Пошук

26.12.2010 01:00  

1 чыт. Сір 3, 2–6. 12–14; Пс 128 (127), 1–2. 3. 4–5.
2 чыт. Клс 3, 12–21.
Ев. Мц 2, 13–15. 19–23
.


Сям’я — хатняя касцёльная супольнасць


Урачыстасць Нараджэння Пана мы адсвяткавалі, і таму адпаведна, што з храналагічнага пункту гледжання сённяшняе свята з’яўляецца яе працягам. Як мы перажывалі Божае Нараджэнне? Магчыма, многія сем’і перажылі нават цярпенне, смутак, нязгоду і розныя «праблемы», якія нам здаюцца невырашальнымі. А можа быць і так, што ў многія сем’і ўвогуле не прыйшла радасць Божага Нараджэння…

У некаторых сем’ях бацькі перажывалі Нараджэнне Пана, прымаючы ўдзел у набажэнствах, але са смуткам у сэрцы, таму што іх сын ці дачка не жадалі пайсці з імі святкаваць урачыстасць. Або гэта магло быць і наадварот. Колькі цярпення, колькі болі ў нашых сем’ях! На першы погляд нам магло б падацца, што праз адзначэнне свята Святой Сям’і падкрэсліваецца непераадольная розніца паміж ідэальнай і рэальнай сям’ёй. Мы можам запытацца, у якім сэнсе Святая Сям’і можа быць «прыкладам» для нашых сем’яў. Несумненна, у Святой Сям’і былі выключныя «асобы», быў у ёй сам Божы Сын. Аднак яны прысутнічаюць і сярод нас, у нашых дамах.


Божая воля

У Кнізе Мудрасці Сіраха гаворыцца пра пажаданні Бога адносна таго, якою павінна быць сям’я: «Пан жадае». У Бога ёсць свой план з сям’ёй, якую ён запланаваў і стварыў як сваю супольнасць, у якой Ён прысутнічае і ў якой дзейнічае.

У сям’і мы ачышчаемся ад грахоў: «Хто шануе бацьку, ачышчаецца ад грахоў», і г.д. У невялікай сямейнай супольнасці веруючы атрымлівае Божае прабачэнне і адкупленне ад грахоў пры ўмове, што здзейсніць сапраўднае шчырае «прымірэнне» з бацькам і маці, з дзецьмі і братамі. Такім чынам сям’я становіцца хатняй касцёльнай супольнасцю.

Калі дзеці шануюць бацьку і маці, любяць іх, дапамагаюць ім і разумеюць іх, яны выконваюць Божую волю, інакш кажучы, утвараюць супольнасць, якую жадаў Бог. Бо, паводле Святога Пісання, «Божая воля» заўсёды з’яўляецца выражэннем, якое адносіцца да стварэння і ўмацавання грамадства любові і ўзаемнай дапамогі.

Сям’я, якая выконвае Божую волю, будуе Касцёл паводле яго сутнасці, утварае грамадства, якое жадаў Бог. Хто слухае Пана, не толькі радуе маці і бацьку, але і сам знаходзіць радасць і суцяшэнне ў Пану. Мы вучымся спачуванню, любові, цярпенню, пашане і дапамозе бліжняму перш за ўсё ў сям’і, у першай школе любові ў адносінах да бліжняга.


Сямейныя цноты

Мы сказалі, што першай школай хрысціянскіх цнотаў з’яўляецца сям’я. У ёй, паводле выказвання святога Паўла, нам трэба паказаць, ці сапраўды мы апрануліся, «з’яўляючыся святымі і ўзлюбленымі абраннікамі Божымі, у глыбокую міласэрнасць, пяшчоту, пакору, сціпласць і цярплівасць». У сям’і мы павінны «быць у згодзе паміж сабою, дараваць адно аднаму, калі хтосьці мае што-небудзь супраць іншага». Сямейныя звязкі са сваім надзвычай глыбокім пакліканнем любові павінны стаць прыкладам сапраўднай любові ў адносінах да кожнага бліжняга. Гэта павінна быць «самаадданая» любоў, якая выражаецца з «цікавасцю» і пяшчотай, без пачуццяў халоднасці і стрыманасці. Цноты, пра якія кажа апостал Павел, — гэта розныя аспекты такіх хрысціянскіх адносін, якія прымаюць бліжняга, прапануюць яму дапамогу, жыллё, упэўненасць і крыху сямейнай цеплыні, так, што ён адчувае сябе як дома. Аднак адкуль браць энергію і прыхільнасць да такой любові, якая б не паралізоўвала, не звязвала, але вызваляла, якая б не прыстасоўвала іншага, але з прызнаннем адносілася да іншага чалавека, прымаючы яго такім, якім ён есць.

Святы Павел кажа дакладна: «Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адно аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі» (пар. Клс 3, 16). Слова Хрыстова, якое трэба слухаць са шчырасцю, прыняць яго і даць яму магчымасць жыць у нашым унутраным свеце, а таксама малітва — усё гэта крыніцы, якімі мы павінны карыстацца, з якіх мы павінны піць, каб зачарпнуць сілы шчыра і шчодра дарыць іншым сябе.


Сям’я і Божы народ

Святая Сям’я ізноў апярэджвае вяртанне з Егіпта, і такім чынам напаўняецца прароцтва Осіі: «Паклікаў з Егіпта сына майго» (пар. Ос 11, 2). Юзаф і Марыя прадстаўляюць верны Ізраэль, які Месія вядзе да напаўнення апошняга, канчатковага зыходу з намерам стварэння новага грамадства Месіі. Зразумела, што Мацвей бачыць у жыцці Святой Сям’і «здзяйсненне» лёсаў Божага народу: Святая Сям’я з гэтага пункту гледжання прадстаўляе «хатні Касцёл».

Тыя, у каго ў руках палітычная ўлада, змяняюцца. Ірада заменіць Архелай, аднак стыль жорсткасці і прыгнёту па-ранейшаму застанецца. Свецкім царам супрацьпастаўляецца немаўлятка Езус, Цар-Месія, на першы погляд слабы і безабаронны, аднак мацнейшы за любую свецкую палітычную ўладу.

«Выратаванне» Святой Сям’і ад прыгнёту новых фараонаў, якія яму пагражаюць, з’яўляецца пачаткам выратавання новага Божага народу, які бяжыць з Егіпта і вяртаецца ў зямлю ізраільскую. Бог дае магчымасць знайсці дом і бяспечнае жыллё свайму народу, які сабраўся вакол Езуса-Месіі, названага Назаранінам, верагодна, таму, што гэтая назва суадносілася са словам «neser» — «парастак» Месіі. Сям’я, у якой жыве Езус, такім чынам становіцца вобразам і заснаваннем Божага народу. Там, дзе Езус «заняў сваё месца», ужо рэальна ўтвараецца Божы народ, Касцёл.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.