Пошук

30.12.2010 00:00  


1 чыт. Сір 24,1-2. 8-12; Пс 147,12-13.14-15.19-20.
2 чыт. Эф 1,3-6.15-18.
Ев. Ян 1,1-18 альбо карацейшае Ян 1,1-5.9-14
.


Езус — гэта мудрасць

Што значыць «стаць мудрым»? Пад мудрасцю мы маем на ўвазе не адукацыю ці веды па пэўнай спецыяльнасці або навуковай дысцыпліне. Гэта не азначае таксама тое, што чалавек засвоіў культуру і ўсеагульна адукаваны. Мудрасць — гэта здольнасць знайсці правільны лад жыцця, які стварае гармонію чалавека са светам. Мудрасць робіць нас паспяховай і шчаслівай асобай.

Такое азначэнне мудрасці мае на ўвазе, што існуе вызначаны парадак і сэнс свету і ўсіх рэальных рэчаў. Калі мы да гэтага парадку «прылепімся» і да ўсіх рэчаў будзем адносіцца правільна, то станем шчаслівымі і паспяховымі. У такім сэнсе разумелі мудрасць біблейскія асобы, для якіх «мудрасць» азначала пазнаць схаванае значэнне або ўнутраны парадак рэальных рэчаў, які ўклаў у іх Бог-Стварыцель. Той, хто адшукаў гэты глыбокі сэнс рэчаў і зможа жыць у адпаведнасці з ім, знаходзіць шчасце, поспех ці, па меншай меры, задавальненне.

Тое, што многія сёння называюць «слабым мысленнем», — гэта філасофія, якая адмаўляецца шукаць вышэйшую мэту рэчаіснасці і губляе моц праз вырашэнне другарадных пытанняў. Належыць, каб мы нанава набылі здольнасць думаць «велікадушна», іншымі словамі, паставіць перад сабою праблему вышэйшай мэты або абсалютнай асновы рэальнага свету і чалавечага жыцця.


Сутнасць мудрасці

Праслаўленне мудрасці ў кнізе Мудрасці Сіраха (пар. Сір 24), аб якой мы можам разважаць у першым чытанні, надзвычайна прадстаўляе Божую мудрасць, якая адлюстроўваецца ў сусвеце і ва ўсім чалавецтве. Праз гэты цудоўны гімн (які нам варта было б прачытаць цалкам, каб зразумець яго) нам паказваецца рэальны свет у сваёй сукупнасці і даецца магчымасць зразумець сэнс і ўнутраны парадак, у якім гэты свет быў створаны і які цалкам яго прасякнуў.

Мудрасць тут выступае ў ролі чалавека, каб завязаць асабісты кантакт з чалавекам, які пазнае яе. Мудрасць зыходзіць ад Бога-Стварыцеля, кіруючага ўсім сусветам. Гэта азначае, што не чалавек, а сам Бог дае свету сэнс і задае парадак. Гэтая ўвасобленая мудрасць перавышае ўсе вякі і ўвесь сусвет. Яна па-за часам і па-за прастораю, аднак яна прасяквае кожнае стагоддзе і кожную прастору, бо яна з’яўляецца сутнасцю ўсіх створаных рэчаў. Нішто з таго, што было створана, не выходзіць за межы Божай мудрасці. Іншымі словамі, усе рэчы маюць свой сэнс: так, як жадаў, сатварыў іх Бог. Усё мае свой сэнс і ўсё падпарадкавана таямнічай прысутнасці ўніверсальнага парадку ў сусвеце, які паходзіць ад Стварыцеля.

Далей было сказана, што мудрасць «укаранілася ў праслаўленым народзе, ва ўласнасці Пана, у спадчыне Ягонай». Тут ёсць яскравы намёк на ізраільскі народ, у традыцыі і ў рэлігійнай веры якога знаходзіцца і тлумачыцца сэнс свету. Мудрасць дасягальная для ўсіх, бо яна прасяквае ўвесь свет, аднак Божы народ атрымаў яе ў дары Торы: «Усё гэта з’яўляецца зместам кнігі жыцця і запаветам з Найвышэйшым… Закон, пасрэднікам якога быў Майсей» (пар. Сір 24, 32). У Торы, або ў аб’яўленні, якое было дадзена Ізраэлю, Мудрасць, прысутная ва ўсім сусвеце, становіцца карэктнай і зразумелай.

Такое разуменне «Мудрасці», як гэта было растлумачана вышэй, супадае з разуменнем апостала Паўла ў Пасланні да Эфесцаў (пар. Эф 1, 3–18), у якім ён называе яе «ўпадабаннем сваёй волі» ці планам, які Бог распрацаваў для чалавецтва. Іншымі словамі, для якой мэты стварыў Бог усе рэчы, у цэнтры якіх стаіць чалавек? У чым сэнс усяго створанага Богам? Святы Павел выражае гэта яскрава і без хістанняў: так, як «Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста». Вельмі важна, каб мы заўважылі паслядоўнасць Божых «учынкаў»: выбраў нас, прадвызначыў нас, каб сталі Яго сынамі, і стварыў нас. Гэта значыць, што Бог стварыў нас, каб здзейсніць свой мудры план, іншымі словамі, каб нас усынавіць. Увесь працэс стварэння дасягае сваёй мэты ў тым, што мы сталі Божымі сынамі.

Такім чынам, калі створаны свет мае сэнс, а значыць, калі ў ім прысутнічае мудрасць, якую ў яго ўклаў Бог, гэтая мудрасць атаясамліваецца з Божай воляй усынавіць нас. Усё, што Бог стварыў, зрабіў гэта сапраўды асэнсавана, звяртаючы ўвагу на нас — Божых дзяцей. Вынікам такога разумення рэчаіснасці з’яўляецца тое, што нельга дасягнуць адпаведнасці з Божай мудрасцю, створанай Ім, калі мы не з’яўляемся Божымі дзецьмі. Таму быць Божымі сынамі азначае быць сапраўды разумнымі, шчаслівымі і паспяховымі людзьмі. Іншымі словамі, стаць Божымі дзецьмі — гэта не раскоша, не дробязь, не лішак, не тое, што не датычыць самой сутнасці нашага чалавечага быцця. Гэта мэта, якая наканавана кожнаму чалавеку. Пазнаваць, адкрываць і прымаць гэтую Божую волю і выконваць яе — гэта вышэйшая мудрасць.


Езус Хрыстус — Слова — Прамудрасць

У Евангеллі паводле Яна (пар. Ян 1, 1–18) апяваецца прыйсце Слова або самой Божай Прамудрасці, Езуса Хрыста, у свет. Ён — і святло, і жыццё, або той, хто дае ўсяму свету жыццё, дае яму сэнс і падтрымлівае яго. Без Слова ўвесь свет быў бы толькі цемрай, беспарадкам і смерцю. Які ж довад таго, што «Слова пасялілася між намі»? Апостал Ян кажа: «А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто ні ад крыві, ні ад жадання цела, ні ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся» (пар. Ян 1, 12–13).

Тым, хто верыць і прымае ўцелаўлёнае Слова, была дадзена магчымасць стаць «дзецьмі Божымі», якіх нарадзіў сам Бог, і якія не былі народжаны праз здольнасць чалавека. Такім чынам, вера ў Езуса Хрыста з’яўляецца ўмовай для таго, каб мы дасягнулі сапраўднай мудрасці або, іншымі словамі, выконвалі Божую волю. Таму вера становіцца роўнай сапраўднай мудрасці.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 30.12.2019 23:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа