Радасць у Божым Валадарстве
Сёння сталі моднымі «спецыялісты» па песімізму, саркастычнаму цынізму, маладушшы і любові, якая аказваецца ў тупіку. Людзі імкнуцца аб’ектывізаваць і дыскрэдытаваць хаця б толькі размову аб радасці, бо лічаць гэтую размову пустою ці няшчырай. Экспертам песімізму здаецца, што свет створаны дрэнна, таму яны лічаць сваім абавязкам прадставіць сур’ёзныя папрокі ў адрас Стварыцеля за непарадак і бедствы ў створаным Ім свеце. Аднак стаўленне з пагардай да жыцця і свету, насмешкі з тых, хто верыць, што яны могуць прыняць удзел у аднаўленні касмічнага парадку, і адмаўленне абсалюту знаходзяцца ў супрацьлегласці з сур’ёзным рэалістычным падыходам.
У сувязі з гэтым людзі кпяць з кожнай размовы аб радасці як з дарэмнай спробы знайсці немагчымагае суцяшэнне. Сёння нават небяспечна быць вясёлым або казаць, што вы задаволены. У такім выпадку вы рызыкуеце, што вас будуць лічыць павярхоўнымі і прастадушнымі людзьмі, якія з цяжкасцю ўсведамляюць трагічнасць існавання. Хіба не праўда, што адным з найбольш часта ўжываемых словаў з’яўляецца слова «праблема»? Слова «радасць» ужо не азначае той правільнай «весялосці» — тэрмін амаль цалкам страчаны. Слова «задаволенасць» таксама ўжо рэдка ўзгадваецца. Божае слова дапаможа нам нанава адкрыць такія вялікія словы, як «святло» і «радасць», якія так дапамагаюць нам жыць.
Радасць ад свабоды
Ісая мужна абвяшчае вызваленне народу ізраэльскага царства, сасланага ў рабства пасля заваявання Самарыі ў Асірыю (722 г. да нараджэння Хрыстовага), і народу Юдэі, які стаў васалам вялікай Асірыйскай імперыі (гл. Іс 8, 23б–9. 3). Тое, што здаецца немагчымым і нерэалізуемым, з’яўляецца рэальным абяцаннем. Радасць, якая лічыцца ілюзорнай марай, абвяшчаецца як блізкі дар: «Ты памножыў народ, павялічыў радасць. Ён весяліцца перад Табою, як весяляцца ў час жніва, як цешацца пры падзеле здабычы».
Прарок думае пра радыкальнае змяненне сітуацыі народа менавіта тады, калі здаецца, што ўжо няма надзеі ні ў народзе, ні ў аўтарытэтах, ні ў Богу. Адчай прывёў усіх у «краіну цені смяротнай». Гэтая надзея ўключае ў сябе таксама палітычны пункт гледжання: «Бо ярмо, што гняло яго, і кій на плячах ягоных, і розгу прыгнятальніка ягонага Ты зламаў». Аднак не толькі гэта (пар. Іс 9, 1–6). Новае грамадства, нараджэння якога жадае Пан, будзе заснавана і ўкараніцца ў «праўдзе і справядлівасці», якія прыйдуць ад Бога. Чаканне і чалавечая надзея святла і радасці сустрэнуцца з дзейнасцю Бога, якою Ён жадае ізноў усталяваць парадак і справядлівасць.
Для тэкста, накіраванага на Месію, якім з’яўляецца таксама гэты тэкст, характэрна тое, што збаўленне спасылаецца не ў эсхаталагічнай будучыні, а чакаецца ў рэальнай гісторыі. Прарок бачыць, што Бог можа прынесці свабоду і глыбокае аднаўленне грамадства ў гісторыі. І гэта абавязвае народ слухаць і слухацца свайго Бога, каб Ён здзейсніў сваё абяцанне.
Радасць ад Адзінства
Святы Павел моліць касцёльнае грамадства ў Карынце (гл. 1 Кар 1, 10–17) захаваць адзінства, якое з’яўляецца адной з асноўных характарыстык хрысціянскага грамадства. У гэтым горадзе не было адзінства паміж хрысціянамі, існавалі «спрэчкі», розныя фракцыі і партыі, якія стаялі супраць адно аднаго, кажучы: «Я — Паўла», «я — Апалоса», «я — Кефаса», «а я — Хрыста». У кожнага быў свой асабісты лозунг.
Коранем іх асноўнай недамоўленасці і сваркі з’яўляецца грэх, ад якога не можа ўхіліцца той, хто не паяднаны з Езусам Хрыстом (пар. Рым 1, 29; 2 Кар 12, 20; Гал 5, 20). Павел мае намер упэўніць карынцянаў, якія ўтвараюць секты або адмаўляюць грамадства, што без адказнасці яны не могуць быць сапраўднымі хрысціянамі, не могуць радавацца хрысціянскай свабодзе. Рэакцыя Паўла цвёрдая і выразна выяўляецца ў яго пытанні: «Хіба падзяліўся Хрыстус?». Яго мова адназначная: хрысціянскае грамадства ён акрэслівае тэрмінам «Хрыстус» (гл. таксама 1 Кар 9, 15; 1 Кар 12, 2).
Амерыканскі экзэгет Дж. Марфі-О’Конэр каментуе гэты верш так: «Хрысціянскае грамадства — гэта Хрыстус, бо яно ўвасабляе любоў, уладу і мудрасць Езуса Хрыста (пар. 1 Кар 1, 24). Гэтая тоеснасць дынамічная і функцыянальная. Павел наўрад ці знайшоў бы больш драматычны спосаб, каб звярнуць увагу карынцянаў на распаўсюджанне іх граху. Ён мае на ўвазе, што Хрыста больш няма сярод іх. Аднак, калі на самой справе няма цела, Хрыстус не можа быць галавой».
Нават калі Павел ахрысціў некаторых з іх, гэта яшчэ не азначае, што яны маюць права лічыць сябе большымі хрысціянамі, чым іншыя, або што яны маюць пэўнае прывілеяванае становішча (пар. 1 Кар 1, 14–16).
Пакліканнем Паўла з’яўлялася абвяшчэнне Евангелля Езуса Хрыста, змест якога — смерць Езуса на крыжы. Крыж быў найвялікшым праяўленнем любові Езуса, якая з’яўляецца сутнасцю ўсяго Яго жыцця і сутнасцю Яго Евангелля. Абвяшчаць крыж Езуса азначае абвяшчаць моц любові, у якой Езус увесь, безумоўна і безагаворачна аддае сябе ў дар дзеля жыцця іншых. Таму прыняцце Евангелля — гэта не што іншае, як жыць у братэрскім адзінстве, заснаваным на любові Хрыста.
Радасць ад навяртання
Пасля арышту Яна Хрысціцеля Езус прыйшоў з Назарэта ў Кафарнаўм (гл. Мц 4, 12–23). Дзейнасць Хрыста ў Кафарнаўме евангеліст Мацвей прадстаўляе, цытуючы радкі з Кнігі прарока Ісаі (першае чытанне), бо на беразе возера ён бачыць сімвалічнае месца — месца, дзе распачынаецца справа Месіі дзеля вызвалення. Безумоўна, гаворка ідзе не пра палітычнае вызваленне, а пра вызваленне, якое здзейсніцца з прыйсцем Божага Валадарства.
Езус пачаў абвяшчаць Евангелле словамі: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Бог збіраецца ўмяшацца і прымяніць сваю бязмежную вызваляльную ўладу. Божае Валадарства непасрэдна звязана з асобай Езуса, бо Ён адкрывае яго сваім жыццём, сваімі справамі і словамі. Трэба, аднак, «пакаяцца», а значыць выйсці з самога сябе і адкрыцца на новы спосаб мыслення і дзеяння.
Навярнуцца — гэта значыць пачаць разумець рэальнасць з пункту гледжання Бога, пазбавіцца забабонаў, што ўсё павінна разглядацца праз прызму патрэбаў і жаданняў чалавека. Такім чынам, навяртанне азначае «змяніць погляд, якім мы глядзім на жыццё», і прыняць погляд, якім Бог бачыць і ацэньвае рэальнае жыццё. Сказаць, што «наблізілася Валадарства Нябеснае», азначае, што тое, што нам здаецца нездзяйсняльным, становіцца магчымым з дапамогай Езуса: дабрыня, радасць, вечнае жыццё. Езус на самой справе прыносіць Божае Валадарства, бо ў чалавеку, які верыць у Яго, Ён адкрывае новыя, неапісальныя магчымасці жыцця.
Пакліканне вучняў, пра якое гаворыцца ў Евангеллі паводле Мацвея (гл. Мц 4, 18–23), з’яўляецца прыкладам для кожнага паклікання, якое перажываюць усе хрысціяне. Езус патрабуе, каб мы «пайшлі за Ім», а значыць аддалі сябе Яму і Яго жыццёвай праграме і жылі, як Ён. Езус патрабуе ад нас, каб мы з радасцю пакінулі ўсё і пайшлі за Ім, каб «пакінулі лодку і бацьку свайго» (пар. Мц 4, 22), а значыць сваю прафесію, кар’еру і сямейныя адносіны. Той, хто хоча ісці за Езусам, павінен выбраць Яго як абсалютнае дабро, дзеля якога ўсё астатняе павінна адысці на другі план. Нашы асабістыя інтарэсы, звязаныя з грашыма, прафесіяй, поспехам, традыцыямі або пачуццямі, характэрнымі для асобы «бацькі», не могуць перашкодзіць таму, каб мы пайшлі за Езусам.
…Пакліканне Езуса з’яўляецца парадаксальным, таму што яно выходзіць за рамкі ўсеагульнага мыслення. Інакш кажучы, пакліканне Езуса арыгінальнае, выключнае, незвычайнае, аднак праўдзівае і чароўнае.
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.