Пошук

17.06.2011 16:03  

1 чыт. Зых 34, 4b-6. 8-9; Пс Дан 3, 52. 53 i 54. 55 i 56.

2 чыт. 2 Кар 13, 11-13.

Ев. Ян 3, 16-18.

Сапраўдны твар Бога

Касцёл — гэта супольнасць людзей, якія шукаюць Бога. Яны не шукаюць ні ўлады, ні грошай, ні прэстыжу, ні забаваў, ні славы. Наадварот, шукае ўсяго гэтага той, хто не верыць. Але хрысціяне павінны адрозніваць і асуджаць гэтыя рэлятыўныя, адносныя каштоўнасці, калі яны перашкаджаюць адзінаму, што ў жыцці неабходна, — шуканню Бога. Усю гісторыю Касцёла можна было б нанава перачытаць з пункту гледжання гэтага бесперапыннага і нястомнага пошуку Бога.

Усе гэтыя пошукі — гэта і наша маленькая асабістая гісторыя, гісторыя хрысціян, якую перажываем на працягу літургічнага года.

Пачынаючы з Адвэнту, праз дні Божага Нараджэння, па шляху Вялікага посту ажно па сённяшняе свята Найсвяцейшай Тройцы мы шукалі Божы твар, і Бог выйшаў нам насустрач, апярэдзіўшы нашы жаданні, прыйсцем свайго Сына Езуса Хрыста (Божае Нараджэнне — Вялікдзень) і дарам свайго Духа (Спасланне Духа Святога). Як Сын, так і Дух даюць нам даведацца, што Бог — гэта і Айцец.

Сённяшняя ўрачыстасць з’яўляецца як быццам «сукупнасцю» зыходнай і выключнай таямніцы ўсіх створаных рэчаў, якія мы ўзгадваем прыблізна ў палове літургічнага года. У дзень Спаслання Духа Святога мы задумваліся над з’яўленнем Духа, якое ажыццявіў Езус. Сёння мы задумваемся над з’яўленнем Айца, пасрэднікам чаго быў Езус. У пачатку ўсіх створаных рэчаў стаіць Трыадзіны Бог — Найсвяцейшая Тройца — які з’явіўся ў зямным жыцці ў гісторыі Езуса Хрыста як Айцец, Сын і Дух Святы. Давайце звернем нашу ўвагу перш за ўсё на Божае айцоўства.

Міласэрны і ласкавы Бог


Майсею (Зых 34, 49) з’явілася Найсвяцейшая Тройца не дакладна і не ў сваёй сутнасці. Але калі мы, хрысціяне, чытаем старазапаветны тэкст з Кнігі Зыходу, мы даведваемся, што Бог, які з’явіўся Майсею, ніхто іншы, як Бог, які даў нам аб сабе даведацца праз Хрыста. Бог дае Майсею пазнаць сваё «імя», інакш кажучы, свой інтымны характар, наступнымі словамі: «Пан, Пан, Бог чалавекалюбівы і міласэрны, доўгацярплівы і шматміласцівы і праўдзівы». Прыметнік «міласэрны» (па-яўрэйску rahum) выводзіцца з кораня, які ўтварае і выраз rеhеm («матчыны калені»): карціна, якая тут паўстае, з’яўляецца вобразам пяшчоты маці, якая з любоўю клапоціцца аб сваіх дзецях. «Чалавекалюбівы» (па-яўрэйску hannun) трэба разумець як вобраз цара, які павінен быць уважлівым і клапатлівым у дачыненні да патрэбаў і ўсклікаў свайго народа.

Бог тут апісваецца не як «fascinosum et tremendum», або як «боскі», значыць такім чынам, як Яго разумелі ў гісторыі рэлігій. Гэта — Бог, «багаты на памяркоўнасць і вернасць» у адносінах да свайго народу. Сцісла мы б сказалі, што Бог тут з’яўляецца Майсею як пяшчотная, клапатлівая, памяркоўная і верная Любоў.

Вышэйзгаданыя прыметнікі, якімі характарызуюцца адносіны Бога да людзей, мы не можам разумець на шкоду абсалютнага багацця Божага жыцця, якое не павінна ні ў якай ступені змяняцца, ні зменшыцца, ні вырасці. Нязменнасць Бога не значыць, што Бог «абыякавы» да лёсаў людзей. У сувязі з гэтым правільны пункт гледжання прыняла Міжнародная тэалагічная камісія: «У нашы дні чалавек марыць аб бостве і шукае боства, якое было б усемагутным, але і такім, якое не аказалася б абыякавым; але наадварот, яно было б поўным спачування да чалавечай беднаты… Хрысціянская пабожнасць заўсёды выключала думку аб бостве, якое было б абыякавым да таго, чым жывуць яго жывыя істоты».

З іншага боку, сам Езус з’явіў нам «пакутлівы бок любові», з якой прыходзіць Бог і шукае нас, аказвае нам сваю міласэрнасць, прабачае нам і прыносіць збаўленне. Бог Майсея — гэта жывы, асабісты і свабодна любячы Бог.

