Пошук

10.06.2011 01:00  

1 чыт. Дз 2, 1-11; Пс 104(103), 1ab і 24ac. 29bc-30. 31 і 34.
2 чыт. 1 Кар 12, 3b-7. 12-13.
Ев. Ян 20, 19-23
.


Дух Стварыцель

 

Што стала прычынай узнікнення свету? Гэтае пытанне заўсёды непакоіла выдатных мысліцеляў і вучоных. «Свет» — гэта таксама гісторыя чалавецтва, і таму гэтае пытанне датычыць і яе. Датычыць у тым сэнсе, што яе можна разумець або як замкнёнае кола, у якое не можа ўвайсці ніхто, акрамя чалавека, або як «прасякнутую» стваральнай сілай, што ажыўляе яе, кіруе ёю, ратуе ад агоніі і ўпадку, на якія іх, відавочна, асуджае эгаізм і насілле людзей.

Хрысціянская вера вучыць нас, што ў пачатку, калі ствараўся свет, прысутнічаў Бог, у Тройцы адзіны, які хацеў явіцца чалавеку: «стварэнне» — гэта яўленне Бога звонку, якое здзяйсняецца цалкам праз людзей, якія створаны ў Хрысце і праз Хрыста. Увесь створаны свет, а значыць уся гісторыя чалавецтва, бяруць свой «пачатак» у Тройцы, адзіным Богу.

Сёння мы святкуем урачыстасць Духа Божага, які з’яўляецца Духам Езуса Хрыста і Айца, Духам Стваральнікам, крыніцай жыцця і існавання ўсяго свету. Другі Ватыканскі Сабор запэўнівае, што і сёння «Божы Дух, які з цудоўнай прадбачлівасцю кіруе хадой часу і аднаўляе аблічча зямлі, дапамагае эвалюцыі» (пар. Gaudium et spes, 26).


Дар Духа

У тэкстах з Дзеяў Апосталаў пра першае сашэсце Духа Святога апавядаецца, што ў Ерузалеме жылі людзі, якія гаварылі на ўсіх мовах, людзі з усіх народаў: «Былі ў Ерузалеме юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам».

Першая Пяцідзесятніца ўключае не толькі габрэяў, а ўсіх пабожных людзей з усяго свету: «І напоўніліся ўсе Духам Святым». Дух прысутнічае ва ўзнікненні ўсяго створанага, а значыць ва ўсім чалавецтве. Тут сцвярджаецца, што Дух «фарміруе» Касцёл, запрашае і прымае ў яго людзей усіх нацыянальнасцяў, якія жывуць пад адным небам. У дзень сашэсця Духа Святога нараджаецца Божы народ, Касцёл, які абвяшчае «на ўсіх мовах пра вялікія справы Божыя». Моцаю і мудрасцю Духа Святога кожны чалавек становіцца здольным прапаведаваць на сваёй мове вялікія чыны Пана. Тут гаворка ідзе не пра «асаблівы дар» — здольнасць размаўляць на розных мовах, а найперш пра веру, якая абвяшчае і вызнае дзіўныя справы Божыя. Дар моваў уключаны ў гэтае асноўнае і «стваральнае» дзеянне Духа, з якога нараджаецца вера і, адпаведна, Касцёл.

Тыя, на каго сышоў Дух, «былі ўсе адзінадушна разам». Гэта мае сваё тэалагічнае значэнне. Яно паказвае, што істотнай дзейнасцю Духа з’яўляецца яднанне веруючых у Хрыста ў адзін народ. «Шум з неба, нібы павеў моцнага ветру» з’яўляецца тыповым элементам Божых умяшальніцтваў, апісаных у Святым Пісанні. «Вогненныя языкі» з’яўляюцца сімвалам Божай прысутнасці, якая ў Бібліі часта сімвалічна выражаецца праз агонь.


Дух Хрыста ў Касцёле

Дух дзейнічае ў справе нараджэння Касцёла, і з Ім яднаюцца ўсе элементы ўстановаў, неабходных Касцёлу. Дух дзейнічае ў нараджэнні веры Касцёла ў Езуса як Пана. «Ніхто не можа сказаць „Езус — Пан“, калі не будзе ў Духу Святым».

Дух дзейнічае і ў справе ўзнікнення розных харызмаў, г. зн. дароў і ласк, якія даюць магчымасць кожнаму рэалізаваць сябе паводле Божай волі (хоць выраз «для агульнай карысці» лепш разумець як «для ўласнай карысці»). І тут, «служэнне» — для агульнай карысці, а «харызма» — асаблівае праяўленне Духа, які дае хрысціяніну здольнасць здзяйсняць сваё пакліканне. Дух чыніць з нас цела Хрыста, яднаючы многія члены цела з адной галавой, і стварае такім чынам адзіны святы Божы народ.

Тое, што ў Касцёле мы называем «інстытутам, установай», ідэнтычнае з тым, што мы называем «цела» або «Божы народ». Такім чынам, нельга аддзяляць інстытут ад Духа. Таксама інстытут (Божае слова, Новы Запавет, Эўхарыстыя, сакрамэнты і харызмы) маюць свой «пачатак» у Духу, які з’яднаў яго з Езусам Хрыстом. Касцёл жа з’яўляецца Яго жывой памяццю і чаканнем Яго ў поўным даверы.

Таму Дух Хрыста дае магчымасць жыцця Божага народа, дае яму «згуртаванасць», адкрывае яму шлях да блізкай еднасці з Богам, робіць яго здольным жыць так, як жыў Езус, і чакаць прышэсця свайго Пана, даручае яму абвяшчаць усім людзям добрую вестку Езуса Хрыста. Сашэсце Духа робіць з Касцёла Божае «стварэнне», ажыўляе яго, клапоціцца пра яго, пастаянна абнаўляе і амаложвае.


Вы атрымаеце Духа

Езус аб’яўляе сябе апосталам у дзень Пасхі, калі яны сабраліся ў месцы Апошняй Вячэры за дзвярыма, «замкнёнымі ад страху перад юдэямі». Езус прыйшоў і стаў сярод іх. Уваскрослы Пан пастаянна прысутнічае ў сваім таварыстве. Езус «паказаў ім рукі і бок»: Касцёл не можа забываць пра гістарычнага Езуса, ён павінен увесь час ажыўляць памяць пра Яго мукі і смерць.

Увесь характар Касцёла засноўваецца на таямніцы Езуса Хрыста і на Яго збаўчай справе ў гісторыі. Касцёл не павінен забываць пра муку і смерць укрыжаванага Хрыста, з рабра якога ён нарадзіўся. Касцёл цалкам залежыць ад Хрыста, які напаўняе яго сваім супакоем: «Супакой вам!». Гэта не проста прывітанне, гэта перадаванне месіянскага дару «супакою» Касцёла, а значыць Божага жыцця і збаўлення.

«І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога». Гэты Дух становіцца пачаткам і «зачыншчыкам» Касцёла праз тое, што стварае яго цела — Нявесту Хрыста.

З той прычыны, што супольнасць Езуса — гэта грэшны народ, сашэсце Духа ачышчае і вызваляе яго ад граху: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца». Ачышчальную моц у Касцёле здзяйсняе ўваскрослы Хрыстус праз дар Духа. Ён прабачае, ацаляе, аднаўляе і амаложвае Божы народ. Такім чынам, пераемнасць паміж Езусам і Касцёлам не прамая, яна апасродкавана Духам Святым.

Праз тое, што ўваскрослы Езус пасылае свайму Касцёлу Духа, Ён ставіць яго ў асаблівыя, адзінкавыя і выключныя адносіны да самога сябе, робіць яго саўдзельнікам свайго паклікання: «Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас». Пакліканне Касцёла — несці Езуса Хрыста, паказваць, што Касцёл цалкам залежыць ад Яго, бо Ён дае сапраўдны і вышэйшы сэнс усяму свету.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 28.04.2023 22:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа