Пошук

03.06.2011 01:00  

1 чыт. Дз 1, 1-11; Пс 47(46), 2-3. 6-7. 8-9.
2 чыт. Эф 1, 17-23.
Ев. Мц 28, 16-20
.

Смерцю Езуса не скончылася ўсё. Анёл сказаў: «Мужы Галілейскія! Што вы стаіце і глядзіце на неба? Езус, які ўзнёсся ад вас на неба, прыйдзе такім жа чынам, як вы бачылі Яго ўзыходзячым на неба».

 

Гэтыя «мужы» жадалі, каб Езус «не адышоў». Яны хацелі б адразу разам з Ім узнесціся ў неба. А замест гэтага Бог зноў пасылае іх на зямлю, да іх праблемаў, радасцяў і штодзённых цярпенняў. Бо Езус прыйшоў не для таго, каб вырваць іх са свету, у якім яны жывуць, пазбавіць ад абавязкаў і цярпенняў, якія прыносіць жыццё на зямлі. Ён прыйшоў не для таго, каб адразу ўзяць іх з сабой у цудоўны, шчаслівы свет. Ён прыйшоў не для таго, каб у адзін момант, як чарадзейнай палачкай, змяніць чалавечае жыццё.

Можа, гэтыя галілейскія мужы спадзяваліся, што Езус хутка і назаўсёды скончыць з цяжкім жыццём чалавецтва на зямлі, або што з Яго смерцю ўсё скончыцца, каб пачалося штосьці новае, і то такім чынам, як быццам нічога не адбылося. Замест гэтага яны даведваюцца, што Езус жывы і аднойчы Ён вернецца. Але Ён абавязвае людзей, каб яны дзейнічалі, паступалі і жылі такім чынам, як паступаў Ён, да таго часу, пакуль Ён не вернецца.

Езус узносіцца ў неба, таму што цяпер Яго вучні будуць жыць так, як Ён, рабіць тое, што рабіў Ён, будуць цікавіцца светам у такой ступені, у якой ім цікавіўся Ён. Чалавецтва не памерла з Езусам і не ўзнеслася разам з Ім у неба; цяпер чалавецтва паклікана жыць такім чынам, як нам паказаў гэта Езус Хрыстус.


Вы прымеце моц, калі сыдзе на вас Дух Святы

Калі Езус з’явіўся апосталам, яны пыталіся: «Не ў гэты час, Пане, аднаўляеш Ты валадарства Ізраэля?» Гэтае пытанне выяўляе жаданне і надзею апосталаў, што Езус у гэты час скончыць з усімі намаганнямі, болем, бедамі, горам і смуткам свайго народа. «Валадарства Ізраэля», якога яны чакалі, было ў іх уяўленні пэўнай формай раю на зямлі, станам дабрабыту і шчасця, якіх тут, на зямлі, яны яшчэ ніколі не перажывалі. Вось якой прыкладна была іх месіянская надзея.

Уваскрослы Езус адказвае: «Калі сыдзе на вас Дух Святы, вы прымеце моц і будзеце Мне сведкамі ў Ерузалеме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават да краю зямлі». Не будзе ніякай чароўнай змены свету. Езус спашле Духа Святога, які дасць Яго вучням здольнасць «быць сведкамі да самага краю зямлі». Яго ўнебаўшэсце адкрывае этап, калі вучні будуць даваць сведчанне: яны павінны будуць ажыўляць у свеце той лад жыцця, які Езус паказаў ім як магчымы і прыцягальны для кожнага чалавека.

Даваць сведчанне аб Езусе Хрысце моцай Яго Духа — значыць працягваць тое, што чыніў Збаўца, уводзіць у жыццё тыя каштоўнасці і рашэнні, якія ажыццяўляў Ён, працягваць Яго дзейнасць канкрэтным абавязкам у сваім жыцці. Езус узносіцца ў неба, але гэтым Ён не завяршае жыццё на зямлі. Гэтым не завяршаецца і Яго прысутнасць на зямлі, таму што яна працягваецца праз Яго вучняў. Гэты працяг гарантаваны дарам Духа Святога, які служыць сувяззю паміж Езусам і Яго вучнямі.

«Што вы стаіце і глядзіце на неба?» Апосталы, можа, жадалі, каб Езус і іх перанёс у неба. Яны хацелі збегчы з гэтага сумнага свету, поўнага працы, каб адразу ўзнесціся ў рай. Але Езус «прыкуе» іх да гэтага свету, да зямлі, да іх паклікання жыць як людзі. Ён дорыць ім Духа, каб яны маглі жыць на зямлі новым чалавечым жыццём, падобным да Яго жыцця. Такім чынам Езус хоча далей прысутнічаць у свеце і ўсім людзям даваць самога сябе ў якасці ўзору для іх жыцця.


Адзіны Кіраўнік

Унебаўшэсце тоеснае ўваскрасенню з мёртвых і «сядзенню праваруч Айца». Гэта вестка, што ўваскрослы Езус стаіць над кожным княствам, пачаткам і сілай і над кожным іншым іменем, якое можна прамовіць не толькі ў гэтым жыцці, але і ў будучым. Ужо не існуюць многія валадары, многія кіраўнікі: існуе толькі адзіны абсалютны Пан чалавека. Валадарства Езуса вызваляе нас ад рабства і падначаленасці «сілам», якія не даюць сапраўднай свабоды і якія пэўным чынам утрымліваюць нас у рабстве. Насуперак глыбокаму жаданню свабоды мы ўвесь час ставім сябе пад пагрозу, што мы ў гэтым жыцці ствараем фальшывыя бачанні ўлады, сіл, якім мы служым.

«Моц» уваскрослага Езуса — гэта моц Бога Айца, які «ўсё паклаў Яму пад ногі і Яго ўстанавіў над усім кіраўніком Касцёла». Свет вызвалены ад усіх прывідаў таямнічых сіл, лясных фей, німфаў, пачвараў, духаў, хімер і лесуноў. Свет больш не палохае, ён больш не мае жахлівай улады над чалавекам. Цяпер «усё яднаецца ў Хрысце, што ў небе і што на зямлі», і ўвесь Касцёл прызнае, што яго Кіраўнік, Хрыстус, — гэта цэнтр і Пан усяго свету.

З унебаўшэсцем Езуса перад хрысціянінам адкрываецца новы лад яго існавання: гэта жыццё чалавека, які сапраўды вольны, без дарэмнага страху, без кашмарных сноў. Нішто не можа вызваліцца з-пад вярхоўнай улады ўваскрослага Езуса. Свет, пазбаўлены ад бостваў і дэманаў, — гэта месца магчымай сустрэчы Бога і чалавека.


Я ёсць з вамі

У вучняў пасля Пасхі яшчэ шмат сумненняў: «некаторыя сумняваліся». Уваскрослы Пан з’яўляецца ім насуперак іх сумненням і збянтэжанасці і завярае іх у сваім уваскрасенні: «Пан сапраўды ўваскрос». Сумненні вучняў перанесліся таксама на магчымасць працягваць ажыццяўляць «справу» Езуса. Як будзе магчыма прынесці свету надзею Езуса і жыць разам з Ім, і жыць такім чынам, як жыў Ён, калі Ён больш не будзе бачна прысутнічаць сярод іх?

Езус заяўляе сваім вучням, якія сумняваюцца, аб сваім абсалютным панаванні над светам: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі».

Унебаўшэсце Езуса нельга прыроўніваць — прабачце за параўнанне — да «стану пенсіянера», да асуджэння толькі адпачываць, да непераадольнай ізаляванасці. Уваскрослы Пан — гэта адзіны Пан усяго Сусвету, неба і зямлі.

Моц, улада Езуса не вызваляе вучняў ад таго, што яны павінны рабіць, будучы Яго вучнямі. Наадварот, «моц» Езуса робіць іх здольнымі і пасылае іх у свет, каб стаць Яго сведкамі. Задача грамадства Езуса (Яго вучняў) павінна ажыццявіцца трыма канкрэтнымі спосабамі: абвяшчэннем Евангелля («навучыце ўсе народы»), хрышчэннем («хрысціце іх у імя Айца і Сына і Духа Святога») і прыкладам іх уласнага жыцця («навучыце іх захоўваць усё, што Я наказаў вам»).

Такім чынам, тут падсумоўваецца ўсё жыццё Касцёла. Касцёл сваім існаваннем, усім тым, у што ён верыць, і ўсім тым, што ён робіць, дае сведчанне аб тым, што жыццё Езуса не завяршылася Яго смерцю, але працягваецца ў жыцці Яго вучняў. У Касцёле і разам з Касцёлам Езус бесперапынна вучыць, пастаянна стварае супольнасць («хрышчэнне») і паказвае шчаслівы і добры шлях, якім мы павінны ісці. Бо на самой справе Касцёл прапаноўвае свету не сябе, а прыносіць яму Езуса.

…«І вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння свету». Уваскрослы Пан застаецца і ёсць са сваім Касцёлам, каб штодзень даваць яму моц «святкаваць памяць» аб Ім і суцяшаць яго надзеяй, што Ён вернецца. Гэта не нейкая магічная надзея, хоць і яна можа часам ствараць цуды. Гэта — запэўніванне, што Езус дзейнічае ў Касцёле і разам з Касцёлам і што Ён ніколі не пакіне яго сіратой. Касцёл радуецца, і ў яго ёсць надзея, што, калі Хрыстус вернецца, разам з Ім у неба ўвойдуць і Яго вучні.


ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 02.05.2020 23:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.