Шлях навяртання
Час посту — гэта шлях навяртання, якое ўтрымлівае ў сабе неабходнасць прызнацца ў грэшнасці, намаганне і рашэнне жыць новым жыццём. Аб тым, што мы грэшнікі, даведваемся перш за ўсё з біблейскіх тэкстаў. Аднак ніхто не нараджаецца «грэшнікам». Першародны грэх — гэта грэх Адама, грэх першых бацькоў, які не з’яўляецца нашай асабістай віной. Бог не можа лічыць мяне грэшнікам толькі таму, што іншая асоба — Адам — здзейсніў грэх. Аднак праўдаю з’яўляецца і тое, што мы прыходзім на гэты свет не ў стане Божай ласкі, высакамерныя і са схільнасцю да эгаізму, які лёгка вядзе нас да асабістых грахоў. З граху Адама зыходзіць «падзенне» чалавецтва і схільнасць да граху, што можа аздаравіць і пераадолець толькі ласка Езуса Хрыста.
Паходжанне зла
Першае чытанне (Быц 2, 7–9; 3, 1–7) з даволі вядомай главы Святога Пісання, якую было б карысна прачытаць цалкам. Для таго, каб правільна яе зразумець, трэба перш за ўсё правільна аднесціся да яе зместу. Гэта не гістарычны аповед ці казачны выпадак. Гэта глыбокае разважанне аб Божай Мудрасці, для якога характэрна міфалагічна-сімвалічная мова. Тут даюцца адказы на асноўныя пытанні: аб паходжанні чалавека, зла і граху; аб тым, хто стварыў свет, і чаму існуюць намаганні, боль і смерць.
Адам — чалавек, і ён прадстаўляе чалавецтва. Бог стварыў мужчыну і жанчыну і пасяліў іх у садзе ў Эдэме. Бог робіць усё дзеля дабра мужчыны і жанчыны, Бог звяртаецца да чалавека. Бог не скупы, Ён дае ўсё спаўна.
Сатана прыносіць спакусу, хоча, каб чалавек парушыў Божы наказ (пар. Быц 2, 16). Бог устанавіў закон, які ўяўляе сабою шлях пазнання чалавекам дабрыні Бога. Сатана скажае сэнс закону і прадстаўляе Бога раўнівым і скупым. Парушэнне закону з прычыны ўгавораў спакушальніка становіцца для прабацькоў добрай нагодай, каб стаць такімі, як Бог. Непаслухмянасць закону з’яўляецца следствам таго, што Адам і Ева прынялі памылковае ўяўленне пра Бога: сатана становіцца паслом атэістычнай ідэалогіі, паводле якой, Бог — гэта той, хто забараняе, і той, каго трэба ліквідаваць.
Аповед з Кнігі Быцця дае нам уражальны вобраз аб паходжанні граху: мы бачым пераход ад вонкавага да знешняга; мы бачым плод, сарваны з забароненага дрэва, і сэрца, якое паддалося на падман і спакусу. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што сэрца паддаецца спакушэнню з прычыны слухання фальшывай весткі.
А гэтая вестка з’яўляецца спакусай. Чалавек, прымаючы пасланне сатаны, адказвае на спакушэнне, знешнім праяўленнем чаго з’яўляецца грэх. Вестка сатаны заключаецца ў яго жаданні пераканаць чалавека ў тым, што, авалодаўшы ўсім (і дабром, і злом), перакрочваючы ўсе ўстаноўленыя межы, ён можа ў поўнай меры рэалізавацца як чалавек, а нават стаць Богам. Аднак ці зможа чалавек рэалізаваць сябе, паўстаўшы супраць Бога, які дае яму ўсё? Гэта ілюзія.
Перамога Хрыста
Другое чытанне (Рым 5, 12. 17–19) тэматычна звязана з першым чытаннем, аднак яго агульная атмасфера і перспектывы радыкальна новыя. З цудоўнага вобразу Паўла мы падкрэслім некаторыя аспекты.
Святы Павел падыходзіць да тэмы перш за ўсё з пункту гледжання жыцця і дзейнасці Езуса Хрыста. Гэты факт з’яўляецца вырашальным для дакладнага разумення тэкста Паўла. Ён не кажа пра Адама, грэх, смерць і распаўсюджванне граху, каб урэшце дайсці да аповеду аб Хрысце, які вырашыць гэтую драму. Замест гэтага апостал Павел зыходным пунктам робіць справу Езуса Хрыста, ад чаго і трэба пачынаць разважаць аб гісторыі чалавецтва. Менавіта таму Павел успрымае гэтую гісторыю як гісторыю збаўлення, дзе валадарства смерці і граху пераможана Езусам Хрыстом. Інакш кажучы, Езус — гэта святло, якое дае нам магчымасць зразумець, якой глыбокай і бязлітаснай з’яўляецца чалавечая ўбогасць, як ёю прасякнута чалавецтва ўжо з часу свайго ўзнікнення і як яна пазбаўляе нас магчымасці любіць Бога больш за ўсё. Бог такім чынам асвятляе бездань граху, таму што Ён — Вызваліцель і Збаўца. Як грэх прычыніў велізарнае і глыбокае спусташэнне, так збаўленне, якое нам прынёс Езус, з’яўляецца цудоўным і моцным.
Асноўная думка гэтага багатага па змесце тэксту — супрацьлеглы паралелізм паміж Хрыстом і Адамам. Адам у пачатку свету стварыў трагічныя абставіны, якія сталі спадчынай усіх людзей: грэшнасць, смерць, асуджэнне. Існуе таямнічая сувязь паміж грэшным парушэннем закону першых людзей і сумным станам, у якім знаходзіцца ўсё чалавецтва. Усе людзі нібы інфіцыраваны смяротнай заразай. Парушэнне раўнавагі чалавека ва ўсіх яго адносінах, што адбылося ў самым пачатку, аднаўляецца і пускае карані як скажоны стан, які немагчыма выдаліць. Чалавецтву неабходна нанава набыць «раўнавагу», а гэта ім можа даць толькі Езус Хрыстус.
Паралельна з заразлівым уздзеяннем граху як яго процілегласць развіваецца ацаляючая дзейнасць Езуса Хрыста, якая ўстанаўлівае паўторную раўнавагу. Бо Езус адарыў нас сваёю ласкай і справядлівасцю. Ён вызваліў нас, каб прынесці ў дар сваё жыццё і ўчыніць нас справядлівымі. Яго справа і вучэнне радыкальна змяняе стан чалавецтва, яно бескарыслівае, яно вышэй за ўсё, яно ўніверсальнае.
Спакушэнне Хрыста
У аповедзе аб спакушэнні Езуса ў Евангеллі паводле Мацвея (Мц 4, 1–11) падкрэсліваецца, што чалавек, якога ў пустыні спакушаў сатана, з’яўляецца Сынам Божым, Месіяй (пар. Мц 4, 3–6).
Да Езуса ў пустыні прыходзіць сатана. Спакушэнні апошняга можна падзяліць на тры віды. Езус адкідвае запрашэнне і перспектыву жыцця ў багацці, у ілюзорнай пэўнасці, якую ствараюць матэрыльныя даброты (пар. Мц 4, 3–4); сваім кіраўніком і ежай Ён абірае Божае слова. Езус адвяргае шлях цудоўнага і чароўнага пасланніцтва Месіі (пар. Мц 4, 5–7); Ён вырашае давяраць Богу і не выпрабоўваць Яго, не дыктаваць умоваў, але мець у Ім надзею насуперак надзеі. Езус адвяргае шлях палітычнага месіянства, заснаванага на ўладзе і моцы (пар. Мц 4, 8–10); Ён вырашае стаць слугой адзінага Пана, Ён не марыць аб панаванні і не ганарыцца сабою. Бо толькі Бог — адзіны «сапраўдны» Валадар на гэтай зямлі.
Перамога Езуса над спакушэннямі сатаны заключаецца ў Яго поўным і безагаворачным даверы Богу, што пацвярджаецца ў Святым Пісанні: «Бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць» (пар. Мц 4, 10).
Чытаючы гэты ўрывак з Евангелля, мы не можам думаць, што ў сапраўднасці сатана не спакушаў Езуса, што Езус хацеў толькі даць нам прыклад і паказаць, як пераадольваць спакусы. Езус рэальна ўдзельнічаў ва ўсім, што здараецца з людзьмі. Ён сапраўды атаясаміўся з чалавецтвам і пераадолеў спакушэнне. Ён, Божы Сын, цнатлівы і бязгрэшны, хацеў змагацца з цяжкасцямі, ілюзіямі, канфліктамі, якія абрушваюцца на людзей. І менавіта таму, што быў бязвінным і цалкам адданым Богу, Ён вытрываў выпрабаванні. Аднак толькі смерцю і ўваскрасеннем Езуса завяршылася Яго змаганне з сатаной. Завяршылася паражэннем спакушальніка.
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.