Пошук

10.08.2010 01:00  

1 чыт. (сш.15) Ап 11, 19a; 12,1–6a.10ab; Пс 45 (44), 10bc. 11–12. 14–15. 16–17.
2 чыт. 1 Кар 15, 20–27.
Ев. Лк 1, 39–56
.
 

Кожны па сваёй чарзе

Напэўна, ніхто не любіць занадта доўга выстойваць у чарзе. Па пэўным часе мы становімся нецярплівымі, трохі раздражнёнымі. Нецярпліва пытаемся, калі, нарэшце, прыйдзе чарга? Асабліва не хапае нам цярплівасці тады, калі чакаем нечага радаснага і прыемнага.

У сённяшнім імшальным чытанні, якое ўзята з Першага Паслання да Карынцянаў святога апостала Паўла, таксама гаворыцца пра чаканне сваёй чаргі: «Усе ажывуць, і кожны па сваёй чарзе» (гл. 1 Кар 15, 22–23). Спытаецеся, пра якую чаргу тут ідзе гаворка? Хто ў гэтай чарзе займае першае месца? Абавязкова трэба адзначыць, што гэтая чарга незвычайная.

Святы Павел так піша пра гэта: «Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец сярод тых, якія заснулі» (гл. 1 Кар 15, 20). Хрыстус уваскрос і ўзышоў на неба першым. Яму належыць безумоўнае першынства. За Ім знаходзяцца ўсе тыя, хто «Хрыстовыя» (гл. 1 Кар 15, 23). Сярод тых, хто Хрыстовы, ёсць аднак нехта, хто быў і ёсць, асабліва блізкі Хрысту. Як вам здаецца, пра каго ідзе гаворка? (...). Відавочна, пра Маму Езуса Хрыста — Марыю, якая сярод тых, хто Хрыстовы, займае прывілеяванае месца. Таму для Марыі здзейснілася ўжо тое, чаго мы чакаем кожны па сваёй чарзе. Так што спачатку Хрыстус, потым Яго Маці. Менавіта сёння мы адзначаем урачыстасць яе Унебаўзяцця. Марыя была ўзята ў неба! Вось прычына для самай вялікай радасці! Сёння асаблівым чынам мы вызнаём нашу веру ў тое, што Марыя, «завяршыўшы шлях зямнога жыцця, была ўзята целам і душою ў нябесную хвалу» (гл. ККК 966).

Можна сказаць, што, калі Марыя была ўзята ў неба, тады споўніліся словы, якія яна вымавіла пры наведванні святой Альжбеты: «Вялікае ўчыніў мне Усемагутны» (гл. Лк 1, 49). Унебаўзятая Марыя ўдзельнічае ва ўзвышэнні Хрыста.

«Унебаўзяцце Марыі — гэта асаблівы ўдзел у Змёртвыхпаўстанні Яе Сына і спадзяванне на ўваскрашэнне іншых хрысціянаў» (ККК 966). Марыя дасягнула ўжо таго, да чаго мы толькі цярпліва ідзём. Марыя ўжо цешыцца тым, чаго мы прагнем дасягнуць. I мы павінны мець глыбокі давер, што дасягнём гэтага, калі толькі сапраўды, тут, цяпер і заўсёды будзем Хрыстовымі. Спадзяёмся, што атрымаем гэта, кожны па сваёй чарзе. Будзем назаўсёды з Панам!

Сёння мы радуемся такому вялікаму ўзвышэнню Марыі. Гэта — яе поўны трыумф, згодна са словамі святога Паўла «кожны па сваёй чарзе». Пры гэтым ані на хвіліну нельга нам забываць, які шлях прайшла Марыя, перш чым атрымала такую ўзнагароду. Які гэта быў шлях? Скажу вам коратка, што шлях Марыі быў шляхам веры. Так, як гэта сказала святая Альжбета пра Марыю: «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» (гл. Лк 1, 45). Паверыць ва ўсё гэта было нялёгка. Няма сумненняў, што каштавала гэта Ёй вельмі дорага.

Марыя «ішла наперад у пілігрымцы веры і верна захоўвала сваю еднасць з Сынам аж да Крыжа» (ІС 58). Менавіта каля падножжа Крыжа Марыя перажыла найцяжэйшае выпрабаванне сваёй веры. Але нават тады яна не страціла веру. Марыя дала нам тады прыклад, якою глыбокаю і моцнаю павінна быць нашая вера ў тое, што спраўдзіцца ўсё, што абяцаў нам Пан.

Дык вось давайце запытаем саміх сябе: «Кім для мяне з’яўляецца Унебаўзятая Марыя?». Цяжка адказаць на гэтае пытанне адным словам. Прыгадайце сабе тое, што я сказаў некалькі хвілінаў таму. Марыя з’яўляецца для мяне ўзорам праўдзівай, глыбокай веры, што не адступае перад ніякай ахвярай, узорам самаадданасці, веры, што вядзе да перамогі.

Уважліва ўслухайцеся ў словы сённяшняй прэфацыі, бо ў ёй знаходзіцца працяг адказу на пытанне: «Кім для мяне з’яўляецца Унебаўзятая Марыя?».

У прэфацыі ёсць, між іншым, такія словы пра Унебаўзятую Марыю: «Яна стала для Божага люду крыніцаю суцяшэння і надзеі на яго зямным шляху» (прэфацыя пра Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі). Марыя — крыніца суцяшэння. Яна — наша Суцяшальніца. Яна — Суцяшальніца засмучаных (гл. Ларэтанская літанія). Унебаўзятая Марыя з’яўляецца для нас крыніцаю надзеі. Спадзяёмся, што ўсе мы будзем ажыўленыя, але кожны па сваёй чарзе.

Спытаем, нарэшце, ці сапраўды Марыя з’яўляецца для нас узорам веры, крыніцаю суцяшэння і надзеі? Просім сёння Унебаўзятую Марыю, каб мы праз Яе заступніцтва дасягнулі хвалы змёртвыхпаўстання.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.