Пошук

27.10.2010 01:00  

1 чыт. Мдр 11, 22 – 12, 2; Пс 145 (144), 1–2. 8–9. 10–11. 13cd–14.
2 чыт. 2 Тэс 1, 11 – 2, 2.
Ев. Лк 19, 1–10
.


Рэлігія для чалавецтва

У заключнай прамове на IV сесіі Другога Ватыканскага Сабору Павел VI сказаў: «Сучасны вобраз мыслення прывык ацэньваць усё з пункту гледжання кошту, гэта значыць вартасці рэчаў, і будзе, і будзе здольны прызнаць, што Сабор мае вялікую вартаць, хаця б таму, што ўсе яго перагаворы былі накіраваны на карысць людзям. Ніколі, адпаведна, не было сказана, што каталіцкае веравызнанне марнае. Гэтая рэлігія… прыкладае намаганні на карысць чалавека і на служэнне яму. Каталіцкае веравызнанне і чалавечае жыццё такім чынам пацвярджаюць свой саюз, сваё яднанне ў адзіную чалавечую рэальнасць. Каталіцызм служыць чалавецтву; у пэўным сэнсе ён з’яўляецца жыццём чалавецтва. Тое, што дае наша рэлігія чалавеку на аснове канчаткова тонкай і вышэйшай інтэрпрэтацыі, гэта — жыццё. Рэлігія дае чалавеку жыццё ў той меры, наколькі чалавек ведае Бога: для таго, каб пазнаць чалавека, сапраўднага чалавека, яго ўсяго, трэба пазнаць Бога. У доказ гэтаму дастаткова нагадаць палымяныя словы святой Кацярыны Сіенскай: „У тваёй прыродзе, вечны Божа, пазнаю сваю прыроду“. Рэлігія — гэта жыццё, таму што з жыцця ствараецца вышэйшы закон і ў жыццё ўліваецца таямнічая энергія, можна сказаць, Боская энергія, якая яго стварае». Гэтая «філантропія» Касцёла фарміруецца на любові Бога да чалавека, пра што мы будзем разважаць на аснове сённяшніх чытанняў.    


Бог любіць усіх людзей

Кніга Мудрасці Саламона праслаўляе дабрыню Бога ў шырокім і комплексным разважанні пра ўсю гісторыю Ізраэля, пачынаючы з Зыходу і да ўваходу ў абяцаную зямлю (пар. Мдр 11–19), і паказвае, як Божая збаўчая мудрасць дзейнічае ва ўсёй гісторыі збаўлення. Сённяшняя частка датычыць паводзінаў Бога падчас выгнання Яго народу з Егіпта. Тут Бог праявіў сваю моц і сваю міласэрнасць. Дакладней кажучы, сіла Бога з’яўляецца асновай міласэрнасці. «Ты літуешся над усімі, бо ўсё можаш» (пар. Мдр 11, 24а). І да грэшнікаў Бог прыходзіць з міласэрнасцю, бо жадае прывесці іх да пакаяння: «Не зважаеш на грахі людзей, каб яны маглі навярнуцца» (пар. Мдр 11, 24б). З гістарычнага вопыту зыходу Ізраэль атрымаў пэўны вопыт — ён навучыўся пераадольваць сваю нацыянальную традыцыю: «Бо любіш Ты ўсё, што існуе, і нічым, што стварыў, не грэбуеш» (пар. Мдр 11, 25). Бог дзейнічае ўмерана, цярпліва і да кожнага стварэння індывідуальна, так, як Ён адносіўся да егіпцян падчас выгання. Бо Найвышэйшы любіць усё, што стварыў: «Але Ты ўсё шкадуеш, бо яно Тваё, о Пане, які любіш жыццё» (пар. Мдр 11, 27). Бог надзвычай цярпліва прызнае свабоду чалавека, бо заўсёды стараецца даць яму дабро. Біблейскі тэкст мы маглі б перафразаваць наступным чынам: Бог любіць кожнага чалавека. Кніга Мудрасці Саламона прыняла выклік эліністычнай цывілізацыі, якая меркавала, што ў яе больш універсальны погляд, у параўнанні з габрэйскім нацыяналізмам, і што яна гуманная ў адносінах да габрэйскай тэалогіі.

Кніга Мудрасці Саламона прадстаўляе Бога любячым Стварыцелем кожнага чалавека, тым, які выпраменьвае мудрасць, якая з’яўляецца сяброўкай людзей (пар. Мдр 1, 6) і абумоўлівае па-сапраўднаму чалавечае жыццё, накіраванае на дабро, салідарнасць і ўзаемную дапамогу. У дыялогу з эліністычнай цывілізацыяй аўтар Кнігі Мудрасці хоча паказаць, што веруючы чалавек, а не эліністычны, з’яўляецца па-сапраўднаму «чалавечным» і філантропам, як сам Бог: такімі паводзінамі даў настаўленне народу свайму, што той, хто справядлівы, павінен і людзей любіць.


Бог вядзе да паўнаты

Павел кажа, што ён моліцца, «каб Бог наш зрабіў вас годнымі звання і паспрыяў усялякаму дабру і здзейсніў справу веры». Усё, што зможа зрабіць чалавек, заўсёды не завершана: чалавек ніколі не здзейсніць свой намер сам, бо гэтага магчыма толькі з дабрыні Бога і моцы Яго.

Павед адгукаецца толькі на неспакой тых, хто думаў, што канец свету, а значыць другое прышэсце Хрыста, настане ў бліжэйшыя дні, у адзін момант. Апостал кажа, што мы не павінны дапусціць, каб нас звяло з сапраўднага шляху сутаргавае чаканне будучыні. Наадварот, мы павінны імкнуцца жыць кожны дзень адпаведна з пакліканнем, якое мы атрымалі ад Бога, і маліцца, каб Ён споўніў нашыя пажаданні, якія без Яго дапамогі мы не ў стане здзейсніць. Інакш кажучы, Апостал вядзе палеміку з такім разуменнем рэлігіі, якая плануе будучыню, не лічачыся з цяперашнім, або рэкамендуе, каб чалавек пазбег сённяшняга дня. Будучыня будуецца штодзённа, дзякуючы Божай ласцы.


Выпадак з Закхеем

1. Жаданне ўбачыць Езуса

«І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі» (пар. Лк 19, 2–3). Імя Закхей азначае «чысты» (амаль жыццёвая праграма, якая тлумачыць яго жаданне «бачыць» Езуса): «Чыстыя сэрцам убачаць Бога». Аднак ён — кіраўнік мытнікаў, якіх габрэі лічылі публічнымі грэшнікамі. Нават у Евангеллях мытнікаў часта называюць грэшнікамі, нібы гэта сінонімы. Акрамя гэтага, ён багаты. Можа, з’яўляючыся служачым рымскага ўпраўлення, якому было даручана збіраць падаткі, ён і разбагацеў праз ашуканства?

На самой жа справе, Закхей пажадаў убачыць, хто такі гэты Езус. У грэчаскім варыянце ўжылі простую мову, дзе прагучала пытанне: «Хто Ён?». У Святым Пісанні на італьянскай мове гэтае словазлучэнне перадаецца менш дакладна: «Якім быў Езус?».

«Шукаць» і «бачыць» — гэта два дзеясловы, якія ўказваюць на працэс шукання Стварыцеля, які з’яўляецца значэннем імя Езус. Закхей шукае збаўлення. Ён ведае, што Езус — збаўленне — «павінен быў там праходзіць». Такім чынам, збаўленне можа прапанаваць нам гэты працэс шукання: адчай і гібель не могуць быць апошнімі словамі.

Закхей благаслаўлёны: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што бачыце вы! Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі ўбачыць тое, што бачыце вы — і не ўбачылі» (пар. Лк 10, 23–24).

Адказ Езуса — гэта здзяйсненне веры, збаўчая сустрэча, якая настане ў сённяшнім рашэнні Закхея і ў прапанове Збаўцы.

2. «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека»

У другой частцы сённяшняга Евангелля Езус тлумачыць свае «абуральныя» паводзіны, бо ўсе наракалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека» (пар. Лк 19, 7). Даючы адказ на гэтую крытыку, Езус прыводзіць два довады. Па-першае, Закхей — гэта сын Абрагама, бо ён верыць: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама» (пар. Лк 19, 9). Па-другое, «бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула» (пар. Лк 19, 10). Евангеліст Мацвей злучае два гэтыя выказванні ў адно: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля» (Мц 15, 24). Закхей — габрэй, сын Абрагама. Аднак у больш глыбокім сэнсе ён з’яўляецца ім яшчэ з-за сваёй веры. Ён — «загінуўшая авечка», грэшнік, адпаведна, аб’ект клопату ўрача і пастуха, які лечыць хворых і шукае згубленую авечку. Езус сказаў: «Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў» (пар. Мц 9, 10), каб яны навярнуліся. Адказ Закхея быў такі: «Прыняў Яго з радасцю» (пар. Лк 19, 6).
    
3) Заклік да навяртання

8 і 9 вершы — гэта тыповыя вершы евангеліста Лукі. І тут трэба шукаць самыя суб’ектыўныя думкі евангеліста — рысу, якая яго вачыма раскрывае ўвесь сэнс здарэння. Збаўленне патрабуе навяртання, патрабуе, каб людзі прынялі яго з усведамленнем таго, што гэта іх асабісты адказ на яго праз выкананне сваіх абавязкаў. Сапраўднасць навяртання Закхея праяўляецца ў знамянальным учынку: «Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш». Ізноў тут з’яўляецца меркаванне Лукі, паводле якога, мець маёмасць само па сабе нядрэнна, аднак яна можа стаць злом, калі мы няправільна залічым яго ў адпаведны парадак каштоўнасцяў. Закхей адкрыў парадак каштоўнасцяў, які несумяшчальны з прывязваннем да багацця і ашуканствам.


4. Шлях «навяртання»

Урывак з Евангелля, які мы разглядаем, паказвае этапы шляху сапраўднага навяртання. Перш за ўсё гэта шуканне Езуса і жаданне бачыць, хто Ён. Па-другое, гэта радаснае прыманне Збаўцы ў сваім доме, канкрэтны і велікадушны ўклад сваёй штодзённай дзейнасці. Гэта лагічная паслядоўнасць: ад веры і навяртання да паводзінаў, характэрных для таго, хто навярнуўся. Вера ў Збаўцу Езуса заўсёды знаходзіцца ля кораню кожнага павароту ў нашым жыцці, калі мы шукаем Яго аўтэнтычнасці.

Абноўлена 12.10.2019 15:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа