1 чыт. Іс 60, 1–6; Пс 72 (71), 1–2. 7–8. 10–11. 12–13.
2 чыт. Эф 3, 2–3а. 5–6.
Ев. Мц 2, 1–12.
Універсальнасць
Сёння мы часта чуем, што адчуваем нейкую «неабходнасць рэлігіі». Аднак усе мы разумеем, што калі такая неабходнасць сапраўды існуе, то трэба даць ёй тлумачэнне. Дадзенае пытанне няпростае і складана даць на яго задавальняючы адказ. Сёння шмат людзей адчувае нязносны ціск грамадства, якое імі маніпулюе, выцясняе іх на ўзбочыну, стварае адзіноту, выклікае няўпэўненасць, безвыходнасць сітуацыі і абуджае недавер. На аснове гэтага ўзнікае неабходнасць пачуцця ўпэўненасці, прызнання, жаданне падзяліцца з іншымі сваім жыццём, знайсці сэнс жыцця, які дае нам упэўненасць і суцяшэнне.
Рызыка і небяспека заключаюцца ў тым, што многія разумеюць хрысціянскую веру толькі як «сістэму адказаў на розныя патрэбнасці», у якой Бог «служыць» чалавеку, які адчувае сябе слабым і нямоглым. Многія ствараюць сваё паняцце Бога, якое можна акрэсліць як «Бог, які ставіць латкі на ўсе дзіры». Аднак і сёння існуюць многія, хто з пакорай, у цішыні, без крыку шукаюць веры, а гэты пошук не абгрунтаваны толькі ціскам недахопу або патрэбаў. Яны шукаюць Бога, які існуе для ўсіх, які любіць і бескарысліва дорыць сябе, які прадстаўляе абсалютнае жаданне карыстацца Яго прыхільнасцю, быць у ласкавай і шчаслівай блізкасці Бога, які з’яўляецца абяцаным і дарам. Бог, які дорыць сябе цалкам, бескарысліва і з любоўю, сапраўды з’яўляецца Богам для ўсіх.
Прыходзіць Тваё святло
Запрашэнне прарока адзначаецца ласкавасцю і ў той жа час энергічнасцю: «Устань, свяціся, Ерузалем, бо прыйшло тваё святло, і слава Пана ўзышла над табою» (пар. Іс 60, 1). Бог прыйдзе насустрач чалавеку падобна таму, як сонечнае святло прыходзіць нам насустрач прамяністай раніцай і знішчае цемру начы. Бог сваім свабодным рашэннем ліквідуе ноч чалавека, агорнутага цемрай гісторыі. Рашэнне Бога прыходзіць з вышыні, як гэта падкрэслівае прарок: «Пан узыдзе над табою, і слава Ягоная з’явіцца над табою». Бог прыходзіць як святло, якое свеціць, ззяе і паказваецца перш за ўсё для таго, каб мы перад тым, як будзем Яго слухаць і служыць Яму, спачатку ацанілі Яго, прызналі і прынялі як дар з нябёс. Гэта Бог, які дорыць нам сябе, дае магчымасць пазнаць Яго і з бязмежнай пяшчотай, як любячае святло, распаўсюджваецца і наскрозь прасяквае чалавечае сумленне, пазбаўляе яго сумніваў і адкрывае яго для пазнання сэнсу жыцця і канчатковага абяцання.
Калі супольнасць Пана жыве такой надзейнай упэўненасцю і само выпраменьвае святло, потым, як кажа прарок, «здалёк прыйдуць сыны твае і абвесцяць славу Пана». Прарок, які бачыць азлоблены і прыгнечаны народ пасля вавілонскага выгнання, не здаецца нейкім незацікаўленым «мэнэджэрам» рэлігійнага празелітызму. Ён падбадзёрвае ізраільскі народ, каб перад усім светам даў паказанне пра Божае святло, у якое апрануўся ізраільскі народ, каб сведчыў аб праўдзівасці Божых абяцанняў, якія Ён захоўвае і якімі жыве.
З радасцю і глыбокім хрысціянскім перакананнем паведамляе апостал Павел «Хрыстовую таямніцу», або Божы план збаўлення, з якім ён азнаёміўся падчас атрыманых ад Бога аб’яўленняў, і цяпер усім адкрыта паведамляе, «што і язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі і членамі аднаго цела, і саўдзельнікамі абяцання ў Езусе Хрысце праз Евангелле» (пар. Эф 3, 6). Тое, што было ўласнасцю толькі яўрэяў, становіцца дарам для ўсіх народаў: яўрэі і язычнікі маюць праз Езуса Хрыста доступ да бязмежнага Божага сакрэту. Звернем увагу на словазлучэнне «праз Евангелле»: сродкам і неабходнай умовай з’яўляецца Евангелле. Тым, што ўсе прымуць Евангелле і будуць жыць паводле яго, будуць ствараць Касцёл — «Цела Езуса» — і жыць у ім. Поўнае адданне ў дар Бога чалавецтву здзяйсняецца ў Яго Сыну, Езусе Хрысце, і кожнаму даецца магчымасць падысці да Яго праз абвяшчэнне Евангелля. Гэта Бог, які праз пасрэдніцтва Езуса Хрыста жадае, каб Яго прапаведавалі, і які жадае аддаць сябе ў дар усім людзям як праўду і жыццё, як любоў, якая бескарысліва робіць шчаслівымі.
Зорка абяцаная
Урывак з Евангелля, які апавядае пра каралёў, набліжае пошук гэтых мудрацоў. Каралі з усходу пытаюцца: «Дзе нованароджаны кароль юдэйскі?». Яны думаюць не пра рэлігійную асобу, а пра караля, узышоўшую зорку якога яны бачылі на небе. Габрэйскія святары і вучоныя разам са сваім каралём Ірадам імкнуцца атаясаміць «габрэйскага караля» і Месію і вызначыць месца яго нараджэння — Бэтлеем у Юдэі. У Святым Пісанні сапраўды прадказвалі нараджэнне Месіі. Аднак увесь Ерузалем не верыць, не мае надзеі ў вызваліцелі і Збаўцы, не шукае Яго. Трох мудрацоў вядзе зорка. Яны ідуць за ёю і знаходзяць «немаўля» і яго маці Марыю. Яны пакланяюцца Яму і прыносяць дары. Потым яны вернуцца дадому, аднак Іраду і ізраільскаму народу не скажуць пра месца, дзе знаходзіцца народжаны.
Толькі мудрацы шукаюць па-сапраўднаму, шчыра і бескарысліва, таму яны знаходзяць нашмат больш, чым шукалі: яны знаходзяць Караля і Яго маці (на старадаўнім Блізкім Усходзе гэта была царская сям’я). Ірад і ўвесь Ерузалем толькі цікаўныя, поўныя асцярогі, страху, аднак адначасова яны ўпэўнены ў саміх сабе, таму яны не знаходзяць Месію-Цара. Справа ў тым, што Бог аб’явіцца толькі таму, хто Яго шукае шчыра, незалежна ад расы, нацыянальнасці і мовы.
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.