Пошук

15.04.2011 01:00  

 

1 чыт. Іс 50, 4-7; Пс 22(21), 8-9. 17-18а. 19-20. 23-24.
2 чыт. Флп 2, 6-11.
Ев. Мц 26, 14 — 27, 66 альбо карацейшае Мц 27, 11-54
.


Мука Пана нашага Езуса Хрыста ад Мацвея

Гэтая нядзеля, якая ўводзіць нас ў Вялікі тыдзень, заклікае да разважання аб таямніцы Езуса Хрыста, які «памёр за нас» (пар. Рым 5, 8) і за нашыя грахі (пар. 1 Кар 15, 3), які «прыйшоў аддаць душу сваю дзеля адкуплення многіх» (пар. Мк 10, 45). У адным з сённяшніх чытанняў паводле Паслання да Філіпянаў мы пачулі, што Езус, «будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць на роўні з Богам». Чаму Езус, «уцелаўлёны» Божы Сын, жыве, церпіць і памірае ў сваім целе?

Жыццё, цярпенні і смерць уцелаўлёнага Божага Сына з’яўляюцца «толькі» Яго справай. Усе яны выключныя і збаўчыя. Сапраўды, Езус жыве, пакутуе і памірае «ў сваім целе» ў поўнай салідарнасці з чалавецтвам і ў поўнай адданасці і паслухмянасці Богу Айцу. Ён быў «паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай». Паслухмянасць — гэта тое, што характарызуе Езуса ў Яго выключным становішчы перад Богам і чалавецтвам. Езус як Сын Нябеснага Айца і сапраўдны чалавек паказвае нам, якімі мы павінны быць, каб цалкам рэалізаваць сябе перад Богам. Сэнс апісання Мукі Езуса ў Евангеллях мы маглі б падсумаваць наступным чынам: Езус нават у цярпенні быў паслухмяны Айцу. Ягоная паслухмянасць не занявольвае, гэта не простае падпарадкаванне сябе, гэта не аскетызм ці адданасць стоіка. Гэта дасканалая адданасць, поўная даверу і любові да свайго Айца. Такім чынам Езус вучыць нас, як мы, хрысціяне, павінны жыць.


Аповед Мацвея

Апісанне Мукі Езуса паводле Мацвея мае свае асаблівыя рысы. Гэты аповед Мацвея ўяўляе сабою разважанне веруючай супольнасці Касцёла аб апошніх гадзінах жыцця свайго Пана. Мацвей — гэта не абыякавы аўтар, яго цікавяць не толькі знешнія «з’явы», ён хоча зразумець увесь сэнс Мукі Пана. Таму Мацвей пастаянна спасылаецца на Святое Пісанне, каб падкрэсліць таямнічыя памеры мукі і смерці Езуса. Нярэдка вытрымкі са Святога Пісання, якімі насычаны аповед Мацвея пра цярпенні Езуса, з’яўляюцца імкненнем паказаць, што ў Езусе здзяйсняецца Божы план і Божая воля, запісаныя ў Святым Пісанні.

Мацвей, праводзячы сувязь паміж Мукай Пана і Святым Пісаннем, жадае падкрэсліць, што Езус ідзе насустрач сваёй смерці рашуча і ў поўнай паслухмянасці Богу. Слова Айца, Яго воля — гэта ежа, з якой ён пастаянна «злучаны» і ад якой ніколі не аддзеліцца. Хоць Езуса ўсе пакінулі, нават здавалася, што і Бог пакінуў Яго, Езус з поўным даверам аддае сябе Айцу ў светлую ноч сваёй смерці, з якой заяснее яскравы дзень Яго Уваскрасення.

Пётр, які схапіў меч, каб абараняць Езуса, пачуў ад Настаўніка: «Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне. Ці думаеш, што Я не мог бы папрасіць Айца Майго, і Ён адразу ж паставіў бы каля Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? Але як тады збудуцца Пісанні, што так павінна стацца?» (Мц 26, 52–54). «Тады Езус сказаў яму: „Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне“. А гэта ўсё сталася, каб збыліся Пісанні прарокаў» (Мц 26, 55–56). (…)

Мука і смерць Езуса — гэта шлях любові, на якім Езус паслухмяны свайму Айцу, аднак у той жа час Ён прымае ўдзел у долі грэшнага чалавека.

Мацвей настойліва падкрэслівае факт (і гэта яшчэ адна своеасаблівая рыса яго спосабу апавядання), што Езус ідзе насустрач сваім пакутам і смерці ў поўнай свабодзе і добра ведае іх прычыну. Езус прадбачыць і здраду Юды, Ён ведае, што ўжо не будзе «піць ад гэтага вінаграднага плоду» (пар. Мц 26, 29), прадказвае, што Пётр адрачэцца ад Яго (гл. Мц 26, 34). У Гетсіманіі Езус кажа: «Вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем; вось наблізіўся мой здраднік» (Мц 26, 45–46). Езуса не здзівіла, што яго арыштавалі, Ён усведамляў усё, што адбывалася. (…)

Акцэнт Мацвея на тое, што Езус ішоў насустрач смерці цалкам дабравольна, мае вялікае значэнне. Свабода Езуса роўная Яго паслухмянасці Айцу. Ні боль, ні смерць не могуць перашкодзіць Езусу ў Яго свабодзе-паслухмянасці. Для Езуса ні боль, ні смерць не з’яўляюцца довадам, каб пратэставаць або адмаўляць дабрыню і абсалютную вернасць Нябеснага Айца. Спаўненне Святога Пісання па сутнасці роўнае дабравольнай паслухмянасці Езуса і любові да абсалютнай добрай волі Бога Айца. Ва ўсіх сваіх смяротных пакутах Езус жыве словамі: «Айцец, не як Я хачу, але як Ты». Бо Айцец жадае, каб Ён жыў, бо Езус паўстане з мёртвых.


Бязвінны боль

Цярпенні Езуса з’яўляюцца цярпеннямі «Сына Божага». Гэтыя словы паўтараюцца некалькі разоў (гл. Мц 26, 27. 40. 43. 54). Той, хто пакутуе і памірае, — гэта бязвінны Сын Божы, які стаў чалавекам. Ён церпіць мукі і памірае не за свае грахі, не дзеля поўнай помсты Божай волі, а з любові да грэшнага чалавецтва. У гэтых пакутах і смерці мы, хрысціяне, бачым, як спаўняецца Божы план і Яго воля.

Езус не кажа пра боль, Ён прымае яго і перажывае яго. І Ён прымае яго па сваёй волі і па сваім жаданні быць разам з пакутуючым чалавецтвам і прымаць удзел у яго цярпенні. Праз гэта Езус вучыць нас і дае сілу, каб і мы прымалі боль і жылі ў болю, не адвяргаючы Бога, не паўстаючы супраць Яго, не прабываючы ў адчаі, не паддаючыся нейкай гераічнай тытанічнай барацьбе. Езус праз свае цярпенні вучыць нас перажываць гадзіны болю, а таксама гадзіну смерці нашай. Пакутуючы так, як пакутаваў Езус, мы можам бачыць сэнс сваіх пакутаў і смерці. Нібы Езус кажа: калі будзеш перажываць цярпенні і смерць са Мною, то нават у цяжкія моманты тваё жыццё будзе карысным і ты адчуеш, што варта жыць, і адкрыецца перад табой надзея на вечнае жыццё.

Пакуты і смерць Езуса — гэта «ахвяра». Аднак гэта ахвяра не ў язычніцкім сэнсе, інакш кажучы, не платай разгневанаму богу, які прагне крыві. У Святым Пісанні сам Бог вызначае, якія ахвяры трэба складаць і якім чынам іх прыносіць. Такая Божая ініцыятыва мае вялікае значэнне таму, што разам з ёю Бог выходзіць нам насустрач, жадаючы стварыць супольнасць веруючых, якая будзе прабываць з Ім.

У Святым Пісанні мы таксама чуем перасцярогу перад язычніцкім разуменнем рытуальных ахвяраў. Якою ж была ахвяра Езуса? Ён з паслухмянасцю і любоўю аддае сябе Богу як Чалавек; Ён са спачувальнай любоўю аддае сябе за чалавецтва як Божы Сын. Усё гэта азначае, што смерць Езуса стала ўтварэннем сувязі паміж Богам і намі. Таму яна і стала ахвярай.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 25.02.2023 14:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа