Пошук

24.06.2011 01:00  

1 чыт. 2 Вал 4, 8-11. 14-16а; Пс 89(88), 2-3. 16-17. 18-19.
2 чыт. Рым 6, 3-4. 8-11.
Ев. Мц 10, 37-42
.

Міласэрнасць і эгаізм

У чалавека шмат відаў «любові», якія вакол яго. Да іх належаць сіла, радасць, але і такія, якія прыносяць з сабой цярпенне, цяжкасці штодзённага жыцця. Некаторыя віды «любові» авалодаюць намі моцна і нечакана, але потым знікнуць. Іншыя застаюцца, хоць яны фрустрыраваныя і незадаволеныя. Яшчэ адны ўкараняцца ў «патаемных» месцах нашага ўнутранага свету, куды мы іх загналі, але адтуль яны аднойчы абрынаюцца на нас больш або менш моцна і выклікаюць у нас пачуццё страху і розныя перашкоды. Але ёсць і іншыя «віды любові», якім мы дазваляем жыць у сабе.

Нашай штодзённай спакусай з’яўляецца паддацца гэтым «відам любові», якія абрынаюцца на нашу свядомасць, часам слабей, часам мацней; яны спакушаюць нас ісці за імі і дазволіць ім кіраваць намі без таго, каб мы імкнуліся выбраць з іх. Усе гэтыя «віды любові» ў нас крыху шалёныя, бяздумныя ў тым сэнсе, што непазбежна нясуць з сабой некаторую двухсэнсоўнасць і пэўную дозу неразумнасці. І скажыце, ці не праўда, што мы ў штодзённым жыцці адчуваем спакусу хоць крыху «паддацца» гэтай неразумнасці і двухсэнсоўнасці?

Колькі адвагі патрэбна для таго, каб мы заўсёды ззялі, былі разумнымі і адназначнымі? Іншымі словамі, як гэта цяжка — быць сапраўды свабоднымі і верыць у разумную і адказную свабоду! А менавіта гэта і ёсць адзіны спосаб, як па-чалавечы жыць, значыць, разумна і адказна выбіраць, што мы будзем любіць або «прадавацца» розным відам любові, якія з’яўляюцца ў нашым жыцці. На самой справе, гэтыя прывязваючыя «віды любові» вельмі падобныя да эгаізму. Але сапраўдная свабода праяўляецца ў міласэрнасці.


Дар мацярынства

У Чацвёртай Кнізе Валадарстваў гаворыцца, што адна багатая жанчына з Санама, якая выйшла замуж за пажылога мужчыну, але засталася бяздзетнай, велікадушна сустракала прарока Елісея. Яна запрасіла яго сесці за стол і прапанавала яму маленькі пакой у доме, з ложкам, сталом, крэсламі і свяцільнікам, дзе ён мог бы адпачыць. Гэтая жанчына паставілася да беднага і адзінокага Божага мужа па-мацярынску: Божы муж, уласна кажучы, заўсёды з’яўляецца крыху «дзіцём», без свайго дома, без працы, якая забяспечвала б яму эканамічную самастойнасць , і без сваёй уласнай сям’і. Яе паводзіны з’яўляюцца сапраўдным духоўным мацярынствам, якое праявілася як вельмі пяшчотнае здзяйсненне добрых учынкаў міласэрнасці і бескарыслівай велікадушнасці.

Гасціннасць гэтай жанчыны ў адносінах да «святога» прарока становіцца для яе крыніцай благаславення, якім напаўняецца яе самае моцнае жаданне — мацярынства. Яна атрымала дар, на які больш не спадзявалася, і таму адказвае яму: «Не, пан мой, чалавек Божы, не падманвай рабы тваёй!» Яна не хоча жыць у ілюзіях, не хоча аддавацца нязбытным марам, але ўсё ж такі верыць у Божае слова, у абяцанне, якое прамовіў прарок. І Пан выканаў яе просьбу.

Падобна як у выпадку з Абрагамам, і гэты сын санамскай жанчыны з’яўляецца плёнам Божага абяцання. Падобна таму, як Бог Айцец запатрабаваў ад Абрагама, каб той ахвяраваў Яму свайго сына Ісаака, але потым вярнуў яго, і сын гэтай жанчыны памрэ, але потым Елісей уваскрэсіць яго і зноў падорыць маці. Гэта — іспыт веры! Бог бескарысна падарыў жанчыне сына. Але яе высакароднасць не дае ёй права і не апраўдвае яе патрабаванняў. Бог хоча ад нас любові і бескарыснай міласэрнасці, без абмену «павінен даць — даў», плёнаў чыстай велікадушнасці. Такім чынам, калі Бог бярэ, то не для сябе а толькі таму, каб нам зноў усё падарыць, а менавіта спосабам, у якім мы пазнаём абсалютную бескарыснасць Яго любові.


Мёртвыя для эгаізму

Смерць Езуса была наступствам граху і чалавечага эгаізму, які дасягнуў вышэйшай ступені жорсткасці. Але Бог уваскрасіў Езуса і знішчыў грэх. Цяпер Езус, які «ўваскрос з памерлых у хвале Айца», больш не памірае, і «смерць над Ім ужо не пануе». Уваскрослы Хрыстус перамог грэх і цяпер жыве ў Богу, значыць, жыве з Ім тым жа самым вечным і непарушным боскім жыццём. «Моц» уваскрослага Езуса мацней за смерць, гэта — моц жыць сваё жыццё цалкам і навекі, або жыць Божым жыццём.

Апостал Павел кажа, што праз хрост мы сталі саўдзельнікамі ўваскрасення Езуса з мёртвых, бо разам з Ім «мы былі пахаваны ў смерці». Значыць, і мы павінны думаць, што «памерлі для граху і жывём для Бога ў Езусе Хрысце».

Але гэта не значыць, што мы сталі стойкімі супраць граху, наадварот, грэх нас спакушае і небяспечна нам пагражае, строячы нам смяротныя падкопы. Святы Павел хоча сказаць, што Езус сваёй перамогай над грахом далучыў нас да сябе да такой ступені, да якой мы з Ім з’ядналіся, і будзем разам з Ім жыць Божым жыццём і пераможам грэх. Езус Хрыстус вызваліў нас ад граху, ад безнадзейнага рабства і ад неабходнага зла. Няма ніякага непераадольнага інстынкту, якому мы не маглі б сказаць «не». Значыць, мы вольныя і не існуе нейкай сляпой «любові да зла», якая насуперак нашай волі цягне нас да граху. Важна толькі тое, каб мы ззялі, каб мы былі адказныя, уважлівыя, каб мы чувалі разам з Езусам, які сапраўды можа прывесці нас да змянення жыцця і да таго, каб мы жылі для Бога. Але калі мы абяром сябелюбства, свой эгаізм і думку, што выратуем сябе ўласнымі сіламі, потым мы будзем сапраўды згубленымі і асудзім сябе на сумнае, безнадзейнае і бясплённае жыццё.


Вялікая любоў

Здаецца, што самым «старым», самым моцным і самым натуральным відам любові з’яўляецца любоў бацькі або маці да дзяцей і любоў дзяцей да бацькоў. Але бацькоў мы сабе не выбіраем, і яны не выбралі нас, проста яны хацелі, каб у іх было дзіця. Але Езус кажа: «Хто любіць бацьку або маці больш, чым Мяне, не варты Мяне; і хто любіць сына або дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне». Езус патрабуе «вялікай» любові, любові, якая нараджаецца па ўласным выбары нашай адказнай і разумнай свядомасці. Ён патрабуе ад нас любові, якая не ўкаранілася ў інстынкце, любові, якую мы атрымалі ўжо «ад прыроды», хоць яна мае свае карані ў ласцы, якую Езус дае кожнаму чалавеку.

Гэта значыць і тое, што Езус як у дачыненні да бацькоў, так і да дзяцей, пастаянна патрабуе любові, якую мы свабодна абралі, любові рашучай, разважлівай, любові, якая канчаткова злучае нас з Ім. Інакш гэта не сапраўдная любоў, а толькі інстынкт, прыхільнасць, сімпатыя, ірацыянальная схільнасць, разумова неабгрунтаванае пачуццё. Тлумачэнне, уласна кажучы, даецца наступным чынам: «Той, хто збярог душу сваю, згубіць яе». «Згубіць сваю душу» — значыць «узяць свой крыж»: неабходна адрачыся ад сваёй волі кіраваць самім сабой, якая становіцца адзіным крытэрыем выбару, значыць, вышэйшай мэтай жыцця. Езус дадае, што трэба «ісці за Ім» і «згубіць душу дзеля Яго». Справа ў тым, каб мы абралі тое, што Ён абраў, каб у нас было тое, што было ў Яго, і каб мы былі такімі, якім быў Ён.

Сапраўднае значэнне выразаў «несці крыж», «згубіць сваю душу» і «ісці за Хрыстом» азначае выйсці са свайго эгацэнтрызму і з’яднаць сваё сэрца з Езусам. Калі мы з’яднаем з Ім наша сэрца, то потым зможам свабодна, разумна і палка любіць і не паддавацца інстынктыўным «відам любові», больш або менш рацыянальным, якія часта бываюць эгаістычнымі і прыводзяць да бязлітаснасці. Дзейнічаць так, як Езус тлумачыць «запаведзь» прымаць місіянераў Евангелля («хто вас прыме…»), прарокаў, справядлівых, маленькіх вучняў Езуса: важная перш за ўсё любоў паміж хрысціянамі, прычым «справядлівым» надаецца значэнне «хрысціяне» (пар. Мц 13, 17).

Любоў, якую мы абралі і для якой свабодна вырашылі з’яднаць наша сэрца з Езусам, павінна велікадушна праяўляцца перш за ўсё ў хрысціянскай супольнасці. Калі хрысціянская супольнасць будзе паводзіць сябе такім чынам, яна робіцца для ўсіх заўважным знакам новай і выключнай здольнасці любіць, якая паходзіць ад яе Пана, Езуса Хрыста.

Абноўлена 31.05.2020 12:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця