Пошук

07.07.2011 01:00  

1 чыт. Іс 55, 10-11; Пс 65(64), 10abcd. 10e-11. 12-13. 14.
2 чыт. Рым 8, 18-23.
Ев. Мц 13, 1-23 альбо карацейшае Мц 13, 1-9
.

 

Плённае слова

Колькі слоў губляецца ў бездані, нібы гэта толькі гукі, якія хутка знікнуць і нічога не пакінуць пасля сябе. Мы ведаем, што некаторыя словы маюць вялікую моц, што яны ўрываюцца ў душу і прычыняюць радасць ці смутак, адвагу ці гора і маладушша. Значыць, словы — гэта не толькі гукі, яны могуць быць «жэстамі» ці «ўчынкамі». Мы можам дазволіць ім падаць у бездань або назапашваць, адмаўляць ці засвойваць, можам шукаць ці забываць іх. Слова, якое з’яўляецца носьбітам «праўды», даецца толькі таму, хто горача жадае яго, хто выбірае яго і прымае.

Слова можа паспрабаваць дабіцца прызнання, аднак яно не прынясе плёну, пакуль не будзе прынята добраахвотна. Пэўным чынам мы «прымаем» нават тое слова, якім не дзелімся з іншымі і якое прыносіць нам боль, якое мы адмаўляем з гневам. Аднак існуюць папрокі, пахвала, нападкі, якія нас не датычаць, бо яны не знаходзяць у нашай душы асяроддзя, у якім маглі б укараніцца. Падобна і з Божым словам. Толькі нашая схільнасць,  жаданне шукаць слова, зразумець і засвоіць яго і воля жыць ім у жыцці можа весці да таго, што яно ў нас укараніцца. Божае слова такім чынам кліча нас да свабоды, пра што сведчаць і прыпавесці са Святога Пісання.

Калі мы вырашым слухаць, то абавязкова зразумеем!


Дзейснасць слова

Першае літургічнае чытанне з’яўляецца цудоўным вершам пра Божае слова. Ізраільцяне ў выгнанні папракалі прарока за прыгажосць яго словаў, якія прыносяць суцяшэнне, аднак з’яўляюцца толькі мараю і мрояй. Прарок пярэчыць, сцвярджаючы, што Божае слова — не пустое суцяшэнне, гэтае слова мае моц мяняць абставіны. Прыпавесць пра дождж і снег паказвае пэўную непазбежнасць: зямля не можа даць пладоў, калі не будзе вады, і таму дождж і снег неабходны для багатага ўраджаю. Так і Божае слова з’яўляецца дзейсным, бо яно, як кажа Пан, «не вернецца да Мяне без плёну, пакуль не споўніць тое, што Я хацеў, і з поспехам не дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго».

У Божым слове няма ні двухсэнсоўя, ні шматзначнасці. Божае слова не прыйшло, каб даваць ці не даваць плады. Калі яно не прыносіць плёну, то гэта ўжо залежыць ад глебы, якая не прыняла яго, ці ад семені, якое было нядобрай якасці. Божая дзейнасць заўсёды адназначная і беспамылкова паспяховая, аднак добраахвотныя адмоўныя адносіны чалавека могуць звесці на нішто Яго канкрэтную сілу. Вобраз дажджу і снегу звязаны з «хлебам для ежы»: пладом з’яўляецца жыццё. Паэт-прарок наўмысна ў тэксце не кажа пра тое, што вада (дождж ці снег) могуць таксама знішчаць і спусташаць. Ён кажа толькі пра станоўчае ўздзеянне і добры плён, які дае вада. Адназначнасць вобразу наўмысная, бо аўтар жадае гэтым падкрэсліць, што Божае слова прызначана дзеля жыцця чалавека. Дзве супрацьлеглыя магчымасці — жыццё і смерць — ніколі не з’яўляліся Божай задумай. Бог жадае выключна і адназначна, каб мы жылі.

Прарок такім чынам падбадзёрвае нас, каб мы не толькі прынялі Божае слова, але і выбралі яго, прынялі як слова, якое мае моц перамяняць нашае жыццё.

У другім чытанні ўвесь урывак з Паслання апостала Паўла засяроджваецца на разважанні пра сучасныя абставіны ў свеце ў адносінах да збаўлення, якое ўжо здзейснілася, і да чакання новага свету. «Стварэнне пакарылася марнасці не добраахвотна, але … у надзеі, што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых». Ужо распачаўся працэс, з якога нараджаецца новы свет, адкуплены свет, які ўжо распачаўся ў нас і ва ўсім створаным. Мы не ведаем, як доўга будзе існаваць свет, што чакае ў будучым, якія чалавечыя дасягненні і перамены могуць здзейсніцца. Аднак мы ведаем, што Бог кіруе ўсім сусветам так, што ў канцы і яго дзеці будуць жыць у хвале, як і Ён.


Плач стварэння

Не будзем рабіць «рызыкоўных прыжкоў», каб убачыць сувязь паміж гэтым урыўкам і тэмай Божага слова, пра якую апавядаецца ў першым чытанні і якая паўтараецца ў сённяшнім Евангеллі. Аднак усё ж такі ў межах нашага разважання скарыстаем з цудоўнага ўрыўку з Паслання апостала Паўла.

Божае слова, уцелаўлёнае ў нашыя чалавечыя словы, стала «складальнай часткай» стварэння: яно нясе ў сабе абяцанне новага свету. Толькі той, хто дабравольна і з вялікай гатоўнасцю давярае Божаму слову, адкрые, што яно выразнае, дакладнае, шта яно нясе ў сабе вялікі скарб — нашу прыгожую будучыню ў хвале, якую нам абяцаў Бог. Гэта і ёсць слова, якое насуперак нашаму гору і смутку гэтага свету, скажонага грахом, прыносіць надзею, якая нас не падмане. Гэты свет назаўсёды збавіў Езус і адкрыў яму шлях будучай славы, якая ўжо сёння прысутнічае ў нас праз Духа Святога.

Прыпавесці ўяўляюць сабою зашыфраваныя складаныя разважанні, якія здзіўлялі нават апосталаў. Яны не разумелі іх. Таму пыталіся ў Езуса, чаму Ён прамаўляе да іх у прыпавесцях. Езус кажа ім у адказ: «Таму кажу прыпавесцямі, што яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць». Прыпавесці з’яўляюцца намёкамі, апавяданнем у закрытай форме, якое заклікае слухача задумацца над ім. Яны яскравыя і празрыстыя для таго, хто вырашыў пайсці ўслед за Езусам і хто шчыра Яго шукае. Аднак яны незразумелыя для тых, хто давярае толькі сваім пачуццям і не імкнецца да пошуку і пазнання. Прыпавесць патрабуе і чытачоў і слухачоў, якія ўжо выбралі Хрыста. Таму Езус кажа: «Кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае». Гэта можна патлумачыць і наступным чынам: хто жадае мець, у таго будзе; хто не жадае, каб у яго было, не атрымае нічога. Бо праўда Божая, укрытая ў Божым слове, — гэта дар, які атрымлівае толькі той, хто жадае яго, хто шукае і прымае яго.


Сейбіт

Зямля, на якую падае зярнятка Божага слова, разнародная. Яна сімвалізуе розныя тыпы людзей. Бог кліча ўсіх, Ён да ўсіх праяўляе аднолькавую ўвагу. Ён сее сваё слова на ўсіх людзей, не робіць розніцы, не судзіць несправядліва. Аднак людзі рэагуюць па-рознаму.

Дарога з’яўляецца сімвалам чалавека, які «не разумее» Божае слова, а гэта значыць, што ён яго не засвоіць, не прыме ў сваё сэрца як найвышэйшае дабро, не будзе лічыць яго сваёй жыццёвай нормай. Вуліца — гэта публічнае месца, часта напоўненае чалавечай цікаўнасцю, паклёпамі, размовамі і несур’ёзнасцю. Аднак Божае слова павінна ўвайсці ў глыбіню душы, у сэрца, каб чалавек захоўваў яго там.

Камяністыя месцы азначаюць несур’ёзнага чалавека, які хутка натхняецца, але не можа выстаяць перад спакусай і цяжкасцямі. Гэта чалавек непастаянны. Ён лёгка загараецца і лёгка здаецца. Гэта чалавек без каранёў, без глыбіні.

Церні азначаюць чалавека, які дазваляе, каб ім авалодалі клопаты гэтага веку і багацце. Людзі такога тыпу гоняцца за ўсімі прывідамі моды, прапаганды, рэкламы — і гэтае слова яны ў сабе «заглушаюць».

Добрая зямля азначае чалавека, які разумее Божае слова, засвойвае яго, лічыць нормай свайго жыцця, жыве ім і сілкуецца.


ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 02.06.2020 23:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.