Пошук

24.03.2011 00:00  

 

1 чыт. Зых 17, 3-7; Пс 95(94), 1-2. 6-7ab. 7c-9.
2 чыт. Рым 5, 1-2. 5-8.
Ев. Ян 4, 5-42 альбо карацейшае Ян 4, 5-15. 19b-26. 39а. 40-42
.


Наш хрост

У гэтую нядзелю мы вернемся да вытокаў нашай хрысціянскай існасці, да крыніцы, з якой мы былі адроджаны, каб з новым бачаннем і яшчэ больш глыбокім захапленнем ізноў шукалі сваёй глыбокай тоеснасці. Нам, як і самаранцы, Хрыстус даў жывую ваду: увёў нас у паступовае пазнанне таямніцы Божага Сына, такім чынам даючы магчымасць пазнаць Нябеснага Айца.

Падчас хросту святар задае пытанне: «Чаго просіце ў Касцёла?». Бацькі і хросныя адказваюць: «Хросту». Хрост жа — гэта сакрамэнт веры Касцёла. Запаленая свечка сімвалізуе святло веры. Падчас хросту Езус асвятляе нас сваім яўленнем, поіць жывой вадой, дае веру. Вера — гэта «пазнанне», у якім чалавек расце, крочыць наперад або, наадварот, развіваецца недастаткова. Таму сёння Езус паўтарае: «Калі б ты ведаў дар Божы…» Коранем нашай хрысціянскай існасці з’яўляецца дар веры праз пасрэдніцтва дару Духа Святога. Аднак вера пастаянна выпрабоўваецца «ў пустыні»: у клопатах, цяжкасцях, горычы і бессэнсоўнасці жыцця.


Верыць ці наракаць?

Падчас доўгага і небяспечнага шляху праз пустыню з Егіпта ў Ханаан ізраільскі народ перажыў мноства цяжкасцяў: голад, смагу, сустрэўся з жахлівымі ворагамі, якімі былі амалекіты. Многія выпрабаванні, якім падвяргаўся народ, станавіліся нагодай для процістаяння аўтарытэту Майсея, а таксама наракання на Бога, які здаваўся ім тым, хто не прыходзіць да свайго народа з дапамогай.

Урывак з Кнігі Зыходу (гл. Зых 17, 3–7) нагадвае пра адзін з такіх бунтаў. Няма вады. Гэта выклікае бунт народа супраць Майсея, а той скардзіцца Богу. Пан заступаецца за «паводзіны» свайго народа, лічыць пратэст справядлівым і загадвае Майсею ўдарыць у скалу, з якой пасля гэтага забіла крыніцай вада. Бог аб’яўляецца як Збаўца народу, які пакутаваў ад смагі, і заклапочанаму Майсею, жыццё якога было пад пагрозай з прычыны пратэсту людзей.

Вада, якая забіла са скалы крыніцай, з’яўляецца знакам дзейснай і прадбачлівай Божай прысутнасці сярод свайго народа. Справа ў тым, што народ вандраваў і не без сумніву пытаўся: «Ці ёсць Пан сярод нас, ці няма?» (пар. Зых 17, 7). Вада са скалы становіцца ў вачах ізраільскага народа знакам жыцця і Божага збаўлення. Таму прарок Ерамія дасць Богу імя — «крыніца жывой вады» (пар. Ер 2, 13). Заўважым, што скала, з якой забіла вада, знаходзіцца на гары Харыў, якую таксама называюць Сінай.

Гэтая вада стала таксама сімвалам Закону (Торы) — аб’яўлення, якое Бог даў свайму народу. Бог дае ў дар свайму народу ваду і Слова. Бо Яго народу патрэбна вада для піцця і Слова, з якога ён пазнае сэнс свайго жыцця. Праз гэта Бог вучыць нас, што нельга даць чалавецтву ваду без Слова або Слова без вады. Інакш кажучы, нельга прапаноўваць чалавеку дабрабыт без разумення сэнсу жыцця або даваць сэнс жыцця, адначасова не шукаючы яго дабра.


Сутнасць веры

Усяго ў некалькіх вершах (гл. Рым 5, 1–2, 5–8) пераказана сутнасць нашай веры. Бог любіць нас, і гэту любоў Ён праявіў у Езусе Хрысце, які памёр за нас на крыжы, хоць мы і не заслужылі гэтага збаўлення. Любоў Езуса цалкам бескарыслівая. Божая любоў, падобна любові чалавека, які нас любіць, — не толькі знешняя праява. Бог праз пасрэдніцтва свайго Сына ўліў сваю любоў — Духа Святога — у нашыя сэрцы. Гэты Божы дар з’яўляецца для нас самай цудоўнай рэальнасцю, пра якую мы толькі можам думаць і аб якой можам марыць. Гарачае перажыванне Божай любові ў нашым сэрцы з’яўляецца для нас, веруючых хрысціян, крыніцай ўсяго нашага хрысціянскага жыцця. Гэты факт стварае выключную арыгінальнасць нашага рэлігійнага жыцця.

Вера — гэта і «сродак», пры дапамозе якога мы прымаем дар Божай любові, Духа Святога. Дзякуючы Божай прысутнасці ў нас узрастае ўпэўненасць і абгрунтаваная надзея, што мы будзем мець удзел у Божай хвале.

Божая любоў паказвае нам усю праўду пра Хрыста. Божая любоў — гэта пачатак нашага новага пазнання, якім з’яўляецца наша вера. Таму мы можам сказаць, што вера — гэта зрок, вочы любові! Інакш кажучы, вера — гэта пазнанне, народжанае са шчырай любові да Бога, якую ў нас уліў Дух Святы. Гэтая Божая любоў дае нам магчымасць любіць Пана, дае нам здольнасць праслаўляць Яго «ў Духу і праўдзе»; яна з’яўляецца крыніцай, з якой нараджаецца новая ацэнка каштоўнасцяў, новых выбараў і рашэнняў; яна з’яўляецца крыніцай новага жыцця.


Самаранка

У размове з самаранкай (гл. Ян 4, 4–44) Езус прадстаўляецца нам вольным ад усялякіх палітычных, сацыяльных і рэлігійных забабонаў. Для Езуса важныя не толькі міжчалавечыя адносіны, але і здольнасць чалавека даваць і прымаць. Праз тое, што Езус просіць вады, Ён прымае становішча чалавека з усімі яго чалавечымі патрэбамі, спачувае ўсім людзям, а значыць, жадае, каб Яго прынялі і пачаставалі. У абмен на сяброўскае прыняцце Ён абяцае жывую ваду — Божы дар.

Жанчына дае Езусу зразумець, што ў яе ўжо ёсць вада са студні Якуба, якая з’яўляецца сімвалам Закону Майсея. «Няўжо ты большы ад айца вашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і дзеці яго, і статкі яго?» (пар. Ян 4, 12). Замест дару Якуба Езус дае Божы дар. Што ж у такім выпадку азначае «жывая вада»?

Вада з’яўляецца матэрыяльным сімвалам. Аднак Езус хоча дапамагчы жанчыне задумацца над больш глыбокім і таямнічым. Дар вады — гэта сімвал, якім пазначана яўленне самаго Езуса, і праўда, якую Езус аб’яўляе і пацвярджае. Сам Хрыстус — гэта жывая вада. Таму Езус кажа жанчыне: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе „дай мне піць“» (пар. Ян 4, 10).

Сутнасць дыялога паміж Езусам і самаранкай заключаецца ў тым, што Езус — гэта «Божы дар», які аб’яўляецца самаранке менавіта цяпер. Пазней Езус скажа: «Гэта Я (Месія), які гавару з табою» (пар. Ян 4, 26).

Ключавым і вырашальным у сённяшнім Евангеллі з’яўляецца выраз «будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе» (пар. Ян 4, 23). «Дух і праўда» дапаўняюць сэнс «жывой вады»: ісціна, праўда — гэта з’яўленне, якое Езус прыносіць і ў якое ён уцелаўляецца. Дух — гэта Святы Дух, якога дае Езус. Таму аўтэнтычнае пакланенне натхнёна з’яўленнем Езуса, якім кіруе Дух праўды, прынесены ў дар Хрыстом. Такое пакланенне зыходзіць з сэрца кожнага хрысціяніна, які аддаўся Хрысту і ў якім жыве Яго Дух.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 22.02.2020 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця