Пошук

04.02.2011 00:00  

1 чыт.  Іс 58, 7-10; Пс 112(111), 4-5. 6-7. 8а і 9.
2 чыт. 1 Кар 2, 1-5.
Ев. Мц 5, 13-16
.


Соль зямлі

Пытанне адносін паміж верай і грамадска-палітычным удзелам хрысціяніна (або Касцёла) заўсёды актуальнае. За апошнія сто год настаўніцкі аўтарытэт Касцёла выдаў вялікую колькасць «урачыстых» дакументаў.

З-за вялікай колькасці і рознага характару гэтых дакументаў паўстае пытанне: ці ёсць у Божым Аб’яўленні таксама навучанне, якое датычыць сацыяльных праблем грамадства? Нам здаецца, што мы не маем права літаральна спасылацца на Біблію, бо ў ёй утрымліваецца навучанне, якое непасрэдна адносіцца да грамадскага ладу. Незадавальняючым з’яўляецца таксама рашэнне «напрыклад», паводле якога звышнатуральны свет — гэта прататып для зямнога свету. Мы лічым, што лепш спасылацца на Божае Аб’яўленне, якое з’яўляецца святлом для ўсяго грамадскага жыцця і таму можа нам растлумачыць яго рэлігійнае значэнне.

Такім чынам, якая роля хрысціяніна ў адносінах да грамадскага жыцця?


Аддай галоднаму свой хлеб

У Кнізе прарока Ісаі (гл. 58, 7–10) мы чытаем словы, якія натхняюць на справядлівасць і любоў да бліжняга: «…аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш…». Затым ідзе абяцанне: «…тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень». Тут мы бачым абяцанне святла збаўлення таму, хто будзе чыніць справядлівасць і з любоўю адносіцца да бліжняга.

Відавочным тут з’яўляецца і асуджэнне прарокам такіх паводзін, пры якіх аддзяляецца пабожнасць і пашана да Бога ад чынення справядлівасці і захоўвання закону ў грамадстве (гл. Іс 58, 1–6). Збаўленне датычыць кожнага чалавека. Яно ператварае яго і дыктуе яму «новыя» паводзіны таксама і ў грамадскай сферы жыцця. Без грамадскай справядлівасці і міласэрнасці рэлігійны абрад становіцца пустым і фармальным. Нават здзяйсняемая грамадская несправядлівасць становіцца перашкодай для збаўлення, якое нам прапануе Бог (гл. Іс 59).

Прарок не сцвярджае, што грамадскі лад зробіць людзей добрымі або выратуе іх, бо гэта з’яўляецца плёнам дзеяння Бога. Законы грамадства не здольны зрабіць людзей добрымі: воля чалавека становіцца добрай толькі з дапамогай Божай ласкі. Толькі Бог можа збавіць. Аднак Божая ласка ператварае волю чалавека і робіць яе добрай, і такім чынам робіць магчымым, каб воля людзей «стварала» «правільны», справядлівы лад. Гэта значыць такі грамадскі лад, у якім воля людзей будзе гатова заўсёды і цалкам прымаць дзеянне Божай ласкі.


Сіла прапаведавання Божай таямніцы

Як піша апостал Павел (гл. 1 Кар 2, 1–5), яго прапаведаванне Божай таямніцы не чэрпае сілы і здольнасці ператвараць чалавека з асабістай мудрасці і аратарскай здольнасці. Тут крыніца — Божая ласка. Ён гэта зразумеў, зыходзячы са свайго вопыту, калі пасля няўдачы ў Афінах пайшоў у Карынфу (пар. Дз 17, 32–33). Хранічная хвароба (пар. 2 Кар 12, 7) і яго някідкі і сціплы знешні выгляд (пар. 2 Кар 10, 10) часам з’яўляліся прычынай таго, што карынцяне не маглі да канца прыняць яго прапаведаванне. Аднак апостал не кіраваўся чалавечай ідэалогіяй. Ён давяраў «выяўленню духа і сілы»: «Я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага» (пар. 1 Кар 2, 2).

Такім чынам, як Павел хоча прапаведаваць Божую таямніцу? Ён не жадае прапаведаваць нейкую ідэалогію ці філасофію. Ён хоча абвяшчаць пасланне аб збаўленні, якое датычыць самай высокай мэты жыцця чалавека, якое зрабіў магчымым праз сваю смерць і ўваскрасенне Езус Хрыстус. Павел не абмяжоўвае свайго прапаведавання распаўсюджваннем нейкага «меркавання», ён не жадае, каб яго прапаведаванне людзі разумелі выключна як філасофскую тэорыю. Ён жадае, «каб вера вашая абапіралася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай».

Апостал клапоціцца аб збаўленні кожнага чалавека і яго адносінах да Езуса Хрыста, які сваёй Боскай сілай перамяняе людзей, каб яны былі лепшымі, і такім чынам Ён паляпшае іх грамадскія адносіны. Гэта азначае, што з Божага Аб’яўлення нельга выводзіць «сацыяльную тэорыю».

Маральную каштоўнасць чалавечай волі не вызначаюць знешнія ўмовы: «Няхай кожны застаецца ў тым званні, да якога пакліканы» (пар. 1 Кар 7, 20). І адна толькі змена сацыяльнага становішча таксама не зробіць нас добрымі.


Соль і святло

У Евангеллі на гэтую нядзелю Езус нас вучыць, якім з’яўляецца «значэнне» хрысціянскага грамадства ў свеце, і прымяняе для гэтага два малюнкі: малюнак солі і малюнак святла.

Соль, якая ўжываецца для таго, каб прадукты не псаваліся, азначае цвёрдасць, пастаянства, настойлівасць. Яна ўжывалася таксама пры заключэнні дамоваў і пагадненняў як знак таго, што яны павінны заставацца нязменнымі і трывалымі.

Цяпер хрысціяне з’яўляюцца соллю зямлі, таму што іх прысутнасць з’яўляецца гарантыяй трываласці «дамовы» паміж Богам і людзьмі. Калі нават хрысціяне «страцяць сваю моц», то сапсаванасць распаўсюдзіцца без перашкодаў. Аднак калі будуць хрысціяне верныя дагавору з Богам, то стануць у Божых руках знакам і сродкам для спакойнага вызвалення і паяднання чалавецтва. Зразумела, што ніхто не сцвярджае, што збаўленне свету залежыць ад хрысціянаў. Тым не менш, іх значэнне і прысутнасць у свеце і для свету нельга аспрэчваць.

Езус параўноўвае хрысціянскае грамадства таксама з «горадам, які стаіць на вяршыне гары», і са свечкай, якая «свеціць усім у доме». Гэта азначае, што хрысціянскае грамадства павінна быць таварыствам чыстых душ. Хрысціяне павінны быць грамадствам, якое свеціць у гэтым свеце: іх лад жыцця павінен выпраменьваць хвалу Айца.

Нельга сцвярджаць, нібыта хрысціяне заўсёды з’яўляюцца прыкладам ва ўсім і для ўсіх. Аднак насуперак сваім недахопам і грахам, яны павінны паказваць, што яны давяраюць толькі Богу і сведчаць пра тое, што толькі Бог з’яўляецца сапраўднай асновай усялякаму дабру і добразычлівасці. Хрысціяне павінны ствараць новую сям’ю Божых дзяцей як новае грамадства, якое паказвае ўсім людзям вышэйшую мэту жыцця і крыніцу ўсялякіх добрых паводзін.

Езус тлумачыць: «Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах». …Такім чынам, мы павінны сведчыць пра веру ў Божую міласэрнасць, якая дае нам сілы чыніць добрае. Інакш кажучы, хрысціянскае грамадства павінна быць у свеце жывым сведчаннем таго, што ўвесь час існуе магчымасць, каб свет змяніўся і стаў лепшым, калі мы будзем верыць у збаўленчую моц Бога.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 15.01.2020 17:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця