2 чыт. 1 Кар 4, 1-5.
Ев. Мц 6, 24-34.
Перш за ўсё Валадарства Нябеснае
У сённяшнім Евангеллі сустракаецца слова клопат. Яно характарызуе і нашую штодзённасць. Мы ўвесь час скардзімся, што нашае жыццё напоўнена стрэсам, мы раздражнёныя і «заклапочаныя». Гэта непазбежна выклікае трывогу, страх, перабольшаныя скаргі, ілюзіі адносна будучыні, хранічны неспакой, уцёкі да забаваў. Усё гэта прытупляе жывое і глыбокае, страснае жаданне сапраўднага жыцця, аднак адначасова падкрэслівае «адчуванне», што ўсё мінае: час, маладосць. Прыходзяць бесперапынныя пагрозы ў выглядзе хваробаў, няшчасця і розных катастроф.
Дзе крыецца корань гэтых шматлікіх перажыванняў, клопатаў і неспакою, якія мы часта выдаляем пры дапамозе заспакаяльных і псіхафармацэўтычных сродкаў? Давайце шукаць не біялагічную або знешнюю прычыну нашых перажыванняў, а шукаць іх у сабе, у тым, што мы няправільна прымаем і зведваем кожны дзень у нашым жыцці. Што будзе заўтра? — вось у чым пытанне, якое нас турбуе і прыводзіць да раздражнення і неспакою.
Бог не забывае
Пасля шматлікіх год выгнання ізраільцяне страцілі давер да Бога і папракалі прарока, якога называлі другім Ісаяй, што ён кажа толькі прыгожыя словы. Яны ўвесь час паўтаралі: «Пан мяне пакінуў, Пан забыў пра мяне» (пар. Іс 49, 14). Гэта было страшнае абвінавачванне Бога ў няздольнасці і нежаданні выратаваць свой народ. Стомленасць ад пакут, страх перад невядомай будучыняй, няздольнасць знайсці выйсце прывялі ізраільцянаў да цяжкага крызісу, для якога характэрны недавер Богу.
Прарок Ісая ў сваю чаргу хоча ўказаць на тое, што Бог з’яўляецца Стварыцелем, што Ён — Моцны, што Ён можа і жадае вызваліць свой народ. Калі Бог «стварыў» Ізраэль як свой народ, як Ён мог яго пакінуць ці забыць пра яго? «Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго?» (пар. Іс 49, 15). Ізраэльскі народ з’яўляўся Божым сынам, Яго тварэннем (пар. Іс 43, 1). Як Богу не спачуваць, калі нават простая жанчына не забудзе пра свайго сына? Аднак Бог кажа: «Я не забуду цябе». А значыць, мы знаходзімся ў Божым сэрцы і ў Божых думках, мы заўсёды прабываем у Яго любові.
Час выпрабавання становіцца для ізраільцянаў нагодай для абвінавачвання Бога ў тым, што Ён не клапоціцца пра свой народ. Так бывае заўсёды. Боль, цяжкасці, няўдачы людзі ўспрымаюць як «праяўленне» Божай абыякавасці або бяссілля. Аднак прарок запэўнівае нас у тым, што вінаватага трэба шукаць не звонку, а ў нас саміх. Мы ж часам маем няправільнае ўяўленне пра Бога. У нас няма моцнага даверу і адданасці Богу, якія асноўваюцца на Яго слове.
Божыя «пасрэднікі»
Падобна ізраільцянам, якія не давяралі прароку ў выгнанні, і хрысціяне ў Карынце таксама нагаворвалі, што Павел не з’яўляецца сапраўдным апосталам. У абодвух выпадках гэта ім перашкаджала бачыць ў пасланніках Пана Божую міласэрнасць, гатоўнасць пайсці ім насустрач і вызваліць іх. Праблема тут вось у чым: тое, што не адпавядае нашым уяўленням, не прыходзіць ад Пана.
Апостал абараняе сваё апостальства і кажа: «Мне неістотна, як асудзіце мяне вы ці людскі суд, я і сам сябе не суджу. Бо я ні ў чым сябе не дакараю, але гэта не апраўдвае мяне» (пар. 1 Кар 4, 3–4). Апостал аддае сябе не чалавечаму суду, а Божаму: «Пан ёсць тым, хто судзіць мяне» (пар. 1 Кар 4, 4). Ён настаўляе нас давяраць Божаму Провіду і быць свабоднымі ад чалавечых паклёпаў.
Павел дадае: «Я ні ў чым сябе не дакараю, але гэта не апраўдвае мяне» (пар. 1 Кар 4, 4). Хоць сумленне ні ў чым яго не дакарае, Апостала тым не менш не турбуе жаданне паказаць, кім ён на самой справе з’яўляецца. Большая частка нашага неспакою зыходзіць з імкнення «ацэньваць іншых і сябе», даваць ацэнку свайму асабістаму жыццю і жыццю іншых.
Паводле апостала Паўла, важна толькі тое, каб «кожны аказаўся верным» (пар. 1 Кар 4, 2). Аднак нашае імкненне быць вернымі Богу не павінна стаць довадам для апраўдання заклапочанасці і неспакою. Пан жадае, каб мы шукалі Яго з радасцю і ў супакоі. Аднак гэта не азначае раўнадушша і сляпой веры ў лёс. Апостал Павел падкрэслівае значэнне дзейснай веры, а значыць і паслухмянасці і прызнання ўсяго, што Бог дае нам праз апосталаў як праз сваіх «пасрэднікаў».
Не клапаціцеся
Езус адназначна акрэслівае перад намі альтэрнатыву: «Езус сказаў сваім вучням: Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне» (пар. Мц 6, 24). Альтэрнатыва наступная: выбраць Бога і самаадрачэнне або грошы і багацце. Выбраць Бога значыць перажываць першае благаслаўленне: «Благаслаўлёныя ўбогія духам».
Той, хто выбраў Бога як найвышэйшую каштоўнасць свайго жыцця, вызвалены ад напружання і неспакою. Людзі імкнуцца ўсё мець, каб (як ім здаецца) быць шчаслівымі. Езус жа кажа, што шчасце заключаецца ў поўным даверы і адданасці Богу.
Заклапочанасць, пра якую кажа Езус, датычыць будучыні: што мы будзем есці, піць, што мы апранем і г.д. Колькі разоў і мы турбаваліся аб заўтрашнім дні, колькі разоў мы са страхам чакалі, што будзе! Калі мы так сябе паводзім, то не можам упоўні перажываць сённяшні дзень. Можа здарыцца, што мы не будзем жыць увогуле. Мінулае не вернеш, а цяперашняму мы не радуемся таму, што яно напоўнена заклапочанасцю аб заўтрашнім дні, які яшчэ не наступіў.
Езус кажа нам жыць цяперашнім момантам упоўні, з вераю ў тое, што Бог клапоціцца аб нас: «Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым» (пар. Мц 6, 32). Бог клапоціцца аб нас, як айцец і сябра. «Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж больш вас, малаверныя!» (пар. Мц 6, 30). Выснова відавочная: «Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Хопіць кожнаму дню свайго клопату» (пар. Мц 6, 34).
Кожны дзень жыць адданасцю і даверам Богу Айцу — гэта крыніца шчасця. Бо толькі так можна адкрыць дзейсную прадбачлівую любоў, якая паходзіць ад Айца, якая корміць нябесных птушак і апранае палявыя ліліі.
Аднак тут гаворка ідзе не пра вызваленне нас ад абавязкаў, бо мы чытаем настаўленне Езуса: «Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай» (пар. Мц 6, 33). Вырашальным тут з’яўляецца тое, каб мы з усіх сіл імкнуліся напоўніць кожны цяперашні момант шчырым пошукам «пабожнасці», адноўленага і больш чалавечага свету, што будзе дасягнута толькі з прышэсцем Божага Валадарства. З адданасцю Богу і даверам Яму мы павінны імкнуцца падрыхтаваць месца для Божага Валадарства, быць пабожнымі, як прагне Бог. Гэта дапаможа нам вызваліцца ад заклапочанасці пра заўтрашні дзень, ад страху і неспакою.
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.