Пошук

14.01.2011 00:00  

1 чыт. Іс 49, 3. 5-6; Пс 40 (39), 2 і 4ab. 7-8a. 8b-9. 10.
2 чыт. 1 Кар 1, 1-3.
Ев. Ян 1, 29-34
.

Дух аднаўляе

Мы часта носім у сабе думку, якую не адважваемся прызнаць нават перад самімі сабой. Гэтая думка — уяўленне аб тым, што мы знаходзімся «на правільным месцы», што мы не павінны мяняць наш шлях, што можам быць задаволены тым, кім мы ёсць і што мы робім. Калі ў нас штосьці не ўдаецца, да нас прыходзіць пачуццё, што памылкі крыюцца не ў нас, а ў іншых людзях, у інстытуцыях або ў непрадугледжаных акалічнасцях.

Можа, часам мы ўспрымаем нейкі страх перад злом, пануючым у «свеце», як пацвярджэнне таго, што мы можам быць задаволены тым, чаго дасягнулі, і задавольвацца тым, што мы не такія злыя, як гэты «свет». Хоць пэўная папраўка кірунку ў нас саміх з’яўлялася б падыходзячай і неабходнай, тым не менш гэта яшчэ не азначае змяненне!

Такім чынам наша штодзённае жыццё становіцца цяжкім, змрочным, бесперспектыўным. Мы задаволены сабою. Мы ўпэўніваем іншых, што тое, што мы думаем і што робім, — правільнае, шчырае і праўдзівае. Такім чынам мы пастаянна застаемся пасрэднымі, мы не рухаемся, мы стомлены, няздольныя ствараць што-небудзь новае. Нават тут узнікае небяспека, што мы пачнём баяцца ўсяго новага і будзем гэта асуджаць. Новае мы прыпісваем неразумнаму прагненню змянення, якое зыходзіць з таго, што мы зменлівыя або паддаёмся пачуццям, што мы нясталыя або імкнёмся ісці ў нагу з модай. Сённяшнія біблейскія чытанні, наадварот, заклікаюць нас да аднаўлення і змянення.


Другая песня слугі Пана

У другой песні слугі Пана (Іс 49, 3. 5–6) Бог звяртаецца да свайго змучанага народа, прыгнечанага пачуццём паражэння: «Дарэмна я намагаўся, марна і на пустое траціў сваю сілу» (Іс 49, 4). Паражэнне зыходзіць з акалічнасці, што Ізраэль гнаўся за «нічым», за «пустатой», а значыць за фальшывымі ідаламі і прывідамі.

Верш 4 можна выразіць і наступным чынам: «Я растрачваў сваю сілу на тое, што было нічым». Слугой з’яўляецца ізраільскі народ: «Ты слуга Мой, Ізраэль» (пар. Іс 49, 3), які пакінуў свайго Бога і блукаў у бясплённых намаганнях і ў дарэмных справах, праз што цалкам знясіліўся.

Цяпер Бог хоча ўмяшацца і здзейсніць радыкальную змену. Ён перш за ўсё звяртае ўвагу слугі на тое, каб ён усвядоміў, кім ён ёсць («Ты слуга Мой, Ізраэль»), і ў вусны народа Ён укладвае правільны адказ: «Мой Бог стаў маёй сілай» (пар. Іс 49, 5). Толькі калі Ізраэль ізноў адновіць дыялог са сваім Богам, ён знойдзе энергію для свайго аднаўлення, сам Бог яго пераменіць. Бог прывядзе Якуба да сябе і зноў збярэ вакол сябе Ізраэль, каб вызваліць свой народ ад пустаты бясплённа растрачанага і стрэсавага існавання. На самой справе, правільна і добра тое, што прыходзіць ад Пана, а не тое, што з’яўляецца вынікам бясплённых намаганняў народа, які адмовіўся ад свайго Бога.

Ізраэль вельмі напружваўся, знясільваўся ў дзейнасці, пра якую ён думаў і спадзяваўся, што з ёю пабудуе лепшую і прыбытковую будучыню, ён нават выхоўваў у сабе пачуццё самазадаволенасці, якое характэрна для таго, хто думае, што зрабіў усё, што павінен быў зрабіць.

Аднак надышло выгнанне, і тады Ізраэль зразумеў, што ён усё сапсаваў, што «поспех» залежыць не ад яго, а ад Бога, ад якога ён адмовіўся. Цяпер прарок ад імя Бога яму паведамляе, што толькі Бог ізноў падыме гэты стомлены і пазбаўлены даверу народ, у якога адсутнічаюць размах і перспектыва. Ён абвяшчае новае Божае слова: «Не ўспамінайце былога і не разважайце пра мінулае. Вось я ўчыню новае» (пар. Іс 43, 18–19).


Пакліканне быць святымі

Апостал Павел заклікае хрысціян у Карынце, каб яны імкнуліся даведацца, хто яны: асвячоныя ў Езусе Хрысце, пакліканыя быць святымі (пар. 1 Кар 1, 1–3). Прымяняючы дзеяслоў «асвячаць» і прыметнік «святы», Апостал жадаў растлумачыць, якім павінен быць спосаб хрысціянскага жыцця. Аднак важна тое, што «святы лад жыцця» прыводзіцца ў адносінах да Езуса Хрыста. Гэта робіцца пры дапамозе важнага тут прыназоўніка «ў». Апостал настойвае на гэтых адносінах да Езуса таксама праз тое, што акрэслівае хрысціянаў як людзей, якія «заклікаюць імя Пана нашага Езуса Хрыста» (пар. 1 Кар 1, 3).

Такім чынам, хрысціянін «вызначаны» ў адносінах да Езуса Хрыста, у якім ён знаходзіць прынцып і ўзор свайго жыцця. Чалавек не становіцца хрысціянінам перш за ўсё дзякуючы таму, што ён сам робіць, кажа і думае. Лад яго жыцця складаецца з таго, што думае, робіць і кажа Езус. Не мы, а Езус з’яўляецца тым святым чалавекам, які можа і хоча зрабіць нас святымі.

У гэтым скарочаным азначэнні хрысціянскага існавання нам Апостал хоча сказаць, што ўсё хрысціянскае жыццё залежыць ад Езуса Хрыста і што быць хрысціянінам — гэта нішто іншае, як чыніць тое, што чыніў Ён, Езус. Таму для здзяйснення нашага ўяўлення аб тым, якім чынам «быць добрымі», важна не тое, каб выконваць многа спраў і напружвацца аж да знясілення, але тое, каб дазволіць Езусу Хрысту дзейнічаць у нас і перамяняць нас.

Вельмі часта хрысціяніна акрэсліваюць як чалавека «поўнага абавязкаў». Аднак лепш сказаць, што хрысціянін — як нагадвае святы Павел у другім чытанні — «пакліканы» дзейнічаць і жыць так, як жыў Езус. Чынны ўдзел і абавязкі паходзяць ад нас, аднак пакліканне з’яўляецца дарам, які мы маем ад Езуса Хрыста. Ад нас залежыць, ці будзем мы імкнуцца жыць паводле яго.


Ягнё Божае

Калі Ян Хрысціцель убачыў падыходзячага Езуса, усклікнуў: «Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету». Што такое «грахі свету»? У Евангеллі паводле Яна «свет» — гэта паняцце, якое абазначае сферу існавання, пабудаванага без Бога на аснове чалавечых патрэбаў і жаданняў. Іншымі словамі, «свет» — у адмоўным сэнсе — гэта ўсё тое, што закрывае чалавека ў яго эгаізм і эгацэнтрызм. Ён вядзе да разумення жыцця як імкнення толькі мець, валодаць чым-небудзь і прысвойваць сабе тое, да чаго імкнёмся і пра што думаем, каб задаволіць свае патрэбы любым коштам, нават калі пры гэтым трэба будзе таптаць іншых. Такі пункт гледжання адносна жыцця і выцякаючыя з гэтага паводзіны вядуць да насілля і бязлітаснага эгаізму, да прыгнёту іншых, да эксплуатацыі бліжніх і да недаацэнкі непаўторнасці іншых людзей. Таму накіроўваць усё на сябе, не заўважаць іншых, жыць дзеля таго, каб мець і валодаць — гэта грэх.

Езус прапануе сябе як Ягнё Божае, якое аддае сваё жыццё і бязмежнай любоўю ахвяруе сябе за іншых. Езус самаахвярна аддае сябе за жыццё іншых: Ён дорыць свой час, сваё слова, сваю кроў, сваё жыццё — усё тое, чым Ён ёсць, і ўсё тое, што мае. Езус з’яўляецца поўнай супрацьлегласцю свету! Падобна таму, як святло з’яўляецца супрацьлегласцю цемры, любоў — супрацьлегласцю нянавісці, так жыццё з’яўляецца супрацьлегласцю смерці.

Божы Дух не «спачывае» на «свеце». Узгадаем сведчанне Яна пра Езуса Хрыста: «Я бачыў Духа, які сыходзіў з неба, як голуб, і спачываў на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым». Такім чынам, Бог спасылае Духа на Езуса, а Езус — гэта той, «хто хрысціць Духам Святым», а значыць той, хто Божага Духа спасылае на людзей.

Езус дае нам у дар Божага Духа, і таму мы здольныя жыць як Ён, здольныя аднаўляцца і адмаўляцца ад эгаістычнага і ўладнага ладу жыцця, тыповага для «свету». Езус можа аднаўляць нашае жыццё і перамяняць нашую штодзённасць, напоўненую стомай і стрэсам.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 01.01.2020 19:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця