Пошук

10.12.2010 00:00  

1 чыт. Іс 35, 1–6а. 10; Пс 146(145), 6с–7. 8–9а. 9bc–10.
2 чыт. Як 5, 7–10.
Ев. Мц 11, 2–11
.

Для Бога ўсё магчыма

Гэтую нядзелю па традыцыі мы называем лацінскім тэрмінам Gaudete — нядзеляй радасці. Першае чытанне пачынаецца настойлівым заклікам да радасці: «весяліся, радуйся, усклікай!».

Чаму трэба радавацца, якія прычыны для нашай радасці? Штодзённасць і наш асабісты вопыт хутчэй прапануюць мноства прычын для плачу, смутку і перажывання з-за пастаянных няўдач. З гэтай прычыны заклік да радасці ў сённяшняй літургіі можа паказацца нейкім навязаным і ненатуральным. Больш адпаведным быў бы песімістычны настрой і расчараванне. Хіба не праўда тое, што так шмат людзей церпіць, памірае, цяжка працуе і не атрымлівае за гэта належнай платы, што так шмат самотных, прыгнечаных, ахвяраў несправядлівасці, хоць асабіста нам жывецца добра? Замест закліку радавацца ці не быў бы больш падыходзячым пратэст, крык, поўны абурэння і супраціву злу, або меланхалічнае, аднак шматзначнае маўчанне, хоць і бяссільнае, бясплённае?

Усе нашыя пярэчанні супраць закліку радавацца зыходзяць з пераканання ў немагчымасці перамагчы зло, з адчування бяссілля перад злом, з якім мы сустракаемся ў жыцці і ў свеце. Бо хто можа і сапраўды жадае перамяніць якасць свайго жыцця? Павінен быў бы стацца «цуд». Аднак, здаецца, складана нават спадзявацца на яго, не тое што настойліва патрабаваць яго.


Божыя магчымасці

Ізраільцянам у вавілонскім выгнанні вяртанне на радзіму здавалася немагчымым і нязбытным. Як перайсці пустыню, стэп, калі рукі аслаблі і ногі дрыжаць? Гэта як быццам, калі б мы хацелі, каб кульгавы бегаў і скакаў або нямы пачаў гаварыць. Здаецца, што ідэал братэрскай, міралюбівай радзімы быў страчаны назаўсёды.

Прарок, аднак, бярэ слова і смела абвяшчае, што Божыя магчымасці на карысць Яго народу невычарпальныя. Тое, што не можа зрабіць чалавек, зробіць Бог: «Узрадуецца пустыня і сухая зямля, і стэп узвесяліцца і зацвіце, як шафран» (пар. Іс 35, 1). Вада ў пустыні — вось Божы цуд. Немагчымае стала магчымым.

У пустыні пралёг «новы» шлях, выпрастаны, і будуць называць яго «святым шляхам», па яму вернуцца да Пана тыя, каго Ён адкупіў, і з радасцю падымуцца на Сыён. Радасць і шчасце будуць іх суправаджаць, і знікне смутак і плач. Выгнаннікі змогуць вярнуцца на радзіму.

Тое, што здавалася людзям немагчымым, учыніў Бог «Умацуйце слабыя рукі, узмацніце дрыжачыя калені. (…) Ён сам прыходзіць і збавіць вас». Радасць з’яўляецца вынікам «цудоўнага» Божага дзеяння. Таксама сёння прыходзіць Пан, каб збавіць нас. Ён прыходзіць, каб мы маглі радавацца. Нашае папярэдняё жыццё, якім бы яно ні было дрэнным і прагнілым, яшчэ можа змяніцца і адрадзіцца праз Божае ўмяшальніцтва. Ці верым мы ў невычэрпныя Божыя магчымасці?


Цярпенне чакання

Калі можа стацца цуд? Чаму ён не станецца вось цяпер, у гэтую хвіліну? Мы, напэўна, з-за сваёй нецярплівасці хацелі б, каб несправядлівасць і зло ў адзін момант зніклі ва ўсім свеце. Апостал Якуб вучыць нас Божаму стылю цярплівасці (пар. Як 5, 7–10): « Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні». Цярплівасць з’яўляецца адваротным бокам веры; гэта здольнасць, якая дапамагае нам прыстасоўвацца да Божых намераў і засвойваць Яго падыход, які рашэнні свае не адтэрміноўвае да бясконцасці: «Будзьце цярплівымі і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана». Быць доўгацярплівым азначае быць велікадушным, навучыцца спакойна глядзець у далечыню і без раздражнення чакаць спаўнення Божых абяцанняў. Гэта таксама азначае вытрымліваць сённяшнія цяжкасці і пры тым не ўпускаць з бачання тое, што «набліжаецца прыйсце Пана».

Нецярплівасць характэрна для тых, хто ўвесь час скардзіцца на што-небудзь, нібы ўжо цяпер усё павінна быць абсалютна дасканалым, такім, якім гэта будзе толькі ў канцы. Для гэтых пастаянна незадаволеных педантычных буркуноў жыццё хрысціянскага грамадства становіцца сівым і цяжкім, без радасці і размаху ўзлёту. «Вось Суддзя стаіць пры дзвярах» — а значыць Езус Хрыстус будзе судзіць хрысціянскае грамадства і ўстановіць справядлівасць. Таму не будзем думаць, што мы можам быць суддзямі, нібы нам належыць права сказаць апошняе слова. Прарокі ўмелі велікадушна чакаць спаўнення абяцанняў. Падобна ім і хрысціяне павінны ўмець «асвяціць і ўмацаваць свае сэрцы надзеяй», якая не адмаўляецца ад прадмета свайго чакання і пры тым не дазваляе весці сябе бясплённай паспешлівасці, істэрычнай раздражнёнасці і скаргам. Хрысціяніну належыць працаваць у захапленні ў дадзены момант, у штодзённай працы, бачачы і звязваючы ўсё з адзіным сэнсам — канчатковым прышэсцем нашага Пана.


Пасол-папярэднік

Хто такі Ян Хрысціцель? У сённяшнім чытанні з Евангелля паводле Мацвея Езус кажа: «Сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве — большы за яго» (пар. Мц 11, 11). Ян «большы, чым прарок», «гэта той, пра каго напісана: Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу» (пар. Мц 11, 9–10). Усхваленне ў адрас Яна Хрысціцеля надзвычайнае менавіта таму, што выказаў яго сам Езус. І ўсё ж такі Ян належыць да свету, які завяршаецца, і найменшы ў Валадарстве Нябесным будзе большы за яго. Езус сапраўды адкрывае новую эру ў гісторыі і прыносіць людзям Валадарства Нябеснае.

Ян Хрысціцель належыць да Старога Запавету, перыяду чакання. Аб гэтым кажа і пытанне, якое ён задае Езусу праз сваіх вучняў: «Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?» (пар. Мц 11, 3). Ян з’яўляецца прадстаўніком свету, які вычарпаў усю сваю надзею і магчымасці: ён робіць вымовы, ён пагражае, прапаведуе навяртанне, хрысціць вадою, аднак гэта ўсё, што можа зрабіць чалавек. Толькі гэтага мала для перамены свету. Ян па сутнасці «мараліст», які судзіць, асуджае, робіць вымовы і дае парады. Аднак цяпер патрэбны нехта іншы, хто створыць нешта іншае.

Езус адказвае: «Ідзіце, абвясціце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна» (пар. Мц 11, 4–5). З прышэсцем Езуса ўзнік новы свет: тое, што было немагчыма для чалавека, стварыў Бог.

Каля Езуса фарміруецца новае грамадства жанчын і мужчын, якія здольныя верыць, не страчваць надзею і любіць. Яны адчуваюць новы прыліў энергіі для жыцця. Сярод іх мноства тых, хто атрымаў ацаленне ад хваробаў і немачаў, корань якіх крыўся ў «захворваннях» душы.

А як мы? Ці здолеем паверыць у Езуса Хрыста? Ці зможам даверыцца Яму і стварыць з Ім такое грамадства, у якім і сёння магчымы «цуды» веры і любові, якая дае сілы, ажыўляе, адарае пад’ёмам, смеласцю, ацаляе і ўмацоўвае?


ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 27.11.2019 15:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця