Пошук

17.12.2010 00:00  

1 чыт. Іс 7, 10–14; Пс 24(23), 1–2. 3–4аb. 5–6.
2 чыт. Рым 1, 1–7.
Ев. Мц 1, 18–24
.

Знак «Эммануэль»

Жонка Ісаі (або жонка цара Ахаза) нарадзіла дзіця, якога звалі Эммануэль. На першы погляд мы не бачым тут нічога незвычайнага. Колькі айцоў і маці нараджаюць дзяцей, і ніхто гэтаму не здзіўляецца! Здараецца таксама і так, што мы стрымліваем нейкае магчымае здзіўленне і кажам, што гаворка ідзе пра «натуральную справу». І ўсё ж такі, гэта зусім не малазначная падзея і не такая банальнасць, як магло б здавацца на першы погляд. Гаворка ідзе пра «асобу», якая з’явіцца на свет, а кожная асоба з’яўляецца носьбітам пэўнай таямніцы, пэўнага лёсу, які яе бацькі не могуць загадзя запраграмаваць ці прадбачыць. Нараджэнне дзіцяці — гэта бачная прысутнасць таямніцы, якая заключаецца ў самой аснове чалавечага існавання.

Аднак, калі гаворка ідзе пра Божага Сына, мы разумеем больш дакладна, што Яго не можа нарадзіць нейкі мужчына і нейкая жанчына: Ён не можа быць нічым іншым, як толькі Божым дарам. Ён з’яўляецца бачным увасабленнем «асновы» самой рэчаіснасці — увасабленнем Бога ў родзе чалавечым. Ён з’яўляецца выкананнем гарачых чалавечых жаданняў, якія ніколі б не здзейсніліся, калі б яны засталіся пакінутымі на волю лёсу. Сказаць, што Езус — Эммануэль (у перакладзе — «Бог з намі»), значыць прызнаць, што Ён з’яўляецца сувярэннай «сапраўднасцю», якая канчаткова пераадольвае чалавечую няздольнасць дасягнуць радасці, супакою і збаўлення. Ён — сапраўды Збаўца.


Знак для Ахаза

Цару Ахазу, малавернаму і поўнаму сумненняў, прарок Ісая абяцае Божы знак: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дасць Яму імя Эммануэль!» (пар. Іс 7, 14). Гэтая падзея здарылася ў 734 годзе да Нараджэння Хрыстовага, калі Ерузалему пагражалі навалы двух цароў — цара Самарыі і цара Дамаска. Маладая жанчына, верагодна, сама жонка прарока, зачне і праз адпаведны час народзіць сына і ў вачах прарока стане носьбітам знака надзеі: што Бог будзе разам са сваім народам і не пакіне яго нават у выпадку яго паражэння. Ужо сімвалічнае імя дзіцяці абуджае думку аб прысутнасці Божай апекі, думку, што Бог застанецца з ізраільскім народам і не пакіне яго нават падчас яго знішчэння.

Цар Ахаз стаяў перад выбарам: альбо ён будзе абараняць сваю «рэальную палітыку», а значыць знясілена і хітра імкнуцца да магчымых саюзаў і да атрымання ўзбраення, альбо ён будзе верыць у цуд несумненнай Божай дапамогі. Прарок не дае цару парады на палітычным узроўні, ён не прапануе яму ваенныя планы, не займае палітычнага пункту гледжання, бо дзяржава мае свае ўласныя законы і правілы. Прарок прымае Божы пункт гледжання, маючы на ўвазе Бога і Яго намеры адносна свайго народу.

Дзіця з’яўляецца знакам, які дае Бог: цар, які тут прадстаўляе ўвесь ізраільскі народ, павінен умець расшыфраваць гэты знак. Аднак у сапраўднасці цар разумее гэты знак па-іншаму, не так, як прарок: Ахазу не ўдалося зразумець у «знаку» праяўленне Божага абяцання. Ісая ж бачыць у ім прысутнасць самога Бога.

Такім і з’яўляецца прыйсце Бога сярод нас. Бог звяртаецца да нашай добрай волі, да нашай гатоўнасці зразумець і рашыцца дзеля Яго. Ахаз гэтага не разумее, бо не жадае прыняць рашэнне, якое абавязвала б яго ў адносінах да Бога. Ён не разумее, бо не хоча разумець. Надзея ў Месіі — гэта надзея ў «рашэннях», якія паходзяць ад Бога, патрабуюць адкрытага сэрца і даверу слову, знакам, якія Бог дае чалавеку, улічваючы яго свабоднае рашэнне. Божае абяцанне не прымушае чалавека, каб ён згадзіўся з Ім, яно заўсёды з’яўляецца толькі прапановай для свабоднага выбару. Езус — гэта Божы Сын.

З кароткага ўрыўку з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў (гл. Рым 1, 1–7) мы вылучаем толькі некаторыя зыходныя рысы, галоўным чынам тыя, якія арыентаваны непасрэдна на асобу Езуса Хрыста, які «целам паходзіў з роду Давіда, і які адкрыўся як Сын Божы ў моцы, паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых» (пар. Рым 1, 3–4). Апостал падкрэслівае, што Езус — гэта не міф, нават не якая-небудзь нябесная істота, а сапраўдны чалавек. Апостал разважае пра «таямніцу Хрыста» — пра ўсё зямное жыццё Езуса з моманту Яго нараджэння і да Яго ўваскрасення з мёртвых. На ўцелаўленне Езуса ён не глядзіць як на дакладна абмежаваную падзею, абмежаваную Яго зачаццем або нараджэннем, але глядзіць на ўсё Яго зямное жыццё.

Божае Евангелле, абяцанае ў Святым Пісанні праз пасрэдніцтва прарокаў, — гэта не толькі вучэнне, гэта таксама гістарычнае існаванне Езуса Хрыста. Усе Божыя абяцанні здзяйсняюцца праз пасрэдніцтва Езуса, у Яго дзеяннях і словах, у Яго жыцці ад нараджэння ажно да ўваскрасення з мёртвых.

Нарэшце, прыйшоў да нас Эммануэль — Бог з намі. Не чалавек прывёў Бога ў нашу гісторыю, а Бог паводле асабістай ініцыятывы паслаў у гэты свет свайго Сына як вышэйшы і канчатковы знак збаўлення для кожнага, хто не цураецца Яго, хто з’яднаецца з Ім і паверыць у Яго.


Звеставанне Юзафу

Марыя з’яўляецца сужонкай Юзафа, аднак дзіця, якое яна носіць пад сэрцам, паходзіць ад Бога: гэта парадаксальная сітуацыя, якую нам падае Евангелле (пар. Мц 1, 18–24). «Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога» (Мц 1, 18).

Мы не будзем уяўляць сабе ні пачуццяў Юзафа, ні яго падазрэнняў, як гэта спрабавалі зразумець многія Айцы Касцёла; будзем прытрымлівацца тэксту без палёту фантазіі. З урыўку Евангелля вынікае, што Юзаф таксама ведаў пра надзвычайнае зачацце ў лоне Марыі.

Юзаф — чалавек пабожны, і таму не жадаў прысвойваць сабе айцоўства, якое яму не належала. Ён таксама не хацеў падвергнуць Марыю прыніжэнню праз адрачэнне ад яе. Таму меў намер патаемна адпусціць яе. Толькі Бог можа змяніць ход падзей і прывесці Юзафа да таго, каб ён прыняў такое бацькоўства. Юзаф усынаўляе дзіця, дае Яму імя і праз гэта дае Яму ўсе законныя правы, у тым ліку — Яго ўключэнне ў род Давідавы і Месіі. Юзаф як нашчадак Давіда дае дзіцяці права называцца Сынам Давіда: «бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога». Езус сапраўды і цалкам з’яўляецца Сынам Божым. З той прычыны, што толькі Бог можа «выратаваць» з грахоў, дзіця з поўным правам атрымлівае імя «Езус» («Збаўца»). Менавіта Ён збавіць свой народ.

Езус, народжаны з Марыі, аднак «створаны» Богам, — гэта Эммануэль (Бог з намі), апошняя і канчатковая збаўленчая прысутнасць Бога ў нашай гісторыі. Ён — чаканы і жаданы Збаўца. Ён выконвае і пераўзыходзіць усе чаканні.

Марыя, маці Езуса, прадстаўляе ізраільскі народ, з якога паходзіць Месія. Аднак Езус — не проста «сукупнасць» або «вынік», выведзены з мінулай гісторыі Ізраэля. Ён — абсалютная «навізна», «падарунак» чалавецтву ад Бога, вечная праўда аб тым, што Пан вывеў сваю выключную «навізну» з ізраільскага народа. Сёння не толькі Езус, але і супольнасць тых, хто верыць у Яго і ідзе за Ім, не вырастаюць з чалавечай сілы, не з’яўляюцца плёнам развіцця гістарычных механізмаў, але ўзрастаюць праз уздзеянне Духа Святога.

Божае Нараджэнне — гэта ўваходжанне Духа Святога ў лона Марыі, з якога нарадзіўся Езус. Справай Духа Святога з’яўляецца і новая супольнасць Божых дзяцей — Касцёл, які нараджаецца з лона чалавецтва.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 27.11.2019 15:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.