Пошук

05.11.2010 00:00  

1 чыт. 2 Мак 7, 1–2. 9–14; Пс 17 (16), 1. 5–6. 8 і 15.
2 чыт. 2 Тэс 2, 16 – 3, 5.
Ев. Лк 20, 27–38 альбо (карац.) Лк 20, 27. 34–38
.

 

Мы будзем падобныя да анёлаў

Што з намі будзе, калі мы памрэм? Куды ідуць памерлыя? Канецці E. пісаў: «Безабароннасць мёртвых — самая незразумелая рэч. Я надта люблю сваіх памерлых, каб змясціць іх у якім-небудзь месцы, лічу прыніжальным тое, што іх закрываюць у грабах і хаваюць. Я не ведаю пра іх зусім нічога, аднак я вырашыў і надалей любіць іх насуперак страху з гэтай няпэўнасці». Думаць пра памерлых не азначае думаць пра «іншых», бо і мы, несумненна, памрэм. Пытацца пра памерлых — значыць імкнуцца зразумець свой асабісты канчатковы лёс. Біблейскія чытанні сённяшняй нядзелі запрашаюць нас сур’ёзна задумацца над вучэннем веры: «Я чакаю ўваскрашэння памерлых і жыцця ў свеце, які прыйдзе», гэта значыць: «Я чакаю ўваскрашэння цела і ў жыцці вечным». Ці сапраўды мы чакаем прышэсця Хрыста? Як змяняецца нашае чаканне, калі мы чакаем візіту важнай асобы ў наш дом! Ці можа чаканне прышэсця Хрыста мець такі ж уплыў на нашае жыццё? Які ўплыў можа аказаць нашае будучае на нашы сённяшнія рашэнні і паводзіны?


Мучанікі не паміраюць надарэмна

У Старым Запавеце (да ІІ ст. да Наражэння Хрыстовага) былі ўпэўнены, што памерлыя ідуць у шэўл (šeol), у свет мёртвых, дзе яны жывуць у цемры і маркоце, дзе жыццё іх скрышана так, што ў сапраўднасці яно і не можа быць жыццём. Вера ва ўваскрашэнне памерлых саспела з макабэйскімі мучанікамі. Чаму адбываецца такая змена ў веры ў часы гэтых мучанікаў?

Убачыўшы ахвяру мучанікаў, якія памерлі ў веры ў свайго Пана і змагаючыся за справу, якую яны лічылі правільнай, ізраэльскі народ пытаўся: «Ці можа Бог пакінуць гэтых сваіх верных у валадарстве мёртвых?». Паводле веры габрэяў немагчымым было, каб Бог не прыняў меры на карысць мучанікаў. Бо гэта сведчыла б, што Бог нібы няздольны прымяняць сваю моц і свае правы, і што Ён дапусціў, каб Яго ворагі атрымалі перамогу. Іншымі словамі, калі Бог — Стварыцель і крыніца жыцця, ці не можа Ён ізноў падарыць мучанікам іх жыццё?

Вера ва ўваскрашэнне з памерлых саспела ў Ізраэлі як запэўніванне аб сувярэнным панаванні Бога-Стварыцеля і Збаўцы і як узвышэння Яго права і магчымасці «адпомсціць» за лёс Яго верных мучанікаў. Верыць ва ўваскрашэнне памерлых мучанікаў — гэта значыць верыць, што яны не памерлі надарэмна.

Першае літургічнае чытанне прыводзіць урывак з Другой кнігі Макабэяў, у якім сем братоў макабэйскіх паміраюць з перакананнем, што «Валадар свету ўваскрасіць іх да вечнага жыцця» (пар. 2 Мак 7, 9). Варта падкрэсліць, што Бог дасць уваскрашэнне памерлым, таму што Ён — «Валадар свету», Стварыцель, ад якога мы атрымаем цела (пар. 2 Мак 7, 11). Стварыцель, Пан жыцця, перамагае смерць і ўваскрашае справядлівых з мёртвых для вечнага жыцця; аднак для таго, хто Яго адкіне, не будзе ўваскрашэння да жыцця (пар. 2 Мак 7, 14)

У выпадку макабэйскіх мучанікаў была ўзнята праблема: абраць Божую справядлівасць ці асабістае жыццё. Яны памерлі, верныя свайму перакананню, што Божая справядлівасць мацнейшая за смерць. Макабэйскія браты паміраюць з перакананнем, што яны паміраюць за Божую справядлівасць. Таму яны не могуць увайсці ў нішто. Яны ўвойдуць у сапраўдны рэальны свет, у аўтэнтычнае жыццё.


Вечнае суцяшэнне

Павел піша да Тэсаланікійцаў: «Сам Пан наш Езус Хрыстус і Бог, Айцец наш, які палюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы» (пар. 2 Тэс 2, 16). Хіба Павел думае менавіта пра другое прышэсце Пана, калі кажа пра «вечнае суцяшэнне і добрую надзею»? Можа, у пэўных момантах і самога Апостала захапіла думка аб другім прышэсці, таму што ён меў моцную ўпэўненасць, што «дзень перамогі» ўжо здзейсніўся ў смерці і ўваскрасенні Езуса Хрыста. Аднак ён жадае, каб хрысціяне клапаціліся пра цяперашняе, каб «слова Пана распаўсюджвалася і праслаўлялася» (пар. 2 Тэс 3, 1), каб кожны меў давер, бо «верны Пан» (2 Тэс 3, 3–4), каб выконвалі яны ўсё, што Ён загадвае (пар. 2 Тэс 3, 4), і каб з Божай ласкай жылі ў «любові Божай і цярпенні Хрыстовым» (пар. 2 Тэс 3, 5). Чалавек жыве ў паўнаце ў цяперашнім, але не як чалавек без надзеі, а як той, хто ўжо сёння бачыць зародак і напружанне, што вядзе ў будучыню. Такім чынам абавязкі ў цяперашнім часе і надзея ў будучае звязваюцца з вернасцю Богу, якая ўжо праявілася ў мінулым у гісторыі збаўлення надзвычайным чынам ва ўваскрасенні Езуса з памерлых.


Бог жывых

Выказванне, якое з’яўляецца цэнтрам сённяшняга ўрыўку з Евангелля, наступнае: «Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць» (пар. Лк 20, 38). Ён любіць жыццё, бо ў ім знаходзіцца вечная крыніца, якая ніколі не вычарпаецца. Смерць не прыходзіць ад Бога, нават можна сказаць, што Бог ненавідзіць смерць. У Кнізе Мудрасці Саламона напісана: «Бог не стварыў смерці, Ён не цешыцца са згубы жывога. Бо Ён стварыў усё для жыцця, стварэнні свету маюць у сабе здароўе, няма ў іх знішчальнай атруты, ні валадарства памерлых на зямлі» (пар. Мдр 1, 13–14). Мэтаю, да якой набліжаюцца ўсе стварэнні, мэтаю, якую даў ім Бог, з’яўляецца жыццё. «Смерць прыйшла на свет з-за зайстрасці злога: таму яе спазнаюць усе, хто да яго належыць» (пар. Мдр 2, 24). Сапраўдная смерць, поўная і канчатковая, датычыць толькі «бязбожных», тых, хто адкрыта, энергічна і цалкам адкідае Бога. Так, грэх прагна прыцягвае да сябе смерць як свае жаданыя плады, і той, хто грашыць, належыць такой сквапнасці, якая нясе смерць: «Аднак грэшнікі заклікаюць яе рукамі і словамі, думаючы, што яна іх сяброўка, захапляюцца ёю, навад дамову з ёю заключаюць. Яны заслугоўваюць, каб стаць яе здабычай» (пар. Мдр 1, 16).

На гэтым старазапаветным фоне, які мы аднавілі перад нашымі вачыма, і змешчана размова некалькіх садукеяў, якія адмаўляюць уваскрасенне Езуса з мёртвых. Здаецца, што выпадак сямі братоў спарадзіў невырашальную праблему.

У сапраўднасці ж размова нараджае недавер… Стаіць пытанне: паверыць ці не паверыць ва ўваскрашэнне памерлых, праз якое чалавек уваходзіць у нябесны свет і становіцца яго часткаю, дзе ўваскрослыя ўжо «не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж», нават «памерці ўжо не змогуць», бо яны цалкам і канчаткова жывуць аднолькавым жыццём як Бог?

Замагільны свет — не проста працяг жыцця гэтага свету «там». Гэта нават не «іншы свет», але новы нябесна-божы спосаб існавання. Пасля ўваскрасення з мёртвых мы будзем жыць у дасканаласці як Божыя дзеці: «Гэта Божыя сыны, таму што яны сыны ўваскрасення». Неба — жыццё ў дасканаласці як дзяцей Божых, сыноў таго Бога, які з’яўляецца абсалютным, самым дасканалым Жыццём. «Пасады», розныя жыццёвыя саслоўі, установы гэтага зямнога выгнання — ўсяго гэтага не будзе, не будзе рацыі для іх існавання.

Таму пытанні, якія задавалі садукеі, здаюцца вельмі смешнымі. Аднак часта можна чуць, што хрысціяне задаюць больш-менш падобныя пытанні, якія ім дыктуе фантазія і дрэнна накіраваная цікаўнасць.

Падчас уваскрашэння людзі будуць «як анёлы» (толькі Лука ўжывае гэты выраз). Нам не трэба фантазіраваць, выдумваць штосьці пра будучае жыццё, якое прыйдзе. Мы можам з упэўненасцю сказаць, што гэта будзе анёльскае, нябеснае жыццё. Мы будзем жыць як анёлы, з Богам і для Бога ў Яго «свеце».

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 12.10.2019 16:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.