1 чыт. Дз 2, 42-47; Пс 118 (117), 2-4. 13-15. 22-24.
2 чыт. 1 П 1, 3-9.
Ев. Ян 20, 19-31.
Радасць убачыць Пана
Што такое хрысціянская вера? Для нас, якія нядаўна святкавалі Вялікдзень, адказ з’яўляецца простым: верыць у тое, што Езус — Пан, які ўваскрос з мёртвых (пар. Рым 10, 9). Але хоць адказ просты, не так проста сказаць, якімі хрысціянамі, якім тыпам хрысціян мы з’яўляемся, — гэта значыць, ці здольныя мы спалучаць веру ва ўваскрасенне з мёртвых Езуса Хрыста з нашымі штодзённымі паводзінамі. Іншымі словамі, ці не існуе ў нас спакуса «зводзіць да мінімуму» хрысціянства — гаворка ідзе аб яго звужэнні на любоў да бліжняга і на цікавасць да іншых людзей, адлучыўшы гэтую запаведзь ад веры ў Езуса, які ўваскрос з мёртвых.
Сапраўды, калі мы зводзім да мінімуму наша хрысціянскае жыццё толькі да нашых абавязкаў да бліжняга, усё робіцца нашмат прасцей, і дыялог з тымі, хто не з’яўляецца хрысціянамі, становіцца нашмат прасцей. На ідэалах дапамогі бліжняму, барацьбы за больш справядлівы і гуманны свет, пераадолення ўбоства і голаду, барацьбы за мір мы ўсе можам дамовіцца. Усе мы можам быць разам у тым, што нашу любоў мы павінны несці іншым. Але вера ва ўваскрослага з мёртвых Езуса перашкаджае нам пайсці па гэтым шляху: калі мы хочам устанавіць мір, справядлівасць і зрабіць свет лепшым, мы павінны верыць ва ўваскрослага з мёртвых Езуса і несці ў свет добрую навіну, што Ён з’яўляецца Збаўцам, Вызваліцелем, Абаронцам супакою, што Ён — чысты сэрцам, міласэрны самаранін, які становіцца для нас бліжнім, каб і нас уключыць у сваю самаахвярнасць.
Братэрская супольнасць
Давайце паглядзім, якою была хрысціянская супольнасць, якая верыла ва ўваскрослага Езуса: гэта была супольнасць веруючых ва Уваскрослага, якія прабывалі ў навучанні апосталаў і ў братэрскай еднасці, у Эўхарыстыі, у малітвах. У Дзеях Апосталаў Лука з настойлівым намерам вызначае хрысціян як «веруючых»: яны «веруючыя», таму што вераць у Пана, які ўваскрос з мёртвых.
Першыя хрысціяне былі напоўнены радасцю, што выплывала з веры ва ўваскрослага Езуса. Яны зразумелі, што ў Езусе сярод іх прысутнічае сам Бог. Яны ламалі хлеб і сустракаліся не для таго, каб «ствараць супольнасць». Яны былі ўпэўнены, што хрысціянства з’яўляецца не толькі справай людзей, але перш за ўсё справай Таго, хто можа вызваліць ад смерці, у якой сукупнасць усяго злога. З гэтага меркавання, якое сілкавалася слуханнем вучэння апосталаў, першыя хрысціяне чэрпалі здольнасць стаць братэрскай супольнасцю. Яны здолелі любіць адно аднаго, таму што былі ўпэўнены, што Уваскрослы знаходзіцца сярод іх.
Калі б яны глядзелі толькі на сваё сэрца, прыслухоўваліся толькі да сваіх схільнасцяў, пачуццяў і інтарэсаў, то не здолелі б любіць адно аднаго, як браты, і не змаглі б стварыць братэрскай супольнасці. Калі мы адчуваем, што ў нашай любові застаёмся адны, з усімі нашымі абмежаваннямі, страхам, лянотай і эгаізмам, то замыкаемся ў сабе і не можам ахвяраваць сваім жыццём дзеля іншых.
Але калі мы верым у Езуса, які ахвяраваў сваё жыццё дзеля іншых, і менавіта таму з’яўляецца заўсёды жывым, тады ў нас нараджаецца свежая і новая моц, неверагодная магчымасць раздаваць сябе без страху. Бо мы ведаем, што ўваскрослы Пан дасць нам поўнае і несмяротнае жыццё толькі тады, калі мы зможам з даверам Яму дзейнічаць так, як Ён — значыць дарыць сваё жыццё.
Страх перад смерцю і боязь, што мы не зможам радавацца кожнаму моманту і выкарыстоўваць кожны выпадак для таго, каб што-небудзь набыць і чымсьці валодаць, замыкаюць нас у сабе. Яны робяць нас эгаістамі, якія клапоцяцца толькі пра сябе. Але потым, калі мы здолеем дарыць частку сваёй любові таксама іншым… — якая б гэта была любоў, калі б яна не стала абвяшчэннем ўваскрослага з мёртвых Пана, а засталася б толькі мізэрным пачуццём, якое хутка пройдзе і якое пахавае смерць?
Жывая надзея
«Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які па вялікай сваёй міласці адрадзіў нас уваскрасеннем Езуса Хрыста з мёртвых да надзеі жывой, да спадчыны несмяротнай, чыстай, неўміручай»…
Усе чалавечыя спадзяванні гніюць і псуюцца, змяняюцца сумнымі і горкімі расчараваннямі, таму што ўсе яны разбіваюцца аб сцяну смерці. Праўда, мы стараемся не казаць і не думаць пра смерць, але яна ўсё ж застаецца тут і аспрэчвае ўсе нашы ілюзіі. Таксама і золата, гэта значыць багацце, і ўлада, і слава з’яўляюцца прывідамі, марамі, асуджанымі на смерць.
Але вы, як гаворыцца ў Першым Пасланні св. Яна, «радуецеся (таму што вы Яго)…не бачыўшы, любіце». Гэта не радасць, якая вызваляе нас ад пакуты («пацярпеўшы цяпер крыху, калі трэба, ад разнастайных спакусаў»), а «радасць невыказная», поўная славы для таго, хто ўпэўнены, што дасягне «выратавання душаў», якія вераць у Езуса Хрыста, і такім чынам спадзяецца, што будзе сярод гэтых душаў.
Толькі з такой надзеі можа выплываць бязмежная, невымерная радасць, і толькі такая радасць мае моц стварыць сапраўдную братэрскую супольнасць. Такая радасць робіць магчымым любіць братоў сапраўднай любоўю і без эгаізму, любіць таксама тых, хто выклікае нашу агіду і да каго мы не адчуваем ніякай сімпатыі. Радасць з веры ва Уваскрослага вызваляе наша сэрца ад страху перад смерцю і адкрывае яго, каб магло любіць і дарыць сябе.
Убачыць Пана
Сход вучняў, на якім з’явіўся Езус, мае ўсе знакі сходу пры здзяйсненні Эўхарыстыі. У нядзелю вучні сабраліся ў доме-касцёле, у прыватным доме, які служыў ім святыняй. Езус прыйшоў да іх, і яны ўзрадаваліся, што ўбачылі Пана, які даў ім два дары: супакой і Духа Святога. Усе яны прызнаюць рукі і рэбры ўкрыжаванага Езуса і ўзгадваюць Яго пакуты і смерць. Здарылася гэта менавіта ў той час, калі першыя хрысціяне звычайна збіраліся, каб прысутнічаць пры ламанні хлеба — у час, калі вечарэла. На вуліцы — варожы і нядобразычлівы свет; дзверы са страху перад юдэямі зачынены.
Здаецца, што ўся карціна велікоднага з’яўлення Езуса вельмі дакладна ўказвае на тое, што здзяйсняецца падчас кожнага ламання хлеба, падчас Эўхарыстыі. Евангеліст хоча гэтым сказаць, што сустрэча Уваскрослага з вучнямі не была адзінай і непаўторнай, але яна адбываецца заўсёды, калі хрысціянская супольнасць збіраецца, каб перажыць Вячэру Пана. Сюды, да сваіх вучняў, прыходзіць Езус з праколатымі рукамі і бокам, якія нагадваюць аб Яго пакутах і смерці, а з моцы Яго ўваскрасення выплываюць супакой і дары Духа Святога, які вызваляе нас ад грахоў. І ўспыхвае радасць ад таго, што мы бачым уваскрослага Пана.
Аднак на гэтым сходзе не прысутнічаў апостал Тамаш. Гэта тып хрысціяніна, які хоча ўсё асабіста праверыць, які пазбягае грамадства і не давярае яго суджэнню. Ён хоча доказаў, якія можна праверыць: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў, і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у рэбры Яго, не паверу». Тамаш не згодзіцца цалкам з верай супольнасці і будзе мець свае агаворкі.
Праз восем дзён апосталы зноў прысутнічаюць пры ламанні хлеба. Цяпер прысутнічае і Тамаш. Вучні зноў сабраліся ў доме. Прыходзіць Езус і кажа ім: «Супакой вам!» Потым кажа Тамашу: «Дай палец твой сюды і паглядзі на рукі Мае! Дай руку тваю і ўкладзі ў рэбры мае; і не будзь няверуючым, але веруючым!» Тамаш усклікне: «Пан мой і Бог мой!»
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.