Пошук

08.04.2011 01:00  

 

1 чыт. Эзх 37, 12-14; Пс 130(129), 1-2. 3-4. 5-6ab. 6c-8.2 чыт. Рым 8, 8-11.
Ев. Ян 11, 1-45 альбо карацейшае Ян 11, 3-7. 17. 20-27. 33b-45
.


Смерць і ўваскрашэнне з памерлых


Давайце скарыстаем са свайго штодзённага вопыту і назіранняў. Усё навокал нас нясе знакі смерці: час, які бязлітасна бяжыць, поры года і кругазварот у прыродзе, транспартныя здарэнні або траўмы на вытворчасці, забойствы, смерць ад невылечных хваробаў, гвалт. Мы адчуваем страх перад смерцю, і ў ім заключаюцца ўсе нашы боязі.

Жыццё мы адчуваем як пастаянную пагрозу, як шлях да смерці, як існаванне-быццё дзеля смерці. І ўсё ж такі мы маем непераадольнае жаданне жыць. Наша сітуацыя нагадвае тую, пра якую апавядаецца ва ўрыўку з Кнігі прарока Эзэхіэля, дзе сімвалічна апісваецца перасяленне габрэяў у Вавілонскую імперыю. Мы горача жадаем жыць, аднак усё навокал кажа пра смерць.

Таксама для нас гучыць прароцтва Эзэхіэля: «Уваскрэснеце!». Хіба гэта магчыма? Існуе надзея на жыццё?


Дух, які дае жыццё

Трыццаць сёмая глава Кнігі прарока Эзэхіэля з’яўляецца адной з найпрыгажэйшых частак Святога Пісання. У ёй апавядаецца пра бачанне, калі ў сухіх касцях пад уздзеяннем Божага духа зноў абуджаецца жыццё. Вершы сённяшняга літургічнага чытання з’яўляюцца тлумачэннем сэнсу гэтага бачання. Сухія косці памерлых на неабсяжнай даліне сімвалізуюць ізраільскі народ у няволі. Ажыўленне касцей — гэта малюнак будучыні і абяцанне, што народ вернецца з палону. Палон — гэта нібы магіла кожнай свабоды і ўсялякай надзеі ізраільскага народа, а вяртанне на радзіму — як уваскрасенне. Прарок абяцае расчараваным і малаверным ізраільцянам цудоўную будучыню, новае жыццё ў абяцанай зямлі. Бог зробіць усё, каб вызваліць свой народ, хоць гэта здаецца немагчымым, падобна таму, як здаецца немагчымым уваскрасіць да жыцця памерлага. Аднак Бог верне да жыцця нават памерлых!

«І даведаецеся, што Я — Пан ваш». Вызваленне з няволі будзе знакам дзейснай Божай прысутнасці сярод свайго народа. Бог дзейнічае праз свайго Духа, які нясе жыццё: «І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць». Дух — ажыўляльная і творчая сіла Бога (вяртанне з няволі на сімвалічнай мове прарока роўнае ўваскрашэнню з памерлых або новаму тварэнню).

Калі мы прачытаем гэтую прароцкую главу ў святле хрысціянства, мы зразумеем, што прарок Эзэхіэль стварыў вялікі сімвал (уваскрашэнне з памерлых), які выходзіць далёка за межы прамога сэнсу, пра які ён думаў падчас свайго прапаведавання. Вяртанне да жыцця, вызваленне з няволі, новае паўстанне з палону смерці, новае творчае дзеянне Божага духа — усё гэта выклікала ў думках людзей, якія слухалі прарока, больш глыбокую і моцную надзею на палітычные вызваленне з вавілонскага палону. Мы не ведаем, які водгук выклікала гэтая вестка прарока ў яго слухачоў, аднак відавочна, што яна з’яўляецца падрыхтоўкай пасхальнага абвяшчэння перамогі Хрыста над смерцю і Яго ўваскрасення з памерлых.


Цела і Дух

У другім чытанні, ва ўрыўку з Паслання да Рымлянаў, Павел падкрэслівае супярэчнасць паміж «целам» і «духам». «Цела» — гэта чалавек, аддадзены самому сабе ў палоне сваіх эгаістычных жаданняў, якія нараджаюць грахі і ўрэшце фізічную і духоўную смерць. «Дух» — гэта Божая сіла ў чалавеку, якая нараджае жыццё і дабро. Гэта творчая Божая сіла, якая змяняе чалавека і чыніць яго «духоўным». Мы, хрысціяне, праз хрост і веру перайшлі са свету «цела» ў свет «духу» і сталі «духоўнымі» істотамі, людзьмі, якіх ажыўляе «Хрыстовы Дух» і кіруе імі. Гэта Хрыстовы Дух дае нам удзел у Божым сыноўнім жыцці Хрыста, робіць нас Божымі дзецьмі, стварае нашую прыналежнасць да Хрыста.

Хрыстовы Дух — гэта «Дух таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса», а значыць Дух Нябеснага Айца. Бог уваскрасіў з мёртвых сваёй ажыўляльнай і творчай сілай, якая з’яўляецца яго Духам. Цяпер той жа Дух «жыве ў нас», а значыць, мы рэальна маем надзею, што Ён нас уваскрасіць: «Той, хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашыя смяротныя целы».

Прысутнасць Хрыстовага Духа ў нас — гэта ўпэўненасць і гарантыя вызвалення, Божага жыцця, надзеі на вечнае жыццё, на будучае ўваскрасенне з памерлых. Наша будучыня ўжо пасеяна ў нашым цяперашнім жыцці, бо ўжо цяпер мы маем таго, хто ўваскрасіў з памерлых Езуса і жадае, каб мы належалі да лёсу нашага Пана.


Хто верыць у Езуса, будзе жыць

Аповед евангеліста Яна аб уваскрашэнні Лазара з памерлых, інакш кажучы, аб яго «вяртанні да жыцця», змешчаны ў 11 главе, вельмі доўгі. У гэты аповед уплецена шмат жывых і цікавых падрабязнасцяў, якія адрозніваюцца выразнай тэалагічнай вытанчанасцю.

Тры асобы — Лазар, Марыя і Марта — параўноўваюцца з Езусам Хрыстом. Яны прадстаўляюць розныя пункты гледжання хрысціянскага грамадства: Лазар «хворы», а потым «мёртвы» заключае ў сабе ўсе хваробы і смерць, якія прысутнічаюць у чалавечым жыцці. Паводзіны сясцёр Лазара выражаюць стаўленне хрысціянскага грамадства да хваробы і смерці (боль, страх, надзея, давер, маладушша). Пасля гэтага ў аповедзе з’яўляюцца габрэйскія аўтарытэты. Яны выражаюць адносіны свету, які асуджае Хрыста, — таго, хто дае жыццё, — на смерць.

У прысутнасці людзей Езус аб’яўляе ўсяму свету словам і чынам ажыўленне Лазара: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25). Тое, чым адрозніваецца таварыства «сяброў» Езуса — гэта вера ў ажыўляльную сілу Езуса. Аднак нават сябры Езуса не без цяжкасцяў прыйшлі да разумення сэнсу смерці. Марта сказала: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!». Марта папракае Езуса ў Яго адсутнасці, у Яго абмежаванай здольнасці і сіле. Яна яшчэ не ведае, якая сіла зыходзіць з Езуса. Ён жа адказвае: «Я — уваскрасенне і жыццё». Марта ўяўляла сабе ўваскрасенне ў далёкай будучыні, у канцы вякоў, як у гэта верылі фарысеі. Аднак Езус сваім словам дае ёй надзею, што Ён сам — уваскрасенне.

Марыя выйшла насустрач Езусу, заплакала. Калі ж Езус убачыў яе ў слязах, «сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся». Тады юдэі казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!». Езус спачуваў сёстрам, раздзяляў з імі боль, бо «любіў Марту, яе сястру і Лазара». Ён не ў адчаі, як яны. Плача ціха, поўны даверу.

Нават побач з Езусам боль і смерць суправаджаюцца плачам і горам, аднак яны не нясуць адчаю. Апошняе слова належыць Езусу — слова, якое цалкам вызваляе нас ад знявольваючага страху смерці і дае надзею на вечнае жыццё. Гэтае вызваленне ад страху дае хрысціяніну надзвычайную здольнасць жыць велікадушна і вызваляе яго ад апантанасці жыць толькі для сябе.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 03.03.2020 16:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.