1 чыт. Саф 2, 3; 3, 12-13; Пс 146(145), 6c-7. 8-9a. 9bc-10.
2 чыт. 1 Кар 1, 26-31.
Ев. Мц 5, 1-12а.
Благаслаўлёныя ўбогія духам
Звычайнай з’явай стала тое, што нашы скаргі, незадаволенасць і маралізатарскія казанні арыентаваны супраць спажывецкага грамадства. Такія дылетанты-інтэлігенты, маралісты, перш за ўсё падчас святаў асуджаюць празмерны расход і раскідванне грошаў павярхоўнымі, несур’ёзнымі, пустымі і ганарыстымі людзьмі.
Папрокі, словы дакору і праклёны ў адрас такога роду грамадства з’яўляюцца таксама ў газетах, падкупленых дарагой рэкламай, прыходзяць з тэлевізійных каналаў, перапоўненых бессэнсоўнымі, але прыбытковымі ўвесяляльнымі перадачамі. Сёння амаль усе людзі заяўляюць, што яны стаяць на баку бедных, што любяць іх і дапамагаюць ім; а замест пагарды да ўбогіх грамадства праяўляе да іх клопат. Здаецца, усе згодныя з Евангеллем. Аднак рэчаіснасць іншая: бедныя застаюцца беднымі, яны ўсімі забытыя і адкінутыя на перыферыю грамадства. Ці ўсё гэтае прымітыўнае і таннае маралізатарства не з’яўляецца зачараваным колам звычайнай крывадушнасці?
Пошукі Бога і беднасць
Першае чытанне прадстаўляе два невялікія ўрыўкі з Кнігі прарока Сафоніі, які жыў каля 630 г. да нараджэння Хрыстовага. У першым урыўку тройчы паўтараецца слова «шукайце» (гл. Саф 2, 3). У ім абвяшчаецца «дзень гневу Пана» — Божы Суд. Маючы на ўвазе гэты дзень, прарок заклікае Божы народ да навяртання, выкарыстоўваючы словы «шукайце Пана». Пошукі Бога канкрэтна выражаны ў наступных двух закліках: «Шукайце справядлівасці, шукайце пакоры». «Справядлівасць» азначае будаванне грамадства людзей і братоў з роўнымі правамі. «Пакора» ж выражае адданасць Богу і давер Яму (замест гэтага слова можна было б нават ужыць слова «ўбогасць»). Заклік прарока да справядлівасці і пакоры скіраваны і да нас, каб мы не толькі прымалі актыўны ўдзел у іх станаўленні, але і глыбока ў сваіх сэрцах былі шчырымі ў адносінах да Пана. Сапраўды, не адкрыўшыся ў пакоры на Пана, немагчыма быць здольнымі на шчыры пошук справядлівасці.
Другі ўрывак літургічнага чытання ўтрымлівае пазітыўнае Божае абяцанне (гл. Саф 3, 12–13). Нягледзячы на ўсе нявернасці і здраду, сам Бог захавае рэшту Ізраэля, групу верных юдэяў, якая названа «народам пакорным і бедным». Гэты народ будзе жывым сведчаннем Божай дабрыні, якая будзе падтрымліваць у ім жыццё. «Яны будуць шукаць прытулку ў імені Пана» і ўскладуць на Яго ўсю сваю надзею. У гэтай адданасці Богу яны будуць чэрпаць сілы для аднаўлення маральных паводзін. Яны «не будуць чыніць беззаконне, не будуць гаварыць няпраўду». Такія паводзіны стануць плёнам Божага дзеяння. Бог дасць ім адпачынак і жыццё ў свеце, «і ніхто не спалохае іх». Сам Бог будзе іх абаронай, у якой яны знойдуць прытулак.
Хваліцца ў Пану
Хрысціянскае грамадства ў Карынце не было грамадствам «інтэлігентаў»: «няшмат сярод іх мудрых». Аднак гэта не азначае, што гэта былі толькі ніжэйшыя слаі грамадства. Некаторыя з іх былі адукаванымі, займалі прывілеяваныя палітычныя пасады або мелі знатнае паходжанне. Тым не менш, Евангелле распаўсюджвалася перш за ўсё ў сярэдніх слаях гарадскіх цэнтраў. У рэшце рэшт, хрысціянства не з’яўляецца нейкай абстрактнай філасофіяй або рухам інтэлігентаў. Аднак якою была небяспека, на якую рэагуе Павел?
Распаўсюджвалася імкненне ідэалізаваць заснавальнікаў філасофскіх школ і, магчыма, многія праяўлялі схільнасць да Паўла, Апалоса і іх супрацоўнікаў, філосафаў або да заснавальнікаў розных ідэйных накірункаў. Гэта вяло да меркавання, што ў кожнага з іх нібыта была свая «партыя», свая «школа», якая адрозніваецца ад іншых і супярэчыць ім.
У гэтай сітуацыі Павел заклікае веруючых разумець хрысціянства не як адзін са шматлікіх філасофскіх накірункаў, а як Божую мудрасць, дадзеную нам праз Езуса Хрыста: «Праз Яго і вы існуеце ў Хрысце Езусе». Новае жыццё хрысціяніна прыносіць новую перспектыву ў рэальным свеце, з дапамогай якой хрысціянін вызваляецца ад агульнапрынятых адносін і поглядаў, што бяруцца светам за аснову пры вызначэнні слабага і моцнага, каштоўнага і не. Вырашальным крытэрыем погляду для хрысціяніна з’яўляецца Божы крытэрый: «Але Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных, і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам».
Толькі «мудрасць», дадзеная нам у Хрысце і з Хрыстом, робіць магчымым дакладнае ацэньванне рэчаў і правільны выбар паводле «справядлівасці» і «пасвячэння». Свет пашырае свае крытэрыі ацэнкі, свае каштоўнасці, якія ён прызнае, а грамадства накіроўвае ва ўціску, падаўляючы грамадскае меркаванне. Хрысціянін павінен паводзіць сябе цалкам інакш. Ён не кіруецца ўсеагульнымі схемамі, не дазваляе ім уплываць на сябе праз «імпульсы», якія распаўсюджвае пануючая культура. Аднак гэта не прыводзіць яго да нейкіх надзьмутых адносін «цудоўнай арыстакратычнай ізаляванасці»: «Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану».
Хрысціянін, адукаваны ён ці неадукаваны, моцны ці слабы, знатнага ці простага паходжання, ведае, што змяненне грамадства і якасці жыцця паходзіць ад Пана, а не ад чалавечых «сродкаў». Толькі Пан можа сапраўды нас аднавіць, толькі ў Ім мы можам хваліцца.
Абраць сабе ўбогасць
Езус падымаецца на гару, якая сімвалізуе Божую прыстунасць. Ён ідзе на месца, правобразам якога з’яўлялася гара Сінай. Ён абвяшчае статут народу Новага Запавету. Езус паказваецца як новы Майсей, нават як Божы Сын, Эммануэль, які прама прамаўляе да людзей. Размова на гары з’яўляецца «торай» Месіі, якою Божы Сын адабрае новую і вечную дамову з людзьмі.
У васьмі благаслаўленнях Езус абагульняе новы «запавет», які Ён прадстаўляе не як закон або катэгарычны прысуд, а як абяцанне і запрашэнне. Кожнае благаслаўленне складаецца з дзвюх частак: у першай прыводзіцца выбар-рашэнне, жыццёвая сітуацыя або жыццёвыя ўмовы, у другой частцы даецца абяцанне. Напачатку прыводзіцца абяцанне шчасця («шчаслівыя»). Першае і апошняе благаслаўленне складаюць нібы рамкі (пар. Мц 5, 3. 10) з самім абяцаннем: «бо іх ёсць Валадарства Нябеснае». Астатнія шэсць благаслаўленняў таксама складаюцца з дзвюх частак. Тры благаслаўленні апісваюць «адмоўныя» сітуацыі цярпення і прыгнёту, а іншыя тры датычаць станоўчай дзейнасці або стану. Тры першых адносяцца да сітуацый, у якіх чакаецца і прыходзіць абяцанне вызвалення. У трох наступных паказваюцца станоўчыя адносіны, якія адпавядаюць патрабаванням Божага Валадарства.
Засяродзімся на першым благаслаўленні: «Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае». Езус называе шчаслівымі тых, хто дабравольна выбірае ўбоства. «Убогія духам» у сапраўднасці азначае не беднасць духа, а ўнутранае адасабленне ад маёмасці. «Дух», паводле Святога Пісання, з’яўляецца цэнтрам асобы, дзе рэалізуюцца рашэнні. Такім чынам, убогасць духа заключаецца ў тым, што чалавек выбірае яе для сябе, у тым, што ён жадае яе, а не ў тым, што ён вымушаны яе цярпець з-за пэўных абставін. Існуць «бедныя з неабходнасці», якіх Езус супрацьстаўляе «бедным на аснове выбару, рашэння». Так, убоства выбірае сабе той, хто вырашае жыць без накіраванасці на грошы, уладу і кар’еру. Убогі ў духу — гэта той, хто пазбавіўся ад ідалапаклонства грошам і ўладзе.
Езус выбірае ўбоства. І не толькі для таго, каб дапамагаць убогім. Хрысціянін з’яўляецца ўбогім тады, калі ён дзейнічае, як Езус: заўсёды ўскаладае надзею на Бога і безагаворачна давярае толькі Яму. Такое ўбоства Езуса азначае давер, які заўсёды пакідае месца для непрадбачанага дзеяння Бога, якое вызваляе і з’яўляецца для хрысціяніна надзеяй, што ў ім укараніцца Бог.
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.