Пошук

11.02.2011 00:00  

1 чыт. Сір 15, 15-20; Пс 119(118),1-2. 4-5. 17-18. 33-34.
2 чыт. 1 Кар 2, 6-10.
Ев. Мц 5, 17-37 альбо карацейшае Мц 5, 20-22а. 27-28. 33-34а. 37
.


Закон і свабода

На першы погляд людзям здаецца, што паміж законам і свабодай існуе пэўнае напружанне, а нават невырашальная супярэчлівасць. Ці не з’яўляецца ў сапраўднасці закон перашкодай для свабоды, тормазам для неабмежаванага размаху чалавечага гарачага жадання? Хіба не праўда, што закон — як казалі рабіны — з’яўляецца агароджай, якая абмяжоўвае свабоду чалавека? Ці не з’яўляецца намаганне вызваліцца ад кожнага прымушэння марай сучаснага «звышчалавека»? Менавіта пра гэта сведчыць сучасная культура, на якую аказала ўплыў філасофія Ніцшэ. З іншага боку, чалавек «празмерна тэхнізаваны» развівае ў сабе ідэал улады, свабоднай ад закону, які б абмяжоўваў яе. Такі чалавек выхоўвае ў сабе прагненне гэтай улады.

Якая ж складаная гэта свабода! Яна ўвесь час падпадае пад атаку нашых ілюзій, гарачых жаданняў і знешняга «прымусу». Сапраўдная свабода не можа існаваць без любві. Аднак ці можа яна існаваць без закону? І калі любоў рэгулюецца законам, ці можа яна заставацца спантаннай, шчырай і поўнай свабоды? Гэтыя і падобныя пытанні нараджаюцца ў нас зноў і зноў. Іх прыносяць акалічнасці, у якіх мы жывём. Аб гэтых пытаннях мы будзем чытаць таксама ў біблейскіх тэкстах на гэтую нядзелю.


Ніякага фаталізму!

Сын Сірахаў падкрэслівае свабоду чалавека і яго здольнасць выбраць сабе агонь ці ваду, жыццё або смерць, справядлівасць або грэх. Бог не прадвызначае чалавечае існаванне: «Ён нікому не загадваў быць бязбожным і нікому не даваў дазволу грашыць». Калі Бог дае законы, гэта не значыць, што Ён абмяжоўвае свабоду чалавека. Наадварот, паводле сына Сірахава, закон атаясамліваецца з дарам свабоды і адказнага рашэння, і чалавек прымае яго ад Бога як тое, што Ён стварыў. Бо сказана: закон, які дае Бог, не ставіць сябе вышэй за свабоду ці супраць яе, ён з’яўляецца словам, якое адкрывае дар свабоды.

Калі чалавек кіруецца законам, ён цалкам здзяйсняе сваю свабоду. «Закон» і «свабода» — гэта дары Бога чалавеку: адзін служыць другому, яны не супярэчаць адно аднаму. Толькі няправільнае ўяўленне, што свабода паходзіць ад чалавека, а закон ад Бога, можа прывесці да меркавання, што яны несумяшчальныя. Такім чынам, мы можам зразумець, чаму апостал Якуб кажа пра «закон свабоды» (гл. Як 2, 12), гэта значыць пра Божы закон, які нараджае і падтрымлівае сапраўдную свабоду чалавека. Таму зло і грэх з’яўляюцца для чалавека адмаўленнем ад закону, што ў сваю чаргу, вядзе да несвабоды, рабства, якое прыніжае чалавека. Бог не можа несці адказнасць за зло, учыненае чалавекам.


Закон для «ідэальных» людзей

У Першым Пасланні да Карынцянаў (гл. 1 Кар 2, 6–10) мы бачым палемічны адказ апостала Паўла на погляды хрысціянаў у Карынце. Апошнія лічылі, што нібыта існуе два «ўзроўні існавання»: адзін — «нізкі», г.зн. для людзей яшчэ недасканалых і нясталых, а другі — для дасканалых, «духоўна» сталых. Відавочна, карынцяне, з якімі Павел палемізуе, лічылі сябе тымі, хто адносіцца да катэгорыі дасканалых: «Мы абвяшчаем мудрасць сярод дасканалых…» (пар. 1 Кар 2, 6).

Павел супрацьпастаўляе «мудрасць Божую» «мудрасці» гэтага свету, а значыць мудрасці тых, хто лічыць сябе дасканалымі: мудрасць гэтага свету абураецца толькі ад думкі пра веру ва ўкрыжаванага Езуса. Аднак менавіта гэта паказвае нам Божая Мудрасць. Яна дае чалавеку магчымасць пазнаць Божы план збаўлення свету праз укрыжаванне Божага Сына Езуса Хрыста.

Божы план збаўлення нельга выводзіць ні з чалавечых назіранняў, ні з нейкага філасофскага разважання: «Чаго вока не бачыла, і вуха не чула і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (пар. 1 Кар 2, 10). Толькі праз Божае Аб’яўленне чалавек можа пазнаць Божы план збаўлення, здзейснены Езусам Хрыстом. Аднак гэтае аб’яўленне не з’яўляецца прамым, яно апасродкавана людзьмі, якіх Бог сабе абраў, і сярод іх таксама апостал Павел (гл. 1 Кар 1, 17).

Апостал Павел папракае карынцянаў за тое, што яны лічаць сябе цалкам дасканалымі, асновай «закону». На іх думку, яны самі ў стане вызначаць, што добрае. Іх самалюбства прыводзіць нават да таго, што яны адмаўляюць укрыжаванага Езуса, бо гэта не падыходзіць да іх сістэмы каштоўнасцяў, узятай з язычніцкага свету. Апостал жа, наадварот, нанава энергічна падкрэслівае, што «мудрасць» паходзіць ад Бога, які праз сваё Аб’яўленне дае пазнаць, што з’яўляецца добрым і прыдатным. Карынцяне не жадаюць усведамляць няправільнасць іх меркавання, паводле якога добра толькі тое, што паходзіць ад чалавека. Павел жа, наадварот, заяўляе, што добрае паходзіць толькі ад Бога.


Езус і закон

У нагорным казанні Езус кажа, што Божае Валадарства не адмяняе Закону Майсея, а наадварот, здзяйсняе яго: «Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць» (пар. Мц 5, 17). «Закон і прарокі» — гэтыя словы акрэсліваюць увесь Стары Запавет, які спаўняецца ў Езусе. Якім чынам Езус спаўняе Закон?

Фарысеі, з якімі Езус вёў палеміку, разумелі Закон як агароджу, за якой чалавек мог свабодна дзейнічаць, аднак якая не дазваляла змяніць кірунак шляху, які ўказваў Закон. Тым не менш, нельга казаць, што ўсе фарысеі неправільна разумелі сапраўдны сэнс Закону ў Старым Запавеце. Нельга таксама лічыць, што Езус прынцыпова асуджае яўрэйскае фарысейства: «Сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з Закону, пакуль не збудзецца ўсё» (пар. Мц 5, 18). Езус аб’яўляе сілу Закону Старога Запавету да найдрабнейшых падрабязнасцяў, аднак пры ўмове, што правільна разумеецца яго сапраўдны сэнс, які ён набывае ў святле абвяшчэння Божай таямніцы і жыцця Езуса Хрыста.

Евангеліст Мацвей у многіх канкрэтных прыкладах указвае на пераемнасць паміж добрай весткай Езуса і навучаннем, прапанаваным у Старым Запавеце, а таксама на яго выкананне: «Вы чулі, што было сказана прарокам?.. А Я кажу вам…».

У чым заключаецца навізна-выкананне, якое прыносіць Езус? Гэта не толькі заклік да шчырасці і да больш глыбокага падыходу да Закону, бо кожны сапраўдны фарысей клапаціўся пра гэта. Навізна не заключаецца таксама і ў новым Законе, бо Закон Старога Запавету не быў адменены і заставаўся ў сіле. Езус кажа, што Ён сам з’яўляецца асновай маральнага абавязацельства: «А Я кажу вам…». Гэта Ён сам усім сваім жыццём кажа тое, што добра, бо дабро не можа прыйсці «ніадкуль», а толькі ад Яго.

Такім чынам, свабода чалавека заключаецца ў тым, што ён павінен чыніць так, як чыніў Езус — сапраўды свабодны Чалавек. І маральны закон мы будзем здзяйсняць, калі будзем паступаць так, як паступаў Езус Хрыстус.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 29.01.2020 13:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа