Пошук

29.07.2011 01:00  
1 чыт. Іс 55, 1-3; Пс 145(144), 8-9. 15-16. 17-18.
2 чыт. Рым 8, 35. 37-39.
Ев. Мц 14, 13-21
.

 

Слухайце і будзеце есці

Евангелле параўноўвае «шчасце і асалоду» з адчуваннем голаду і смагі. Менавіта таму, што чалавек з’яўляецца свабодным, ён неабмежавана адкрыты на абсалютнае існаванне Бога, а значыць на нязгаснае моцнае жаданне бясконцай таямніцы. У ім жыве натуральнае моцнае жаданне жывога Бога. Таму гора сытым! Гора тым, хто нічога больш не жадае.


Купляйце і ешце

Жыццё чалавека з’яўляецца часам «голаду і прагі» Абсалюту, часам пошукаў і надзеі, часам непрадбачнага і нечаканага. Сучасная культура абяцае, што яна задаволіць нашыя моцныя жаданні маёмасцю, поспехам, забавамі, простымі і практычнымі праўдамі. Гэта метад штодзённай рэкламы, што паказвае твары толькі задаволеных, сытых і самаўпэўненых людзей, якія дасягнулі свайго. Аднак рэальнасць зусім іншая: сёння пануе бязмежная няўпэўненасць, страх, прыгнечанасць, адчай — і гэта менавіта таму, што людзі прагнуць спатоліць сваё моцнае жаданне Абсалюту.

У першым чытанні прарок асуджае тых, хто «адважвае срэбра за тое, што не ёсць хлебам, а працу сваю за тое, чым нельга насыціцца». Прарок выступае ў ролі гандляра, які прадае тавары, што з’яўляюцца дэфіцытам, бо іх няма ў іншых крамах. Ён гандлюе Божым словам. Прарок ведае, што чалавек жыве не толькі хлебам, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых (пар. Дрг 8, 3). Таму словам «есці» і «слухаць» ён надае аднолькавае значэнне, як і выразам «хлеб» і «слова». Божае слова з’яўляецца хлебам, які дае жыццё: «Схіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне, паслухайце і жыць будзе душа ваша. І дам вам запавет вечны».

Бог сваім словам наладжвае вечныя сувязі з чалавекам — непарушны запавет. Запавет гэты не скоўвае, а вызваляе ад усяго і робіць нас здольнымі жыць свабодна. «Сытасць», якую дае Божае слова, не з’яўляецца застоем, поўным апатыі адпачынкам, але новым і жыватворным рухам да абсалютнага Бога.

У псальме каментуецца ўрывак з Кнігі прарока Ісаі: «Блізкі Пан да ўсіх, хто Яго кліча, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе». Гора сытым, якім больш няма чаго прасіць, якія нічога больш не шукаюць. Але гора і тым, хто што шукае толькі хлеб ілюзій і падманлівую ваду фальшывых абяцанняў шчасця.


Любоў, якая перамагае

Хрысціянства не з’яўляецца мараллю ці пэўнай тэхнікай для дасягнення поспеху; хрысціянства проста не з’яўляецца тэорыяй. Як кажа апостал Павел у другім чытанні, хрысціянства з’яўляецца перш за ўсё верай у любоў Хрыста да нас. Хрысціянін, як і кожны чалавек можа зведваць пераслед і смяротную небяспеку, перажываць смутак, адчуваць голад, цярпець галечу.

Аднак ён ведае, што ёсць хтосьці, хто любіць яго: «Над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас».

Таму голад, смага, пераслед, небяспека, галеча ці цярпенне становяцца «другараднымі» і «адноснымі»: «…Ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе», якая ахоўвае нас і вядзе ў бяспечнае месца. Хрысціянства з’яўляецца перш за ўсё верай у любоў Бога, якая дадзена нам у Хрысце, якая не з’яўляецца неэфектыўнай і абыякавай. Наадварот, яна з’яўляецца абсалютнай Божай уладай для нашай карысці. Божая любоў да нас з’яўляецца абсалютнай уладай Бога, які становіцца на наш бок, каб учыніць з нас «больш чым пераможцаў», каб мы адшукалі рашэнне нашых праблем. Хто верыць у Божую любоў, той унутрана сапраўды свабодны, вызвалены ад усяго.


Пяць хлябоў

Перад галодным натоўпам на пустынным месцы вучні раяць Езусу адпусціць народ «купіць сабе ежы». Аднак Езус слова «купіць» замяняе словам «даць», кажучы ім: «Вы дайце ім есці». Эканамічныя законы спараджаюць беднасць і голад. Езус жа жадае грамадства, якое здольна даць усё, што ў яго ёсць. Перад вучнямі ўзнікае праблема: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы». Яны б хацелі быць у дастатку, каб даваць іншым. Аднак Езус паказвае іншы шлях: калі людзі падзеляцца маёмасцю сваёю, калі вызваляцца ад эгаістычнага падыходу да сваёй уласнасці, калі падзеляцца ўсім, што прапануе свет, чалавецтва стане жыць у дастатку, яно вызваліцца ад несправядлівасці, няроўнага размеркавання багацця, што нясе голад і галечу.

Праз гэты цуд Езус дае сваёй супольнасці настаўленне: грамадства не павінна даваць толькі тое, у чым яно мае лішак, але павінна дзяліцца ўсім, што мае. Такім чынам, праз цудоўнае дзеянне Езус выражае прынцып сяброўскай салідарнасці: падзяліцца рэчамі. «І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў». Гэтая заключная заўвага падкрэслівае, што існуе таксама несправядлівы голад, які паходзіць з эгаізму людзей. Надзвычайны дастатак з’яўляецца знакам велікадушнасці. Езус кажа нам маліцца такімі словамі: «Ойча, учыні, каб мы не дазволілі, каб сёння ў каго-небудзь з братоў не было хлеба, які мы, дзякуючы Тваёй шчодрасці, заўсёды маем у дастатку».

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа