1 чыт. Зых 17, 8–13; Пс 121 (120), 1–2. 3–4. 5–6. 7–8.
2 чыт. 2 Цім 3, 14 – 4, 2.
Ев. Лк 18, 1–8.
Трывай у тым, чаму навучыўся
Яўрэйскія мудрацы адносілі ўсіх, хто вучыцца, да чатырох групаў. Гэта былі наступныя групы:
- хутка разумее і хутка забывае — больш яму карысці, чым страты;
- паволі разумее і паволі забывае — больш яму страты, чым карысці;
- хутка разумее і паволі забывае — гэта добрая рыса;
- паволі разумее і хутка забывае — гэта дрэнная рыса (3 мудрасці Талмуду, С. Латнер).
Падумай, да якой з гэтых групаў належыш ты? Лепш за ўсё было б належаць да трэцяй групы: хутка разумець і паволі забываць. Тады не трэба было б шмат працаваць, а адзнакі былі б найлепшымі.
На жаль, нашая здольнасць хутка забываць аказваецца значнаю праблемай. Часта адносна нас спраўджваюцца словы: мае вушы, але не чуе. Мы, як тая лейка: колькі ўліваецца, столькі і выліваецца. Здараецца, што такімі вы бываеце ў школе. Настаўнік шмат разоў паўтарае тое самае. Вам здаецца, што ўсё разумееце. Але калі праз хвіліну прыйдзецца гэта паўтарыць, ужо нічога не памятаеце.
Не іначай і на занятках па рэлігіі. Магло б здавацца, што слухаеце, але калі трэба паўтарыць, то часам ствараецца ўражанне, нібыта вы першы раз гэта пачулі. Часам бацькі пытаюцца ў вас, што было на занятках па рэлігіі, а вам цяжка на гэтае пытанне адказаць! Сапраўды, на занятках па рэлігіі ты быў, але цяжка паўтарыць хоць бы два сказы з таго, што запомніў. А што застанецца ў вашай памяці праз большы час?
А як мы слухаем Божае слова падчас святой Імшы? У гэтым выпадку хіба больш за ўсё здраджвае нам памяць. Толькі што выслухалі мы тры ўрыўкі са Святога Пісання. Якое здарэнне з жыцця Майсея прыгадвае нам першае чытанне? (...) У першым чытанні паказаны Майсей, які настойліва моліцца аб перамозе ізраільцянаў. Калі гаварыць аб прачытаным толькі што ўрыўку з Евангелля, то чаму хацеў нас навучыць Езус? На што хацеў звярнуць увагу? Што такое важнае хацеў паказаць? (...)Езус вучыць нас разумець важнасць настойлівай малітвы.
Звернемся таксама да другога чытання. Што вы з яго запомнілі? Можа, пачую ад вас, прынамсі, з якога паслання быў прачытаны ўрывак? Святы Павел напісаў два пасланні да свайго ўмілаванага вучня Цімафея. З якога паслання ўзяты ўрывак для чытання? З Першага ці з Другога паслання да Цімафея? (...) Канешне, з другога.
Другое Пасланне да Цімафея было напісана ў асаблівых умовах. Святы Павел пісаў гэтае пасланне ў вязніцы. Ён ужо быў асуджаны на смерць. Таму праз пасланне свайму вучню Цімафею ён хоча перадаць апошнія павучанні і парады. А пра што ён піша, мы маглі часткова даведацца з імшальнага чытання.
Напомню вам першы сказ з другога чытання: «Трывай у тым, чаму навучыўся» (2 Цім 3, 14). Мы ведаем, што павучанні, якія даюцца пры небяспецы смерці, набываюць асаблівае значэнне. Так адбываецца таксама і з заклікам «трывай у тым, чаму навучыўся». Заўважым, не дастаткова толькі навучыцца, пазнаць, ведаць. Абавязковым з’яўляецца тое, каб Цімафей трываў у тым, чаму навучыўся. Чаму?
Калі хтосьці хоча быць добрым футбалістам, то не можа сказаць, што яму дастаткова час ад часу паслухаць трэнера. Усяго гэтага цалкам недастаткова! Перш за ўсё кандыдат у футбалісты павінен вельмі ўважліва слухаць трэнера. Павінен добра запомніць усе яго парады. Акрамя таго, шляхам настойлівай трэніроўкі павінен трываць у тым, чаму навучыўся ад трэнера. Толькі тады ён мае шансы стаць добрым футбалістам.
Падобна адбываецца і з хрысціянінам. Калі сур’ёзна хоча дасягнуць жыцця вечнага, то не павінен ашукваць сябе, што дастаткова адным вухам слухаць Божае слова падчас Эўхарыстыі. Нельга пагарджаць павучэннямі Хрыста, нашага Настаўніка, які вядзе нас да жыцця вечнага. Падумай, чаму вучыць нас сённяшняе Евангелле? (Хвіліна разважанняў). Настойлівасці ў малітве. Давайце ж прымем гэты заклік Езуса з удзячнасцю.
Гэтую ўдзячнасць і ўважлівае слуханне Божага слова перанясіце на час заняткаў па рэлігіі. Няхай гэта не будзе змарнаваны час! Здаецца, што некаторыя дзеці затыкаюць сабе вушы, каб не пачуць Божага слова, каб не пазнаць Езуса, каб не навучыцца ад Яго. Зразумела, не трэба гэта ўспрымаць даслоўна. Замест таго, каб уважліва слухаць і старанна ўдзельнічаць у занятках, некаторыя дазваляюць сабе пагаварыць, пасваволіць і паперашкаджаць іншым. Вынік з гэтага адзін: самі мала ведаюць і іншым перашкаджаюць.
Запомні словы: «Трывай у тым, чаму навучыўся». Трыванне ў тым, чаму навучыўся, гэта не толькі справа тваёй памяці. Гэта, перш за ўсё, крытэрый таго, наколькі моцная твая вера. Пане Езу, дапамажы мне вытрываць пры Табе аж да канца.
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.