Пошук

18.03.2011 00:00  

 

1 чыт. Быц 12, 1-4а; Пс 33(32), 4-5. 18-19. 20 і 22.
2 чыт. 2 Цім 1, 8b-10.
Ев. Мц 17, 1-9
.


Знайсці Хрыста

Час посту — гэта шлях, па якім мы крочым насустрач памерламу і ўваскросламу Хрысту. На гэтым шляху мы паступова ўваходзім у таямніцу нашага збаўлення, засяроджаную ў Езусе Хрысце. Другое чытанне і Евангелле гэтай нядзелі настойліва заклікаюць нас скіраваць позірк на Езуса Хрыста і паразважаць пра Яго.  

Шлях, па якім мы можам прыйсці да Бога, вядзе праз Езуса Хрыста, як гэта падкрэслівае Другі Ватыканскі Сабор: «Бо калі Хрыстус памёр за ўсіх і калі канчатковае пакліканне чалавека сапраўды адно, а менавіта боскае, тады мы павінны прызнаць, што Дух Святы дае ўсім магчымасць далучыцца да Пасхальнай таямніцы вядомым Богу чынам» (пар. Gaudium et spes 22, 39–40).

У Езусе ў поўнай меры аб’явіўся Айцец, аднак праяўляецца ў Ім таксама таямніца і канчатковае пакліканне кожнага з нас. Ніколі не будзем пераставаць у поўнай меры «адкрываць» утоеныя багацці, якія Бог прынёс нам у дар у Езусе Хрысце.


Даручэнне, запрашэнне і абяцанне

Слова, з якім Бог звярнуўся да Абрагама (пар. Быц 12, 1–4), азначае пачатак гісторыі збаўлення. Гэта энергічнае слова, строга сфармуляванае даручэнне, якое даецца з канчатковай моцай. Аднак гэта таксама запрашэнне і запавет. І ў пачатку гісторыі збаўлення з ініцыятывай выходзіць Бог. Ён прапануе нам свой план.

Абрагам закліканы здзейсніць рашучы крок. Ён пакідае сваю краіну, каб ісці туды, куды яго накіруе Бог. Тут падкрэсліваецца не столькі адыход і звязаныя з ім сум па радзіме і цярпенні, а хутчэй Божы запавет. Перад намі вельмі багаты (з тэалагічнага пункту гледжання) тэкст, які некаторыя вучоныя акрэслілі як «палітычную і тэалагічную праграму ягвістычнай традыцыі». Вельмі важна не прывесці сябе да «псіхалагічнага аналізу зыходу».

Перш за ўсё звернем увагу на тое, што заклік утрымлівае толькі адзін загад — «выйдзі». Астатнія ўжытыя дзеясловы накрэсліваюць будучае. Выхад з зямлі, якую Абрагам павінен пакінуць, у поўнай меры адлюстроўваецца ў будучым Божым абяцанні. Божае абяцанне выражаюць сем дзеясловаў, якія кажуць пра Божае дзеянне ў адносінах да Абрагама і яго пакалення: пакажу табе зямлю; учыню з цябе вялікі народ і буду благаслаўляць цябе, і ўзвялічу імя тваё, і станеш благаслаўленнем; буду благаслаўляць тых, хто цябе благаслаўляе, а тых, хто зневажае цябе, Я пракляну.

Лічбу «сем» (дзеясловаў) можам лічыць указальнікам на паўнату і дасканаласць гэтага Божага запавету.

Тут жа, у трох радках, мы пяць разоў сустракаем слова «благаслаўляць». Значыць, гэта вядучая тэма. Благаслаўленне прыносіць поспех, добрае імя, добрае пакаленне. Абрагам, як і ізраільскі народ, які будзе паходзіць ад яго, стане каналам, па якім Божая ласка распаўсюдзіцца на ўсе народы. Такім чынам, варта паразважаць аб ролі Ізраэля ў адносінах да іншых народаў зямлі. Чаму Бог паклікаў Абрагама і абраў Ізраэль? Не таму, што хацеў абмежаваць сваё збаўленне толькі адным народам, а таму, каб праз пасрэдніцтва Ізраэля Божае благаслаўленне атрымалі ўсе народы. Бог хоча збавіць усіх людзей — праз Ізраэль і Касцёл.


Езус — Збаўца

Магчыма, тэкст Другога Паслання да Цімафея (2 Цім 1, 8b–10) першапачаткова быў літургічным усхваленнем. Яго дзевяты верш — гэта хутчэй палымяны заклік задумацца над цудоўнай таямніцай хрысціянскага жыцця. Хрысціянін перш за ўсё павінен ведаць, што Бог «паклікаў нас святым пакліканнем не за нашыя ўчынкі, але паводле ўласнай пастановы і ласкі». Богу належыць абсалютнае першынство ў ініцыятывах і дзеяннях. Падобна таму, як у нечаканым і незаслужаным запрашэнні Абрагама праявіўся Божы план збаўлення, так у нашым хрысціянскім пакліканні ззяе спрадвечная любоў, якою нас любіць Бог і якую мы не заслугоўваем. Гэта пакліканне дзеля нашага збаўлення.

Выбранасць Богам, ласку і збаўленне мы атрымалі ў Езусе Хрысце, нашым Збаўцы, праз якога нам быў аб’яўлены план Айца (пар. 2 Цім 1, 9–10). У тэксце гаворыцца пра «эпіфанію» (аб’яўленне) Збаўцы. І ўсю Яго справу можна выказаць двума выразамі: «знішчыў смерць» і «асвятліў жыццё і несмяротнасць» (пар. 2 Цім 1, 10). Гэта Хрыстовая пасхальная таямніца. Апостал Павел з’яўляецца настаўнікам і вестуном гэтай перамогі, а значыць — жыцця. Прапаведаванне ж Апостала можна падсумаваць наступным чынам: Езус Хрыстус перамог смерць і дае нам жыццё.


Езус — гэта Сын Божы

Евангеліст Мацвей апавядае аб перамяненні Пана, Яго пакутах і ўкрыжаванні (пар. Мц 17, 1–9). Ён жадае паказаць лёс Месіі, які выклікаў нязгоду Пятра (Мц 16, 22) і ў якім Стары Запавет дасягае сваёй вяршыні.

Падзея адбылася на «высокай гары» — на месцы Божай прысутнасці і размовы з Богам. На гэтай невядомай гары Езус «перамяніўся»: «аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло». Ззянне, бель адзення і святло — гэта біблейскія сімвалы, якія азначаюць Боскую прыроду Хрыста. Перамяненне азначала, што Езус паказаў сваё ўнутранае і таямнічае аблічча Месіі і Божага Сына. А голас з неба сказаў: гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце. З Езусам размаўляюць Майсей і Ілля, прадстаўнікі Старога Запавету. Яны не звяртаюцца да апосталаў, аднак апосталы і не павінны слухаць нікога, акрамя Езуса.

Вучні-хрысціяне павінны чытаць Стары Запавет, заўсёды скіроўваючы позірк на асобу Езуса Хрыста, бо ў Ім яны маюць свайго заканадаўцу, настаўніка і прарока.

Воблака таксама з’яўляецца сімвалам Божай прысутнасці (пар. Зых 13, 21). Парадаксальна, што гаворка ідзе пра «светлае воблака», якое ахінае вучняў «сваім ценем». Гэтае воблака і паказвае, і ўтойвае Бога, які прысутнічае ў сваім Слове. Аб’яўленне праз Слова выключае ўсялякую незразумеласць, характэрную для сімвалаў, а таксама дае тлумачэнне падзеям.

Гэтае імгненнае перажыванне хвалы Езуса павінна было дапамагчы вучням ісці з Хрыстом насустрач Яго смерці і ўваскрасення з памерлых. Дзякуючы перамяненню Езуса вучні павінны былі зразумець, што пакуты Езуса і Ягоная смерць не былі негатыўнымі падзеямі, падзеннем, смерцю і стратай, але падзеямі, у якіх прамянела бясконцая Божая любоў да людзей.

Так перамяненне здзейснілася, калі Езус фізічна і духоўна накіраваўся ў Ерузалем насустрач слаўным падзеям Яго мукі — смерці і ўваскрасенню з памерлых. Перамяненне — гэта ззяючая маланка, якая асвятляе шлях Езуса і мэту Яго хвалы, якую Ён на хвілінку паказаў.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 29.01.2020 14:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.