1 чыт. Іс 66, 18–21; Пс 117 (116), 1. 2.
2 чыт. Гбр 12, 5–7. 11–13.
Ев. Лк 13, 22–30.
Не ведаю, адкуль вы!
Вы, напэўна, ведаеце гісторыю пра зайца і чарапаху. Яны вырашылі разам выступіць на спаборніцтвах. Павінны былі прабегчы пэўную адлегласць. Фаварытам быў, безумоўна, заяц. Што ж там для яго трохі пабегаць! Канкурэнт не мае ніякіх шансаў. Іначай было з чарапахаю. Вызначаную дыстанцыю яна магла пераадолець толькі з чарапашым тэмпам. На большае яна была няздольная. Таму нічога дзіўнага ў тым, што заяц не звярнуў увагі на канкурэнта. Трохі задрамаў. Прачнуўся, калі чарапаха была ўжо на месцы. На жаль, было занадта позна, каб даказваць свае магчымасці. Таму ён прайграў.
Гэтая гісторыя добра наблізіла тое, што змяшчае ў сабе прачытанае некалькі хвілін таму Евангелле. У Езуса запыталі: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» (гл. Лк 13, 23). Езус не гаворыць, колькі будзе збаўленых: мала ці многа. Езус не называе іх колькасці. Навошта? Не пра колькасць тут ідзе гаворка. Не ад нейкай загадзя ўстаноўленай колькасці залежыць тое, хто будзе збаўлены. А ад чаго? Хто ж будзе збаўлены?
Езус не гаворыць пра гэта проста. Ён выкарыстаў вобраз вузкіх дзвярэй. Як вядома, праз такія дзверы цяжка прайсці. Больш таго, дзверы гэтыя праз пэўны час будуць зачынены. I, нягледзячы на гэта, Езус заклікае: «Старайцеся ўвайсці праз цесныя дзверы, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці ды не здолеюць» (гл. Лк 13, 24). Відаць, Езус мае на ўвазе не звычайны ўваход праз вузкія дзверы. Калі б гаворка ішла толькі пра гэта, то дасягнуць збаўлення было б не складана. Асабліва для вас, дарагія дзеці, пераадоленне такой перашкоды не патрабавала б асаблівых намаганняў. Чым чалавек меншы, тым лягчэй яму праціснуцца праз вузкія дзверы.
Час, вызначаны на тое, каб прайсці праз вузкія дзверы, абмежаваны, таму што Гаспадар дома ўстане і зачыніць іх. Канешне ж, у словах Езуса гаворка ідзе не пра звычайныя дзверы і не пра іх замыканне. Праходзіць праз вузкія дзверы — гэта значыць захоўваць вернасць Хрысту. Процілегласцю гэтаму з’яўляецца ўчыненая несправядлівасць. Тыя, хто дапускае гэта, пачуюць ад Гаспадара дома, альбо ад Хрыста, суровыя словы: «Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць» (Лк 13, 27). Тыя, перад кім зачынены дзверы, спрабуюць змяніць рашэнне Гаспадара дома. Яны гавораць: «Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты».
Аднак усё гэта нічога не варта. Рашэнне Гаспадара нязменнае. Змарнаваны шанс не вернецца! Праход праз вузкія дзверы не для несправядлівых. Не дастаткова павярхоўнага і знешняга кантакту з Гаспадаром. Для таго, каб дасягнуць збаўлення, гэтага мала. Адсюль катэгарычныя словы Пана: «Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць». Менавіта такія будуць адкінуты прэч.
Ёсць адкінутыя, альбо няздатныя да Валадарства Божага. Ёсць таксама і такія, якія знаходзяцца ў Валадарстве Божым з Абрагамам, Ісаакам і Якубам і ўсімі прарокамі. Яны прыйдуць з усіх бакоў свету: з усходу і захаду, з поўначы і поўдня. Вось якую выснову Езус робіць з гэтага: «І вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі» (гл. Лк 13, 30).
Перш за ўсё мы павінны пазбавіцца самаўпэўненасці. Так, як у гісторыі пра зайца і чарапаху, — не хачу быць самаўпэўненым зайцам, які ўсё праспаў. Спытаем саміх сябе, ці поўнасцю выкарыстоўваем дадзеныя нам шансы і магчымасці? Ці не губіць нас самаўпэўненасць? Ці не ўпэўнены я так моцна ў тым, што дасягну Валадарства Божага, таму нічога, зусім нічога не раблю, каб яго дасягнуць? Як той заяц з казкі, які быў так упэўнены ў перамозе, што праспаў яе!
Ці ведаеш ты такога Хрыста, якога прадстаўляе Евангелле? Ужо шмат разоў ты пастанаўляў сабе, што без паспеху, дакладна прачытаеш, хоць адно з Евангелляў. I што з гэтага выйшла? Зноў успамінаецца нам той заяц, што праспаў перамогу. Мог бы ўжо даўно зрабіць гэта, але адкладваў на неакрэсленую будучыню.
Кожную нядзелю прыходзім на святую Імшу. Але часта толькі таму, што так прынята. Падчас святой Імшы некаторыя з нас сэрцам і думкамі далёка ад таго, што здзяйсняецца на алтары. Не могуць дачакацца, калі ўжо, нарэшце, закончыцца гэтая святая Імша. А як слухаем Божае слова? А як прымаем святую Камунію — Цела Пана? Можам рабіць гэта кожную нядзелю. Але некаторыя думаюць: навошта? I зноў трэба нам успомніць пра зайца, які спіць, які так шмат можа, але, на жаль, нічога не робіць.
Асягненне Божага Валадарства — гэта не дробязь. Гэта — наша будучыня! Яна вырашаецца ўжо цяпер! Ужо сёння ты знаходзішся альбо сярод тых, хто разам з Абрагамам, Ісаакам і Якубам і ўсімі прарокамі — у Валадарстве Божым, альбо сярод тых, хто адкінуты прэч. А ты — можа так здарыцца —спіш!
Што нам застаецца, каб не пачуць страшных, жахлівых словаў: «Не ведаю, адкуль вы»? Нічога іншага, як толькі абудзіцца ад сну. Больш таго, трэба абудзіць нашую стараннасць, каб мы на самой справе маглі прайсці праз вузкія дзверы. I нельга нам спазняцца, бо тады будзе занадта позна, усё ўжо будзе страчана!
Давайце не будзем марнаваць ніводнай хвілінкі! Каб пазбегнуць жудаснага прысуду: «Не ведаю, адкуль вы», — будзем удзельнічаць у святой Імшы свядома, пабожна і чынна (гл. 5С 48) — як знак таго, што хочам знаходзіцца сярод тых, хто будзе збаўлены.
«Пане, дай нам удзельнічаць у жыцці вечным, у еднасці з Найсвяцейшай Багародзіцай Паннай Марыяй, са святымі Апосталамі і ўсімі Святымі, каб з імі і мы праслаўлялі Цябе» (ІІ эўхарыстычная малітва).
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.