Пошук

30.06.2011 01:00  

1 чыт. Зах 9, 9-10; Пс 145(144), 1-2. 8-9. 10-11. 13cd-14.
2 чыт. Рым 8, 9. 11-13.
Ев. Мц 11, 25-30
.

 

Ціхі і пакорны сэрцам

На думку сучасных людзей, не вельмі добра гучаць такія паняцці, як цішыня, умеркаванасць і пакора. Нашмат больш шануецца асоба з моцным характарам, гордая, упэўненая ў сабе. Калі нехта ў сённяшнім грамадстве хоча зрабіць кар’еру, то павінен умець прабіваць сабе дарогу.

Насуперак таму, што многія патрабуюць, каб спынілася насілле і было здзейснена раззбраенне, гонка ўзбраення ўвесь час павышаецца, становіцца больш небяспечнай і рафініраванай. Усе сцвярджаюць, што стаяць на баку слабых, а з-за эгаістычных паводзінаў людзей колькасць абяздоленых павялічваецца. Жыццё, на думку некаторых, з’яўляецца больш ці менш жорсткай «барацьбой» адных супраць іншых.

Калі мы разумеем жыццё як барацьбу і канкурэнцыю, відавочна, што цішыня, умеркаванасць і пакора сэрца не карыстаюцца ў людзей усеагульнай папулярнасцю, яны лічацца слабасцю і перапалоханасцю. Такое меркаванне ўзнікае таму, што “ісціна” перасоўваецца на задні план, на першае ж месца ставіцца поспех, улада, багацце. У сапраўднасці ж ціхім і пакорным можа быць той, хто моцна верыць у сілу “ісціны”.


Справядлівы і пакорны Месія

Прарок Захарыя заклікае нас з радасцю чакаць прыходу Месіі: “Радуйся, дачка Сіёну, весяліся, дачка Ерузалема!” Бо толькі з прышэсцем Збаўцы свет можа здабыць справядлівасць. Аднак справядлівасць гэтая будзе ўстаноўлена не праз вайну і насілле. Месія не будзе каралём і не сядзе на мула, як гэта рабілі каралі. Ён сядзе на асла, бо прыйшоў, каб “судзіць”, а значыць каб прынесці ісціну, якая дапаможа адкрыць мысленне людзей.

Месія “абвесціць мір народам” і будзе валадарыць ад мора да мора, аж да канцоў зямлі. І гэта будзе не патомак з роду Давідавага, а сам Бог. Яго валадаранне будзе без насілля, уціску, бо Ён – справядлівы і пакорны. Прарок малюе вобраз справядлівага Месіі, які для ўсталявання свайго Валадарства не будзе карыстацца ні палітычнай, ні ваеннай сілай. У 11 вершы дадаецца, што Месія-Збаўца заключыць дамову са сваім народам.

Божы народ запрашаецца жыць у радасці, у пакорным мысленні, у супакоі, які зыходзіць з веры ў прысутнасць Божай вызваленчай сілы. Езус не мае ўлады, якую маюць багатыя і моцныя гэтага свету, аднак Ён мае збаўленчую моц. Езус паказвае, што мы павінны выбіраць Божую сілу, якая заўсёды вызваляе, а не ўладу людскую, якая прыцясняе.

Жорсткасць сэрца, прадузятасць і бязлітаснае кіраванне з’яўляюцца плёнам эгаізму, плёнам таго, што апостал Павел называе “ўладаю цела”. Пад “целам” тут разумеецца эгаізм чалавека: калі вы “жывеце паводле цела”, -- кажа Павел, -- “то памрэце”. Эгаіст не шукае дабра іншых, не ахвяруецца дзеля іншых. З эгаізму нараджаецца пыха, жорсткасць і насілле. Эгаізм з’яўляецца сапраўднай супрацьлегласцю пакоры, цішыні ў сэрцы, якія з’яўляюцца плёнам любові.

Хрысціянін – гэта чалавек, у якім “жыве дух Божы”, “Дух Хрыста”. “Дух” азначае шлях і моц, здольнасць жыць і любіць, ахвяраваць сябе дзеля дабра іншых. Езус, даўшы нам Духа свайго, зрабіў нас здольнымі быць ціхімі і пакорнымі сэрцам.

Дух Езуса дае нам магчымасць жыць вечна, ён уваскрасіць нас з памерлых, як і ўваскрасіў Езуса. Пладамі Духа з’яўляюцца любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, міласэрнасць, устрыманне (пар. Гал 5, 22). Улада Духа – гэта не поле бою, гэта месца пакорных людзей, якія ўмеюць любіць і бескарысліва ахвяроўваць сваё жыццё дзеля жыцця іншых.


Прыйдзіце да Мяне ўсе

Езус прапануе сябе як крыніцу і ўзор жыцця. Ён запрашае да сябе: “Прыйдзіце да Мяне ўсе”. Ён кажа, што ведае таямніцу “закону”, які збаўляе, а не “ярмо” (у габрэяў ярмо азначала Тору), якое знявольвае і прыгнятае: “Вазьміце на сябе ярмо Маё”. Рабіны казалі пра “ярмо запаведзяў”, каб паказаць, як цяжка захоўваецца Закон. У часы Езуса выраз “схіліць галаву пад ярмом мудрасці” азначаў строгае захаванне Закону ў сваім жыцці.

Езус уваходзіць у Тору са “сваім” ярмом, якое не з’яўляецца цяжкім і не прыгнятае. Наадварот, яно лёгкае і добрае, бо Езус не жадае валадарыць над іншымі ці прыгнятаць іх. Ён – слуга для ўсіх, Ён шукае дабра кожнага. Езус сапраўды “ціхі і пакорны сэрцам”. Аднак гэта не азначае, што Ён легкадумна ставіцца да Закону. Ён пакідае яго, нават выстаўляе радыкальныя патрабаванні і не прызнае ніякіх кампрамісаў.

Толькі ў Езуса мы можам навучыцца сапраўднай Торы, якая не з’яўляецца цяжарам, не знявольвае, не прыгнятае. “Ярмо” штодзённага жыцця можа стаць лёгкім і прыемным, калі мы трывала будзем наследаваць Хрыста.

Вучыцца ў Хрыста – гэта значыць перш за ўсё прыняць адкрыццё, праз якое Ён дае нам пазнаць Бога як Айца і Яго як Сына Айца: “Ніхто не ведае Сына, акрамя Айца; і Айца ніхто не ведае, акрамя Сына, і каму Сын захоча адкрыць”. Гэта і ёсць пазнанне, якое можа карэнным чынам перамяніць нашае жыццё.


ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 01.06.2020 23:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.