Пошук

02.12.2010 00:00  

1 чыт. Іс 11, 1–10.
2 чыт. Рым 15, 4–9.
Ев. Мц 3, 1–12
.

Валадарства наблізілася

Заклік Яна Хрысціцеля гучыць энергічна і настойліва: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» (пар. Мц 3, 2). Ян Хрысціцель быў перакананы ў непасрэдным павароце ў гісторыі чалавецтва, у радыкальным змяненні, якое патрабавала хуткага і глыбокага навяртання. Слухаючы Яна Хрысціцеля, на памяць прыходзіць выпадак з рабінам, якому аднойчы адзін з яго вучняў прынёс наступную вестку: «Прыйшоў Месія». Рабін устаў, падышоў да вакна, паглядзеў на вуліцу, вярнуўся і сеў. «Што мы будзем цяпер рабіць?» — пытаў з нецярплівасцю вучань. Рабін спакойна адказаў: «Працягвай займацца і вучыцца. Як мог прыйсці Месія, калі ў свеце нічога не змянілася?».

Так з часоў Яна Хрысціцеля да нашых дзён у адносінах да хрысціянаў узнікае менавіта такое супярэчанне: «Як вы можаце казаць, што наблізілася Валадарства Нябеснае, што яно прыйшло да нас, калі ў свеце нічога не змянілася?». Значыць, мы жывём у чаканні далёкай будучыні прышэсця Божага Валадарства, ці Езус ужо ўстанавіў яго сярод нас?


Чаканне ў прарокаў

Урывак з Кнігі прарока Ісаі з’яўляецца медытацыяй, багатай паэтычнымі малюнкамі, з якіх зразумела, што ўказанне на адпаведную гістарычную падзею з’яўляецца толькі пабуджэннем глыбей задумацца над лёсам Божага народу (пар. Іс 11, 1–10). Зыходным пунктам для гэтага з’яўляецца канстатацыя, што давідава дынастыя прыкметна паменшылася, што яна скарацілася… так, што, здаецца, не мае шансаў на будучыню. Верагодна, пад гэтым маецца на ўвазе беспаспяховая спроба ізраэльскага валадарства стварыць справядлівае, братэрскае і міралюбнае грамадства.

Аднак на дапамогу прыходзіць прарок. Ён паказвае, што там, дзе не здзейсніўся чалавечы план, там Бог дае магчымасць узнікнуць чамусьці новаму і нечаканаму: «Выйдзе парастак з пня Есэевага, і атожылак з кораня ягонага прынясе плод» (пар. Іс 11, 1). Затым ідзе паэтычнае апісанне Месіі і новага грамадства, якое Ён узначаліць. Яго павядзе Дух Пана сваёю мудрасцю, розумам, парадай і моцай і дасць яму сапраўднае пазнанне Пана і боязь перад Ім. Таму Месія, адораны Духам Пана, установіць уладу справядлівасці, і яна будзе справядлівая ў адносінах да бедных і прыгнечаных, якія будуць жыць у грамадстве з усімі астатнімі. Аднак гэтага немагчыма дасягнуць гвалтам, а толькі пераканаўчай моцай Слова.

Новы свет Месіі апісаны міфалагічнай мовай з выкарыстаннем малюнкаў райскага свету (пар. Іс 11, 5–8). Разнавіднасць, вялікая колькасць жывёл і іх характарыстыкі дапамагаюць стварыць рознакаляровы «рай», які не парушаецца ўзаемным насіллем, але які ажыўляе ўніверсальны свет.

Гэтыя малюнкі райскага свету паказваюць свет Месіі, які хоча ўстанавіць Бог. Па сутнасці, усё будзе залежаць ад Божых дзеянняў: «Мудрасцю Пана будзе напоўнена зямля». Новы свет Месіі не будзе плёнам чалавечага намагання і дзеянняў, аднак ён будзе новым Божым тварэннем. Грамадства Месіі павінна стаць «сцягам для народаў» або, іншымі словамі, узорам і заклікам да ўсяго чалавецтва. Толькі Бог — Кароль справядлівасці і супакою (пар. Пс 72(71) 1–2), з якога можа нарадзіцца новы свет.


Хрысціянская супольнасць

Калі прарок выказваўся пры дапамозе міфалагічных малюнкаў, то святы Павел кажа пра тыя ж самыя рэчы, выкарыстоўваючы вобразныя выразы (пар. Рым 15, 4–9). Апостал у сапраўднасці ўказаў на некаторыя асноўныя падыходы і на практычныя паводзіны, якія павінны быць у хрысціянскай супольнасці, таму што яна з’яўляецца народам Месіі, які жыве ў надзеі на поўнае здзяйсненне Божых абяцанняў.

Асноўным законам народа Месіі з’яўляецца тое, каб мы думалі так, як думаў Езус Хрыстус, і дзейнічалі па Ягонаму прыкладу: «Бог цярплівасці і суцяшэння няхай учыніць вас аднадумцамі паміж сабою паводле Езуса Хрыста» (пар. Рым 15, 5). Калі Касцёл будуецца на іншым фундаменце, напрыклад, на намаганні набыць уладу або ўласную хвалу, то ўжо не дзейнічае па прыкладу Хрыста.

Другой характэрнай рысай супольнасці Месіі з’яўляецца адзінства ў велічы, праслаўленні Бога і падзяке Яму: «Каб вы аднадушна, аднымі вуснамі славілі Бога і Айца Пана нашага Езуса Хрыста» (пар. Рым 15, 6). Адзінства не выключае адрозненняў і разнавіднасцяў, але запрашае ўсіх у Касцёлы, каб яны прызнавалі адзіную крыніцу ўсіх дароў — Бога Айца.

Трэцяй характэрнай рысай з’яўляецца ўзаемнае прыняцце адно аднаго: «Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас» (пар. Рым 15, 7). Сапраўдная супольнасць Месіі існуе толькі там, дзе людзі прымаюць адно аднаго па-братэрску і шчыра, як гэта чыніў Хрыстус, з кім бы ні сустракаўся.

Чацвёртай характэрнай рысай з’яўляецца слуханне Божага слова: «Каб мы праз вытрываласць і заахвочванне Пісанняў мелі надзею» (пар. Рым 15, 4). Касцёл — гэта супольнасць надзеі ў Месіі, якая падмацоўваецца Святым Пісаннем.


Рыхтаваць шлях Пану

Янам Хрысціцелем кіравала гарачае перакананне, што набліжаецца прышэсце Божага Валадарства: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае… Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму (пар. Мц 3, 2–3). Ян перакананы, што менавіта ў яго час адбываецца пераварот і радыкальная змена старога парадку ў свеце. Новы, больш чалавечны і больш справядлівы свет створыць не чалавек, а сам Пан. Нават Бог сваім «неадваротным гневам» учыніць канец сапсаванага і хворага свету. Ян прадбачыць знакі падзення старога парадку і структур свету: «Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў  агонь» (пар. Мц 3, 10). Божы суд цалкам ачысціць свет ад усялякай несправядлівасці, а таксама ад усяго, што перашкаджае росту і росквіту справядлівасці і дабра ў свеце.

Ян Хрысціцель абвяшчае новы свет, які народзіцца з Божага дару. Ён сам аб’яўляе, што «той, хто ідзе за мною… будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём» (пар. Мц 3, 11). Ян Хрысціцель усведамляе, што ў яго няма ні моцы, ні сродкаў для таго, каб змяніць свет, і таму яго дзейнасць абмяжоўваецца толькі прапаведваннем і ўдзяленнем хросту «ў вадзе для пакаяння». Ён толькі папярэднік Месіі, які будзе дзейнічасць моцаю Духа Пана, сімвалам якога з’яўляецца агонь. Тым не менш, Ян павінен выканаць вырашальную місію — прывесці людзей да пазнання сваіх грахоў ці, іншымі словамі, да таго, каб яны прызналі сваю няздольнасць устанавіць Божае Валадарства ўласнымі сіламі. Толькі яно можа змяніць свет.

Знясіленаму чалавецтву, якое штодзень распачынае сваю сізіфаву працу ў справе змянення свету (які ў гэтага чалавека выклікае ўсё большую агіду), Ян Хрысціцель кажа: «Досыць! Ужо пара скончыць з бясплённай і бескарыснай працай. Прызнайцеся ў сваіх грахах, у прагненні ўлады і насілля, якія асляпляюць вашыя сэрцы; адкрыйце вочы, глядзіце ўвысь і наперад; бачыце, Бог праз Езуса менавіта цяпер робіць для вас магчымым прышэсце Валадарства Ягонага». Такім з’яўляецца хрысціянскі Адвэнт: прызнаць уласную немач і глядзець з даверам і надзеяй на Бога, бо толькі Ён можа прынесці нам жыццё.


ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 27.11.2019 14:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа