Пошук

12.11.2010 00:00  

1 чыт. Мал 3, 19–20a; Пс 98 (97), 5–6. 7–8. 9.
2 чыт. 2 Тэс 3, 7–12.
Ев. Лк 21, 5–19
.

 
Чаканне канца

Езус — гэта Месія, які расчароўвае чаканні чалавечай цікаўнасці: Ён не прадказвае, калі, якім чынам і дзе здзейсніцца канец. Больш таго, Ён не прыйшоў ні для таго, каб адразу, тут і цяпер выдаліць мукі, клопаты, здрады, няўдачы, пакуты і смерць, якія прадказваюць канец. Такім чынам, здаецца, што нават хрысціянін не менш, чым астатнія людзі, падвяргаецца небяспецы страху, страху перад нечым жахлівым і поўным пагрозы, што павінна адбыцца. Нават мы, хрысціяне, хацелі б загадзя ведаць, чаму мы думаем, што такое папярэдняе пазнанне вызваліць нас ад страху перад невядомай будучыняй. Езус пакідае незадаволенымі ўсіх «футуролагаў», тых, якія прадказваюць будучыню, магаў і астролагаў. Ён не жадае, каб мы ў канцы, у момант смерці аддаліся лёсу, але каб мы жылі ў надзеі, чуванні і ў настойлівым чаканні Яго канчатковай перамогі. Страх перад невядомай будучыняй нельга знішчыць нейкімі прадказаннямі — яго можна пазбавіцца толькі надзеяй, поўнай даверу.


Пякучы дзень

Выпрабоўвае аднойчы гэты свет справядлівасць. Прарок Малахія апакаліптычнай выразнай мовай прадказвае канчатковую перамогу Бога, які выдаліць з гэтага свету ўсялякае беззаконне (пар. Мал 4, 1–2). Пасля гэтага ўсіх ганарлівых і бязбожных спаляць, як салому ў печы. Яны будуць дрэвамі без карэння і без галінак. Здаецца, што ў дадзены момант Пан не дзейнічае, не праяўляе актыўнасці, што Ён нават няздольны здзейсніць сваю справядлівасць, аднак «у дзень, які я падрыхтаваў», — кажа Пан, —бязбожныя стануць пеплам. Такім чынам, нельга абвінавачваць Бога ў зле, якое пануе ў свеце, сцвярджаючы, што Бог несправядлівы. Цярплівасць, памяркоўнасць у адносінах да грэшнікаў, якія Бог надзвычай шырока праяўляе на працягу гісторыі чалавецтва, не азначае ні слабасць, ні няздольнасць прыняць меры. У Бога ёсць свой каляндар, у Яго ёсць «Яго дзень», калі Ён з’явіцца, каб зноў устанавіць у свеце справядлівасць. Гэта значыць, што Бог ніколі моўчкі не згодзіцца са злом. Ён — «сонца справядлівасці», якое несумненна ўзыдзе на світанку новага дня збаўлення і радасці для «тых, хто шануе Яго імя». Чаканні веруючага чалавека ўмацоўвае моцны давер збаўчай сіле Бога і ў канчатковую перамогу дабра. Мы, калі будзем даследаваць сучасны стан рэчаў, які можам «прадбачыць», не ўбачым, якім будзе канец, калі той прыйдзе. Аднак жа зможам учыніць гэта, калі будзем слухаць прароцкае слова і далучымся да яго ў веры.


Напружанае чаканне

Мы ведаем, як уяўленне састарэння рэчаў і думка пра канец часта прыводзіць некаторых людзей да выказвання: «Давайце есці і піць, бо заўтра ж мы памром». Канец можа прывесці да галавакружэння, да страты сэнсу для сапраўднага, можа распальваць жаданне нястрыманага і неразумнага вяселля, якое выклікае смех з нічога. Думка пра канец можа і веруючага прывесці да песімістычных і адмоўных адносін: не важна тое, што мы робім, значэнне мае толькі замагільны свет, тое, што будзе «пасля».

Апостал Павел вельмі адчувальны да такіх спакусаў. Ён прыводзіць свой вобраз жыцця: «Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не чынілі беспарадку сярод вас і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень  і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас» (пар. 2 Тэс 3, 7–8). Думка пра канец не павінна быць нагодай для бязладнага вобразу жыцця…

Мукі канца і страх, які яны могуць выклікаць, часта вядуць да бязладнага стылю жыцця, да таго, што чалавек не жадае нічога рабіць, і да пастаяннага ўзбуджэння нерваў. Іншымі словамі, чаканне канца робіць слабым, паралізуе, адбірае здольнасць спакойна выконваць абавязкі, выклікае ўзбуджэнні, якія не паддаюцца кантролю. Па сутнасці, усё становіцца толькі праяўленнем страху перад нічым, праяўленнем жаху, што жыццё цалкам скончыцца.

Хрысціянскае чаканне — гэта не чаканне «нечага», а чаканне збаўчага прышэсця Езуса Хрыста. Таму апостал Павел прадстаўляе адносіны працалюбства як адносіны хрысціянскага чакання: «спакойна працаваць і есці свой хлеб». Страх перад стратай усяго робіць слабым і ўзбуджае, аднак надзея, што чалавек атрымае ўсё ў выглядзе адноўленага і перамененага дару, прыносіць супакой і радасць з жыцця і працы.


Не палохайцеся

Мэта прамовы Езуса аб крушэнні і канцы свету не заключалася ў тым, каб унушыць слухачам «страх перад ацаленнем», «страх перад збаўленнем». Наадварот, Езус паўтарае: «Не палохайцеся». Езус паступае не так, як некаторыя прапаведнікі, якія думаюць, што яны праз свае выступленні аб поўным канцы свету прывядуць да навяртання. Езус замест гэтага здымае з «канца» містыфікацыю драматычнасці. Ён не дае ніякіх прымет пра канец, не дае ніякіх апісанняў, каб уздзейнічаць на слухачоў. Езус вучыць спакойна, што дадзены момант — гэта час поўнага даверу чування, працалюбства, поўнага даверу і настойлівасці: гэта ўсім вядомыя характарыстыкі хрысціянскага чакання.

Езус папярэджвае: «Бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы „гэта Я“» (пар. Лк 21, 8). З’явяцца фальшывыя месіі, якія пажадаюць, каб іх лічылі Праўдай. Аднак мы ведаем, хто сапраўдны і адзіны Месія, мы ведаем Яго рысы і словы, Яго зямное жыццё. Мы не будзем хадзіць і шукаць футуролагаў!

Іншыя пажадаюць прадказваць будучы канец і будуць казаць: «Наблізіўся час» (пар. Лк 21, 8). Хрысціянамі не павінен авалодваць ніякі неспакой ці ўзбуджэнне, нібы яны ведалі б, што канец будзе імгенным. Хрысціянскае чаканне і надзея — гэта не нястрымныя дурыкі, не фанатызм, але спакойная і ўпэўненая перакананасць у канцы, які нас чакае, калі з’явіцца Пан. Чаканне не здымае з нашых плеч ні клопатаў, ні абавязкаў тут на зямлі, яно не стварае перабольшанага захаплення ці страху, але акрэслівае гарызонт, у якім мы павінны разумець і ацэньваць сваё жыццё. Езус проста папярэджвае: «Не ідзіце за імі» (пар. Лк 21, 8).

«Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся!» (пар. Лк 21, 9). Нават гэтыя падзеі не павінны ўспрымацца як знакі, прыметы канца. Нічога нельга інтэрпрэтыраваць як прымету імгненнага канца, бо нават зло ў кожнай форме, якое існуе ў свеце, з’яўляецца «прыметай», што той свет не будзе існаваць вечна, бо ён знаходзіцца пад уладай граху: свет будзе вызвалены і пераменены.

«Бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу» (пар. Лк 21, 9). Перад канцом будзе час Касцёла, нявызначаны час, бо канец не прыйдзе хутка, «не прыйдзе адразу».

Гэта час працаёмкага і сур’ёзнага клопату, радаснай і цяжкай дзейнасці, барацьбы і надзеі, руплівасці і чакання. У гэты час хрысціянін жыве канкрэтна і істотна пражывае сваё ненапоўненае жыццё ў чаканні яго напаўнення.

«І будзе гэта вам на сведчанне» (пар. Лк 21, 13). Падчас пераследу, цярпення і здрады хрысціяне павінны будуць сведчыць аб тым, што яны жывуць паводле Евангелля з надзеяй, сведчыць пра сваю радасць з жыцця.

«Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае» (пар. Лк 21, 19). Насуперак спакусам з прычыны стомленасці і недаверу Езус прапануе трывалую і адважную настойлівасць. Яго слова з’яўляецца абяцаннем, якое не ашукае нашага даверу.


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 05.11.2019 12:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа