1 чыт. Дрг 11, 18. 26-28. 32; Пс 31(30), 2-3a. 3bc-4. 17 і 25.
2 чыт. Рым 3, 21-25a. 28.
Ев. Мц 7, 21-27.
Божае слова ў сэрцы
Рашэнні або выбары, якія зрабілі мы ці іншыя, можна параўнаць з «домам», у якім мы жывем. Мы ж не пачынаем кожны дзень «з нуля», а будуем на тым і выбіраем з таго, што мы ці іншыя ўжо зрабілі. Нашыя рашэнні з’яўляюцца «камянямі», з якіх складаецца будынак. Аднак дзе нараджаюцца гэтыя рашэнні і калі яны з’яўляюцца добрымі «камянямі», устойлівымі і надзейна пакладзенымі, каб не існавала пагрозы, што будынак можа абрынуцца?
Такім чынам, мы будзем размаўляць аб свабодных і поўных адказнасці рашэннях, якімі мы фарміруем наш уласны лёс і ў якія мы ўкладаем усё, чым мы ёсць і што жадаем зрабіць. Прымаючы іх, мы жывём ці паміраем. Яны будуюць або знішчаюць нашае жыццё. Гэта рашэнні, якія зыходзяць ад «сэрца», а значыць з нашага самага інтымнага свету, і яны з’яўляюцца носьбітамі найвышэйшай мэты і найвышэйшага значэння жыцця. Нам заўсёды пагражаюць спакусы і рызыка, абыякавыя адносіны да нашага жыцця, неўсведамленне сур’ёзнасці і важнасці нашых рашэнняў. Біблейскія чытанні гэтай нядзелі можна разумець як разважанне аб свабодных рашэннях чалавека.
Благаслаўленне і праклён
Урывак з Кнігі Другазаконня паказвае нам жыццё чалавека, які ў сваёй свабодзе аказваецца на раздарожжы: благаслаўленне ці праклён. Інакш кажучы, чалавечае жыццё не падпарадкоўваецца нейкаму ракавому знаку, лёсу ці іншай непазбежнасці. Бог кажа: «Вось Я сёння кладу перад вамі благаслаўленне і праклён» (пар. Дрг 11, 26). Гэтым Ён кажа нам, што чалавек можа свабодна выбіраць, і паводле гэтага выбару будзе фарміравацца яго жыццё: станоўча і паспяхова (благаслаўленне) або адмоўна і непаспяхова (праклён).
Бог не хоча пакрыўдзіць чалавека або з абыякавасцю паслаць на яго благаслаўленне ці праклён. Бог жадае, каб чалавек абраў і атрымаў благаслаўленне. Таму Ён дае чалавеку свае «словы», каб той паклаў іх у сваё сэрца і ў душу (пар. Дрг 11, 18), Ён даў яму свае запаведзі, каб той захоўваў іх (пар. Дрг 11, 27), вызначыў яму шлях, па якому ён павінен ісці (пар. Дрг 11, 28). Бог зрабіў і робіць усё для таго, каб чалавек абраў благаслаўленне, а значыць, каб мог жыць добра і шчасліва. Бог ніколі не жадае для нас зла і ніколі не хоча нас адкінуць!
Аднак мы можам прыняць рашэнне не слухаць слоў Пана, не захоўваць Яго запаведзяў і не ісці ўказаным Ім шляхам. Мы можам абраць праклён. «Праклён» у біблейскім значэнні прадстаўляе сукупнасць варожых і смяротных сіл або прастору, у якой чалавек становіцца нявольнікам крыўд і смерці.
Чалавек, каб пазбягаць спакус і цягі да праклёну, мае ад Бога «Яго» слова, якое дапамагае прымаць правільныя рашэнні ў жыцці і дае яму Божае благаслаўленне. Божае слова выганяе ўладу праклёну.
Божая справядлівасць
Чытанне з Паслання апостала Паўла да Рымлянаў уводзіць нас у добрую вестку: «Цяпер… з’явілася Божая справядлівасць» (пар. Рым 3, 21). Божая справядлівасць на мове апостала Паўла азначае моцную і дзейсную Божую волю збавіць нас, а значыць выцягнуць з праклёну. Гэтую добрую Божую волю «сведчаць Закон і прарокі» (пар. Рым 3, 21), а значыць Стары Запавет. Аднак цяпер яна цалкам і з канчатковай моцай ззяе ў Езусе Хрысце. Чалавек не можа збавіць сябе сваімі «справамі Закону», сваімі намаганнямі захоўваць Закон. Цяпер Божая справядлівасць з’явілася «незалежна ад Закону» (пар. Рым 3, 21): чалавек фарміруе свае адносіны з Богам праз веру, ва ўсім сваім быцці і ў канкрэтных сваіх паводзінах. Збаўленчыя адносіны з Богам, у якім збаўленне, з’яўляюцца для чалавека незаслужаным дарам, ласкай (пар. Рым 3, 24).
Бог прапануе збаўленне ўсім людзям, якія зграшылі, «пазбаўлены славы Божай» (пар. Рым 3, 23). Аднак усе могуць атрымаць апраўданне праз веру (пар. Рым 3, 28).
Гэты вельмі змястоўны ўрывак з паслання св. Паўла не мае прамога дачынення да тэмы выбару, прыняцця рашэнняў. Аднак паразважаць над ім карысна, таму што вера, пра якую кажа апостал Павел, — гэта поўная рэалізацыя свабоды чалавека, а значыць самы радыкальны выбар або рашэнне. У веры праз пасрэдніцтва Божага дару чалавек цалкам і з адказнасцю перажывае сваю свабоду. Паводле апостала Паўла, вера не з’яўляецца вынікам намагання чалавека, які б мог заслужыць Божы дар, яна з’яўляецца здзяйсненнем Божай ласкі ў свабоднай волі чалавека. Такім чынам, праз веру чалавек паўнавартасна рэалізуецца ў сваім прыняцці рашэнняў паводле розуму, свабоды і адказнасці.
Дом, пабудаваны на скале
У прыпавесці з сённяшняга Евангелля супрацьпастаўляюцца два дамы: дом, пабудаваны на скале, і дом, пабудаваны на пяску. Дом, фундаментам якога з’яўляецца камень, сімвалізуе жыццё, закаранёнае ў слуханні Божага слова і ў яго сапраўдным і правільным прымяненні. Такі дом вытрывае дождж і навальніцу, усе выпрабаванні.
Дом, пабудаваны на пяску, сімвалізуе жыццё, пабудаванае не на фундаменце рашэнняў паводле Божага слова. Навальніца разбурыць яго і цалкам знішчыць.
Прыпавесць пра два дамы выразна паказвае рашучы ўклад здзяйснення Божага слова. Недастаткова казаць «Пане, Пане!». Неабходна «выконваць» Божую волю (пар. Мц 7, 21). Дом, сімвал жыцця, з’яўляецца бяспечным і трывалым, калі ён пабудаваны на свабодных і сур’ёзных адносінах.
Слова «верыць» з яўрэйскай мовы азначае «абапірацца на». Такім чынам, вера з’яўляецца апірышчам для жыцця на трывалай скале волі Бога Айца. Хто верыць, той мае трывалы дом і таму не павінен штодзень шукаць прыстанку і асяроддзя, дзе яго прымуць і абароняць. Хто верыць, той жыве ў доме, дзе айцом з’яўляецца сам Бог. Хто верыць, той не пойдзе жыць у сферу праклёну (як чыталі ў першым чытанні), а будзе жыць там, дзе благаслаўленне.
Чалавека, які будуе свой дом на скале Божага слова, называюць «разумным» (пар. Мц 7, 24). Такі чалавек не жыве як прыйдзецца, не разважаючы, гэта не легкадумны чалавек, які будуе пустыя ілюзіі. Разумны чалавек — гэта той, хто абірае правільныя рашэнні, а ва ўчынках яго адказнасць, той, хто не абмяжоўваецца добрымі адчуваннямі ці прыгожымі словамі («Пане, Пане!»). Мудрасць з’яўляецца сукупнасцю розуму, адказнасці і рашэння, якія прыводзяць да добрых паводзін. Усё гэта робіць магчымым хрысціянская вера, якая дае нам сапраўдную мудрасць жыцця.
«Разумны» чалавек, якога мы толькі што намалявалі, не адпавядае і не роўны чалавеку, які думае, што ў літаральным разуменні Святога Пісання і без уласнай творчай сілы ён знойдзе прадпісанні па будаўніцтву дома. «Разумным» з’яўляецца той, хто ўмее абраць усё тое, што служыць будаўніцтву сапраўды чалавечага і ўтульнага «дома». Божае слова не хоча адмяніць усе заваяванні «чалавечай мудрасці», а вядзе іх да выканання.
Поўны сэнс Божага слова мы не можам засвоіць і «матэрыялізаваць» у нашых канкрэтных рашэннях, калі не прымем яго ў нашым сэрцы, калі не пераплавім яго ў нашых намаганнях, напружаннях і жыццёвым вопыце, без якога яно застанецца хоць і каштоўным, але абстрактным і аддаленым капіталам.
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.