Любіць нават ворагаў
Папулярным з’яўляецца меркаванне, што навізна хрысціянскай весткі ў адносінах да Старога Запавету заключаецца менавіта ў запаведзі любіць ворагаў. На аснове такога меркавання мы маглі б сцвярджаць, што ў змесце Старога і Новага Запаветаў існуе істотная розніца. Мы маглі б нават казаць аб супярэчнасці паміж этыкай любові ў Новым Запавеце і этыкай справядлівасці ў Старым Запавеце, або аб супярэчнасці паміж універсальнай любоўю ў Новым Запавеце і этыкай «асаблівай» любові ў Старым Запавеце. Пры дапамозе гэтых супярэчнасцяў паміж Старым і Новым Запаветамі, супастаўляючы этычныя нормы і змест, мы хацелі б растлумачыць, у чым крыецца хрысціянская «навізна» ў адносінах да габрэйскай рэлігіі.
Сённяшнія першае чытанне і Евангелле апавядаюць пра любоў да бліжняга. Уяўная супярэчнасць зместу, якую мы бачым у словах з Евангелля («вы чулі… а Я вам кажу…»), на самой справе раскрывае сутнасць: Езус дае прамое тлумачэнне этыцы Старога Запавету менавіта тым, што з’ядноўвае кожную маральную норму са сваёй асобай. Такім чынам, хрысціянская «навізна» заключаецца менавіта ў сувязі паміж маральнай нормай Старога Запавету і асобай Езуса Хрыста.
Любі бліжняга свайго
Урывак з Кнігі Левіта прадстаўляе любоў да «бліжняга» праз этычны сінтэз. Паняцці «бліжні» або «вораг» тут азначаюць «супляменніка» або «сына свайго народу». Гэта вынікае з таго факту, што ў Кнізе Левіта напісана пра «чужых» і «чужых працаўнікоў», у адносінах да якіх павінен дзейнічаць закон любові (пар. Лев 19, 33–34).
У Старым Запавеце кажацца нават аб тым, якімі павінны быць адносіны габрэя да свайго «ворага»: «Калі знойдзеш вала ворага твайго ці асла ягонага, што заблукаў, прывядзі яго яму. Калі ўбачыш асла ворага твайго, які ўпаў пад цяжарам ношы сваёй, не пакідай яго» (пар. Зых 23, 4–5).
Гэта мараль салідарнага і бескарыслівага сяброўства: дапамагаць ворагу, нічога не патрабуючы за гэта, нават не чакаючы ўзнагароды. Хоць тут няма дакладнай фармуліроўкі «любіць ворага», аднак тут змешчана ўся сутнасць Закону, якая ў Новым Запавеце прыводзіцца дакладна. Адрозненне мы знаходзім у мове, а не ў змесце.
У рэшце рэшт, на пытанне кніжніка «Якая запаведзь першая з усіх?» (Мк12, 28) Езус адказвае, спасылаючыся на класічныя тэксты (гл. Дрг 6, 5; Лев 19, 18), адзін з якіх кажа пра любоў да Бога, а другі — пра любоў да чалавека. Акрамя гэтага, трэба мець на ўвазе, што на яўрэйскай мове паняцце «справядлівасць» азначае «салідарную любоў», што з’яўляецца эквівалентным словазлучэнню «любоў да бліжняга».
Мы не павінны ўводзіць сябе ў зман адрозненнямі ў мове ў асобных кнігах Святога Пісання, бо ў сучасных перакладах Бібліі дадаюцца гэтым тэрмінам звыклыя значэнні, уласцівыя сучаснай мове.
Любіце ворагаў сваіх
У першую чаргу варта спытаць: у чый адрас было прамоўлена нагорнае казанне? Ні народам, ні дзяржавам. Езус звяртаецца да таварыства сваіх вучняў, якія прымаюць Яго заклік жыць так, як жыў Ён сам. Езус прыносіць этыку, якая магчыма і якую рэальна здзяйсняць (хоць з некаторымі выключэннямі) толькі ў грамадстве братоў і сясцёр, якія жывуць у агульнасці веры, дапамагаюць адно аднаму, узаемна падтрымліваюць адно аднаго, і сярод іх прысутнічае сам Езус, які дае ім сілу свайго Духа.
Нагорнае казанне — гэта не «казуістычны закон» або спіс «выпадкаў» з рэцэптамі іх вырашэння. Нямецкі экзэгет J.Ernst адносна гэтага выказаў наступную думку: «Калі патрабаванні з нагорнага казання лічацца этычнымі нормамі, то яны не маюць ніякага сэнсу. Іх значэнне хутчэй заключаецца ў тым, што яны павінны служыць знакамі і ўказальнікамі. У рэчаіснасці яны жадаюць выразным чынам выклікаць увагу да новай эпохі збаўлення, якую пачаў здзяйсняць Езус». Езус замяняе чалавечую логіку «ўлады і сілы» логікай «любові».
Этыка Езуса прыводзіць да напаўнення этыкі Старога Запавету, дзе «закон помсты» не быў патрабаваннем помсты, ён нават патрабаваў парадку, заснаванага на асабістай адказнасці і на прынцыпе аднолькавай адплаты за ўчыненае зло: ты не можаш учыніць большае зло, чым табе ўчынілі. У Кнізе Зыходу падкрэсліваецца прынцып велікадушнасці: чыніць дабро, не чакаючы ўзнагароды (гл. Зых 23. 4–5). Гэтага ж Езус патрабуе і ў дачыненні да таго, хто чыніць зло. Езус заклікае адрачыся нават ад асабістых правоў дзеля любові да чалавека, хоць ён і будзе нашым ворагам.
Патрабаванні Езуса можна было б зразумець і іншым чынам: «Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую». Гэта накшталт таго, калі б мы сказалі: «Адрачыся ад правоў сваіх, якія належаць табе па праву, устаноўленаму ў грамадстве». Езус абвяшчае мараль сяброўскай велікадушнасці, якая ўжо ёсць у Законе Старога Запавету, у Кнізе Зыходу. Святы апостал Павел фармулюе той жа прынцып наступным чынам: «Перамагай зло дабром» (пар. Рым 12, 21).
Пры гэтым Езус падкрэслівае не прававы прынцып, не грамадзянскі закон, а «новы закон», які павінна выконваць супольнасць Яго вучняў, каб не быць падобнымі да язычнікаў: «Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?». Вучні, наследуючы Езуса, наследуюць таксама Айца Нябеснага: «Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны».
Езус таксама паказвае, што коранем кожнага граху з’яўляецца насілле. Таму Ён заклікае адрачыся ад закону ўзаемнай адплаты, помсты, а значыць не адказваць насіллем на насілле. Больш таго, Езус заклікае ісці насустрач таму, хто чыніць табе зло або крыўду.
Езус кажа сваім вучням «маліцца» за тых, хто іх пераследуе, падобна таму, як Ён учыніў гэта на крыжы, просячы Бога Айца: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (пар. Лк 23, 34).
Божая святыня
Урывак з Першага паслання апостала Паўла да Карынцянаў (гл. Кар 3, 16–23) таксама звяртае ўвагу на любоў, якая фарміруе хрысціянскае грамадства, якому з-за эгаізму пагражае «знішчэнне»: «Калі хто зруйнуе святыню Божую, таго зруйнуе Бог». Хрысціянскае грамадства называецца «святыняй Божай», таму што ў ёй жыве Дух Божы.
Аднак хрысціянам пагражае эгаізм, які вядзе іх да супярэчнасцяў і барацьбы паміж сабою.
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.