Бог любові

Апостал Павел, вялікі знаўца Святога Пісання, асветлены пазнаннем Езуса Хрыста, зноў задумваецца над «Богам любові і міру», над «ласкай» (або бескарыснай дабрынёй) Езуса Хрыста, над «Божай любоўю» і над жаданнем быць у супольнасці з Духам Святым. З’яўленне ў дзень Пяцідзесятніцы дазваляе Паўлу, так бы мовіць, фармуляваць дэфініцыю Бога як любові. Калі ўзнікае хрысціянства, дзейнічае Найсвяцейшая Тройца, якая з’яўляецца любоўю. Таму Апостал настойліва падкрэслівае брацкую любоў як перайманне і ўдзел у любові Трыадзінага Бога: «Браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайце, будзьце адзінымі ў думках, мірнымі: і Бог любові і міру будзе з вамі. Вітайце адно аднаго святым цалаваннем». Бог знаходзіцца ў гэтым свеце ўсюды, дзе жывуць людзі! З гэтага выплывае наша радасць: «Радуйцеся!»

Бог — заўсёды любячы, міласэрны і добры, верны і сумленны. З Трыадзінага Бога ўтвараецца «ласка», любоў і супольнасць, якія ствараюць хрысціянскае жыццё. Як у знаку крыжа мы сімвалічна абдымаем усю сваю асобу зверху ўніз і злева направа, звяртаючыся да Тройцы, так і Айцец, Сын і Дух Святы нас «абдымаюць» ва ўсім нашым быцці, ад пачатку да канца, у «ласцы» Сына, у любові Айца і ў супольнасці з Духам Святым.

Гэтак жа Бог з’яўляецца Богам, які любіць, як і мы можам «рэалізаваць» сябе і поўнасцю ажыццяўляць сэнс нашага чалавечага існавання толькі ў такой любові, якой з’яўляецца Божая любоў, якую нам адкрыў Езус Хрыстус. Езус у сапраўднасці той, хто дае нам даведацца, што Бог з’яўляецца Айцом і што «супольнасць» утвараецца з Яго Духа.

Айцец спасылае Сына

Айцец з’яўляецца пачаткам, крыніцай і прычынай боскага жыцця, калі казаць недасканалай чалавечай мовай. Айцец з’яўляецца недаследаванай таямніцай Прычыны, якая нараджае Адзінароднага Сына. Воля Айца з’явіцца ad extra, паказацца знешне, ажыццявілася па Яго вечным плане ў Езусе Хрысце, Яго Сыне, які стаў чалавекам: Ён з’яўляецца поўнай перадачай, уручэннем Айца і Духа чалавецтву, як кажа св. Ян: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае».

Усё гэта ўтвараецца з цалкам свабоднай і бескарыснай Божай любові, якая ажыццяўляецца ў місіі Сына і мае сваёй мэтай тое, каб людзі сталі дзецьмі Божымі. Бог з самага пачатку і першым думаў аб сваім Сыне, Езусе Хрысце. У сувязі з гэтым Ён думаў і аб нас, «прадвызначыў нас», каб мы сталі Яго дзецьмі: Ён «стварыў» свет, маючы на ўвазе нас.

Бог хоча выратаваць свет: «Бо не спаслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет выратаваны быў праз Яго». Бог стварыў свет не для таго, каб чалавек увесь час прыкладаў намаганні ў сізіфавай працы, якая паўтараецца і ніколі не заканчваецца, або як бясконцая тканіна Пенелопы. Бог стварыў усё толькі з адной мэтай і з дакладным намерам: Ён спаслаў свайго Сына ажыццявіць гэтую мэту — каб мы «жылі» і каб сталі Яго дзецьмі. І з прыйсцем Езуса да нас прыйшло і ўжо ажыццяўляецца збаўленне свету.

Бог Айцец дае нам усё, бо Ён падарыў нам Сына і Духа. Цяпер ад нас залежыць, паверым мы ці не, або прымем мы і прызнаем ці адпрэчым і не паверым: «Той, хто верыць у Яго, не судзіцца, а няверуючы ўжо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага».

Ажыццяўленне плану Бога Айца залежыць ад нашага свабоднага далучэння да яго. Калі мы верым, тады мы згодныя з тым, што Бог нас зрабіў сваімі дзецьмі. Калі мы не верым, мы асуджаемся на тое, з чаго няма выйсця, мы асуджаемся на падзенне і пракляцце свайго існавання. Калі мы слухаем тое, што абвяшчае сучасная культура, якая навязвае нам страх і падазронасць у адносінах да Бога і хоча ўпэўніць нас у тым, што Бог з’яўляецца толькі нашай прыдумкай, мы паддаемся бессэнсоўным забабонам, што Бог — канкурэнцыя для чалавека, што правільна і добра толькі тое, што робім мы, што сапраўдным жыццём з’яўляецца наша абмежаванае, сумнае існаванне ў адзіноце. Але калі мы верым у Найсвяцейшую Тройцу, мы адкрываем сябе бязмежнаму гарызонту Бога, якому аддаём найвышэйшую пашану і які, кіруючыся бясконца адданай любоўю да нас, спаслаў свайго Сына, каб зрабіць нас сваімі дзецьмі.

Абноўлена 30.05.2020 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа