазнання Бога выкарыстоўвае вопыт чалавецтва. Чалавек часта, перш за ўсё з прычыны няўстойлівасці, зменлівасці і выпадковасці спраў гэтага свету, спасылаўся на Бога як на непазбежную аб’ядноўваючую моц.

У такім выпадку можа стацца так, што чалавек, разважаючы пра сутнасць рэчаў, якія ён пазнаў, «створыць сабе» ўяўленне пра Бога, які мае матэрыяльны характар, або стане атаясамліваць Яго з неабмежаванай Уладай. Узнікае спакуса думаць пра Бога як пра таямнічы, уплывовы і магутны прадмет, а значыць атаясамліваць Яго з ідалам. Аднак Святое Пісанне паказвае нам Бога, які адрозніваецца ад чалавека і які не з’яўляецца рэччу, але Асобай, мэтай, чаго мы ні праз пошук, ні праз чаканне, ні праз слуханне ніколі цалкам не пазнаем.


Прысутнасць Пана

Прарок Ілля церпіць пераслед. Яму пагражае смерць. Таму ён бяжыць з царства Ахава ў пустыню, да гары Горэб. Яго «вандраванне» да Божай гары з’яўляецца вяртаннем у мінулае, да вытокаў веры ізраільцянаў, таму што Горэб атаясамліваецца з гарой Сінай. Іллю кліча Пан, які хоча аб’явіцца яму. Пан кажа: «Выйдзі і стань на гары перад абліччам Пана». Але хто ж такі Пан? Звычайна Божая прысутнасць праяўлялася праз вялікі і моцны вецер, праз землятрус або праз агонь. Аднак Ілля не знаходзіць Пана ў гэтых элементах Божага аб’яўлення. І ўсё ж такі там, на гары Горэб, «праходзіў Пан». І Яго прысутнасць праявілася ў павеве ціхага ветру.

Ханаанскі бог Ваал з’яўляўся Богам буры, панам маланак і грому, перад якім трэслася ўся зямля. Аднак Пан не такі, як Ваал. Бога Ягвэ можна адчуць як «шум ціхага ветру». Вось парадокс, які аб’ядноўвае «гук» і «цішыню». Сапраўды, мы адчуваем Бога прысутным і непрысутным, блізкім і далёкім, як гук і як цішыню. Яго «прысутнасць» заключаецца ў тым, што Ён «праходзіць». Ілля разумее, што Бог з’яўляецца неўяўнай і незразумелай таямніцай, якую нельга параўнаць з рэчамі. Ён заўсёды знаходзіцца «па-за» рэчамі і «нашмат перавышае іх».

Бог даецца і адымаецца, Ён з’яўляецца і скрываецца. Бог Іллі — гэта блізкі Бог, які размаўляе з ім і заклікае яго. Аднак Яго аб’яўленне заўсёды  трансцэндэнтнае, звышнатуральнае, таямнічае. Бог знаходзіцца там, дзе чалавек — як Ілля — шукае Яго, аднак Ён не дае сябе схапіць нікому. Бог з’яўляецца сябрам Іллі, спадарожнікам на шляху, хадайнікам, улюбёнцам, аднак Ён заўсёды большы за чалавека, Ён адрозніваецца ад чалавека, для якога Ён з’яўляецца Панам.


Бог ізраільцянаў

Святы Павел калісьці быў фарысеем. Ён ніколі не скрываў свайго юдэйскага паходжання. У яго нават быў «смутак вялікі і няспынна пакутавала сэрца» з-за братоў сваіх, «родных яму паводле цела», таму што яны не паверылі ў Езуса Хрыста. Ён прама кажа, што «хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест братоў».

Ізраільцянаў Бог абраў сваім народам і адкрыў перад імі сапраўдны шлях да збаўлення, «якім належыць усынаўленне, і хвала, і запаветы, і ўстанаўленне законаў, і Божае служэнне, і абяцанні». «…І з іх паводле цела Хрыстус».

Таму ёсць вялікае супольнае духоўнае багацце паміж юдэямі і хрысціянамі: ізраільскі народ з’яўляецца пастаянным коранем хрысціянскага Касцёла, таму што «дары і пакліканне Божае нязменныя» (Рым 11, 29). Паводле апосталаў, як кажа таксама Другі Ватыканскі Сабор, «ізраільцяне ў ласцы праайцоў застануцца вельмі дарагімі для Бога, дары і пакліканне якога непераадольныя». Таму Касцёл асуджае і адвяргае ўсялякую форму антысемітызму і шукае Бога разам з юдэямі, і не для таго, каб стаць спрадарожнікам тых, з каго нарадзіўся Езус Хрыстус.


Божы Сын

Езус накіроўваецца насустрач сваім вучням, «ідучы па моры», што, паводле Святога Пісанна, цалкам натуральна для Бога (пар. Ёв 9, 8; 38, 16). Калі вучні ўбачылі Езуса, які ішоў па мары, яны спалохаліся і ад страху ўсклікнулі і казалі: «Гэта прывід!» Яны не пазналі адразу, што Езус — гэта «Бог з намі» (пар. Мц 1, 23). Езус жа звяртаецца да іх словамі «гэта Я», што азначае самога Бога (пар. Зых 3, 14; Іс 43, 1.3.10–11).

Пётр таксама хацеў мець удзел у божай уладзе Езуса і таму папрасіў Яго, каб таксама мог ісці па вадзе. Езус сказаў яму: «Ідзі!» Аднак Пётр памыляўся, думаючы, што зможа пакінуць сваю чалавечую натуру з яе цяжкасцямі, няўпэўненасцю і абмежаваннямі. Ён думаў, што Езус прыйшоў для таго, каб «вызваліць» чалавека з яго чалавечай сутнасці праз відавочны цуд. Таму, калі пачынае тануць, ён крычыць: «Пане, выратуй мяне!» А Езус папракае яго: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?»

Пётр сумняваўся ў тым, што Езус сапраўды Божы Сын, што Бога трэба шукаць менавіта ў Езусе. «Тыя, хто быў у чоўне» — гэта хрысціянская супольнасць, якая вызнае: «Ты сапраўды Сын Божы!»

Бог прысутны ў Езусе! Мы павінны шукаць Яго не ў цудах, як меркаваў Ілля, а ў благаслаўлёнай, таямнічай і прадбачлівай прысутнасці, з якою Ён назірае за намі ў кожны момант нашага жыцця. А прысутнасць Яго падобная на «павеў ціхага ветру».

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.