Пошук

27.08.2010 01:00  

1 чыт. Іс 66, 18–21; Пс 117 (116), 1. 2.
2 чыт. Гбр 12, 5–7. 11–13.
Ев. Лк 13, 22–30
.
 

Няма лекаў ад ганарлівасці

Час ад часу здараецца нагода, каб пабыць на нейкай урачыстасці. Можа, гэта дзень нараджэння таты, можа, імяніны мамы, а можа, нават, вяселле каго-небудзь з родных. Прызнайцеся, што на вяселлі, сярод шматлікіх гасцей, лёгка збянтэжыцца, лёгка стаць прычынаю смеху. Чаму? Перш за ўсё, на вяселлі шмат незнаёмых. Мы не вельмі добра ведаем, хто ёсць хто і як трэба сябе паводзіць.

Таму што ж сказаш пра таго, хто падумаў бы: «Мяне ніколькі не турбуе тое, што іншыя яшчэ не сядаюць за стол, што не пачынаюць есці, што маладыя не вярнуліся яшчэ ад фатографа». Скажаце, што чалавек, які не ўмее сябе паводзіць, ганарлівец. Няма нічога горшага, як празмерна спяшацца да стала альбо заняць за сталом месца, прызначанае для якога-небудзь важнага госця. Можа здарыцца, што хто-небудзь закліча да парадку такога чалавека, які не ўмее сябе паводзіць. I тады не застанецца яму нічога іншага, як толькі адчуць сорам.

Яшчэ больш нас злуе і раздражняе тое, як штодня паводзіць сябе той, хто лічыць, што ведае ўсё найлепей, хто не лічыцца з думкаю іншых. Паколькі яму лёгка даецца навука, то ён глядзіць звысоку на тых, хто, нягледзячы на тое, што шмат працуе, мае горшыя вынікі. Ён самы разумны. Мае пра сябе высокае меркаванне. Толькі з яго поглядамі трэба лічыцца. Ён заўсёды мае рацыю. На яго думку, інакш не можа быць. Затое іншыя яго не любяць. Гавораць пра яго, што ён ганарлівы! Любой цаной ён хоча быць вельмі важным, хоць на самой справе такім не з’яўляецца.

Пра такога чалавека ўспаміналася ў першым чытанні: «Няма леку на нядолю ганарыстага, бо парастак зла пусціў у ім карані» (гл. Сір 3, 28). Быць высакамерным, быць фанабэрыстым, быць ганарлівым, іншымі словамі пыхлівым, — гэта хвароба. Відавочна, гэта не хвароба цела. У ганарліўца хворы дух, хворае сумленне, скажоны яго характар. Гэта нялёгкая хвароба. Ці ведаеце, што з даўніх часоў пыху адносілі да галоўных грахоў чалавека?

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла пыха стаіць на першым месцы сярод галоўных грахоў. Чаму іх называюць галоўнымі грахамі? Таму што яны цягнуць за сабою іншыя грахі і заганы (гл. ККК 7866). Чаму, аднак, пыха знаходзіцца на першым месцы? У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла мы чытаем: «Нянавісць да Бога нараджаецца з пыхі. Яна супраціўляецца любові Бога, адмаўляючы Яму ў Яго дабрыні, і імкнецца праклінаць Бога як Таго, Хто забараняе грэх і вызначае кары» (гл. ККК2094).

«Няма леку на нядолю ганарыстага, бо парастак зла пусціў у ім карані». Нялёгка вырываць пустазелле, якое моцна ўкаранілася. Можа, вы дапамагалі бацькам у працы на агародзе альбо на дзялянцы, дык ведаеце, як трэба вырываць пустазелле. Як? З коранем. Чаму? Калі астанецца карэнне, то мы нават і не заўважым, як усё зноў зазелянее. I ўся праца будзе надарэмна!

Падобным чынам і ганарлівец, калі поўнасцю не вырве з сябе зла, якое ў ім укаранілася, то ніколі не пазбавіцца ад граху пыхі. Можа, яму ўдасца раз ці два ўтаймаваць сваю пыху, але тая зноў дасць аб сабе знаць у самы неспадзяваны момант. Ведаеце, як цяжка вырваць пустазелле, нават, калі яго карэнне не пранікла далёка. А што ж тады гаварыць, калі трэба вырваць тоўстае дрэва? Няма патрэбы кагосьці пераконваць у тым, што гэта вельмі цяжка зрабіць. Звычайна, для гэтага трэба выкарыстоўваць нават трактар. Толькі тады відаць, як моцна карэнне «трымала» дрэва ў зямлі.

Цяжка вырваць з карэннем тоўстае дрэва. Але вырыванне такога дрэва — нішто ў параўнанні з вырываннем з нас зла. Нават самая складаная тэхніка тут не падыходзіць. Калі гаворка ідзе пра вырыванне зла, патрэбна не столькі звычайная сіла, колькі моцная воля, настойлівасць і ўпартасць. Больш таго, абавязкова патрэбна дапамога, якая паходзіць ад Бога. Толькі дзякуючы Яго ласцы магчыма перамога над злом.

Паколькі гэтая барацьба такая цяжкая і патрабуе вялікіх намаганняў, то найлепш не дапусціць, кааб насенне зла ўкаранілася ў нас. Насенне, звычайна, бывае невялічкім. Аднак тое, што з яго вырастае, бывае вялікім, нават вельмі вялікім. Таму будзьце ўважлівымі! Нельга дапусціць, каб найменшае зло ў нас прынялося. I тады нам не будзе пагражаць хвароба пыхі.

Каб насенне зла не запусціла ў нас карэнне, будзем памятаць такую праўду: «Чым больш ты вялікі, тым больш пакорным станавіся, і тады знойдзеш ласку ў вачах Пана» (гл. Сір 3,18). Падобна сказаў і Езус: «Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца» (гл. Лк 14, 11). Ці ведаеце, на кім найбольш поўна здзейсніліся словы «хто паніжае сябе, узвысіцца»? Гэта адбылося перад нараджэннем Езуса. Каб падказаць вам адказ, я прывяду словы, якія сказала тая асоба: «Узрадаваўся дух мой у Богу маім Збаўцы, што ўзглянуў Ён на пакору слугі сваёй, бо адгэгуль шчасліваю называць мяне будуць ўсе пакаленні (...). Ён рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам (...) і ўзвялічыў пакорных» (гл. Лк 1, 47 і наступн.). Хто так усхваляў Пана Бога? (...). Канешне ж, Марыя, слуга Панская. У Ёй мы маем цудоўны прыклад пакоры і ўзвышэння Богам.

Каб наследаваць пакору Марыі, будзем выкараняць у сабе нават самыя дробныя праявы пыхі. Якія? Напрыклад, ганарлівец заўсёды мае рацыю. Ганарлівец занадта лёгка крыўдзіцца. Ганарлівец падкрэслівае свае веды, здолынасці, заслугі, прыгажосць. Ганарлівец не звяртае ўвагі на тое, што гавораць іншыя. Увага! Няхай насенне зла не запусціць ува мне сваё карэнне! Пастанаўляю, што ані чынам, ані дзеяннямі, ані словамі не буду пагарджаць іншымі. Калі пагарджаеш іншым чалавекам, пагарджаеш самім Богам!

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця