Пошук

10.08.2010 01:00  

1 чыт. Ер 38, 4–6. 8-10; Пс 40 (39), 2–3. 4. 18  (Р.: 14b).
2 чыт. Гбр 12, 1–4.
Ев. Лк 12, 49–53
.
 

Хрысціянская бітва

Жыццё чалавека непарыўна звязана з барацьбою. Не абавязкова гэта павінна быць барацьба супраць іншага чалавека, хоць, як вядома, недахопу ў ёй ніколі не было ў гісторыі чалавецтва, не бракуе і цяпер. Значна важнейшай і больш карыснай была барацьба за дасягненне чаго-небудзь. Спартсмен, напрыклад, змагаецца за перамогу. Чалавек змагаўся заўсёды і ўсё яшчэ змагаецца за тое, каб панаваць над сіламі прыроды. У гэтай барацьбе ён дасягнуў вельмі многага, але не ўсяго.

Здараецца, аднак, што ў гэтай барацьбе чалавек часам прайграе. Часта аказваецца, што тое, над чым, здавалася б, ён ужо пануе, зноў вырываецца з-пад яго кантролю. Некаторыя інфекцыйныя хваробы, барацьба з якімі, здавалася б, поўнасцю закончана, нечакана даюць аб сабе знаць, пагражаючы здароўю і жыццю чалавека. Уздоўж рэкаў насыпаюцца супрацьпаводкавыя валы, і, нягледзячы на гэта, мы часта чуем пра паводкі, выкліканыя праліўнымі дажджамі.

З самага пачатку свайго існавання чалавек змагаецца сам з сабою, каб станавіцца штораз лепшым, каб дасканаліць свой характар, каб у большай ступені быць сапраўдным чалавекам. I што цікава, вынікаў гэтай барацьбы нельга перадаць наступным пакаленням. Кожнае пакаленне пачынае барацьбу нанава. Дзякуючы гэтай барацьбе, чалавецтва можа ганарыцца такімі выдатнымі людзьмі, як напрыклад, Сакрат альбо Гандзі. Сакрат (можна прывесці некалькі падрабязнасцяў з жыцця філосафа) дзеля абароны праўды без ваганняў прыняў смерць, а Гандзі (можна коратка ахарактарызаваць гэтую выдатную асобу), дзякуючы сіле свайго характару, дамогся свабоды для Індыі. Нават прыняў мучаніцкую смерць дзеля гэтай справы.

А за што змагаецца хрысціянін? Ці, увогуле, пасуе хрысціяніну змаганне? Няма нічога больш памылковага, як такая думка. Хрысціянін, які не змагаецца, не варты гэтага імя. Чаму? Успомніце словы другога чытання. Хрысціянін павінен цярпліва пераадольваць поле бітвы, што ляжыць перад намі. Пра якое поле бітвы ідзе тут гаворка? Зразумела, гаворка ідзе не пра звычайныя спаборніцтвы, што адбываюцца на стадыёнах.

Удзельнічаючы ў гэтай барацьбе, належыць пазбыцца ўсялякага цяжару. Робяць гэта і ўсе спартсмены, што бягуць на стадыёне. Яны апранаюць не толькі самае лёгкае адзенне, але спецыяльную вопратку, каб супраціўленне паветра было найменшым. Падобна і з абуткам. Ён не толькі павінен быць лёгкім, але і самым зручным, каб можна было дасягнуць ў ім найлепшых вынікаў. Для хрысціяніна, што ўдзельнічае ў вызначаных яму спаборніцтвах, такім цяжарам перш за ўсё з’яўляецца грэх. I тут трэба адзначыць, што прасцей спартсмену скінуць празмерны цяжар спартыўных рэчаў, чым хрысціяніну цяжар грахоў.

У гэтай барацьбе з грахом хрысціянін не пакінуты сам-насам, як гэта можа падацца. Чаму? У другім чытанні мы сустракаем такія словы: «Будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Замест радасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу,  выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трону» (гл. Гбр 12, 2–4).

У гэтай барацьбе супраць граху вядзе нас Езус Хрыстус, які не ўчыніў ніякага граху (гл. 1 П 2, 22). Нехта спытае: «Калі Езус быў без граху, то як жа мог Ён змагацца з грахом?». Дык вось, бязвінны Езус узяў на сябе грахі ўсіх людзей. Стаў Ягнём Божым, які ўзяў на сябе грахі ўсяго свету (гл. Ян 1, 29). Езус «сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці» (гл. 1 П 2, 24).

Заўважым, што ў барацьбе з грахом Езус стаіць на нашым баку. Для таго, каб мы, «вызваліўшыся ад грахоў, жылі», Езус аддаецца гэтай справе цалкам. Гэтай мэце ён прысвяціў усю сваю дзейнасць і ўсе свае сілы. Больш за тое, дзеля таго, каб мы заўсёды былі вольнымі ад граху, Езус цярпеў крыжовыя мукі, прыняў ганебную смерць, бо да ўкрыжавання прыгаворвалі нявольнікаў.

Нехта можа сказаць: «Што ж такога ў граху? Ці ўвогуле варта пра яго гаварыць і займацца ім? Сёння так нямодна гаварыць пра грэх». Дык вось я пытаюся ў вас: «Дзеля чаго Хрыстус памёр? Дзеля чаго праліў сваю кроў?». На Галгофу Ён нёс не толькі крыж! Апрача яго нёс нешта значна цяжэйшае. Што? Нашыя грахі! Гэта не цвікамі Ён прыбіты і зранены, але нашымі грахамі!

Такім чынам, чым з’яўляецца грэх? Гэта не штосьці дробязнае, нязначнае, на што можна не звяртаць увагі. Не! З грахом няма жартаў! Каб адолець яго, Хрыстус аддаў усё! Дык давайце спытаемся: што мы робім, змагаючыся з нашымі грахамі? Найвышэйшая мяжа — тая, пра якую гаворыцца ў другім чытанні: супраціўленне граху ажно да праліцця крыві. Трэба адзначыць, што былі і ёсць героі нашай хрысціянскай веры, якія сказалі: «Лепш памерці, чым зграшыць». I не толькі абяцалі гэта Богу, але і стрымалі сваё слова. Ці магчыма гэта? Але ж так было! Так паступалі хрысціянскія мучанікі. Яны здолелі зрабіць гэта. А што змагу зрабіць у гэтай барацьбе з грахом я?

Звернем увагу на такі нібыта «бяскрыўдны» грэх ляноты: грэх ляноты ў службе Божай, грэх ляноты ў службе іншаму чалавеку, грэх ляноты ў працы над сабою.

Пастанаўлю для сябе: уставаць ранінай на некалькі хвілін раней. Дзеля чаго? Каб спакойна і шчыра памаліцца і нагадаць сабе, што Бог ёсць, што Ён нас любіць, што заўсёды Ён побач з намі. I тады барацьба за тое, каб пазбегнуць граху, будзе лягчэйшаю.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця