Не бойся!
Няма такога чалавека, які можа сказаць: «Я ніколі нічога не баяўся. Не ведаю, што такое нясмеласць, страх, боязь, неспакой». Кожны з нас можа ўзгадаць шмат сітуацый, калі мы задавалі сабе пытанне: што будзе? Можа, хто-небудзь памятае, як першы раз быў у лекара. У яго кабінеце ўсё выглядала надзвычай грозна. Гэтыя дзіўныя шафы, а ў іх нейкія таямнічыя рэчы. Цяжка было не баяцца.
Альбо ўспомні свой першы дзень у дзіцячым садку. Нехта цябе туды завёў, а потым пакінуў. Спачатку ўсё было табе чужым. Ты сустрэў столькі незнаёмых дзяцей. Непакоіўся: ці знайду сярод іх сяброў? Ці захочуць са мною гуляць? Ці выхавацелька заўважыць мяне і ці будзе мець час, каб хоць хвілінку пагаварыць са мною? Дома ў цябе не было такіх праблемаў.
Перажывалі мы таксама сітуацыі, калі нам было страшна. Напрыклад, познім вечарам вяртаецеся з бацькамі дамоў. Цёмна. Вее халодны, пранізлівы вецер. Нідзе нікога няма. Дарога пустая. Таму стараецеся ісці як мага хутчэй. I вось вы дома. Адчуваеце палёгку, бо тут, нарэшце, і светла, і цёпла, і бяспечна.
Ці заўважыў ты, што часта гэты страх быў спачатку моцны, потым памяншаўся, і, нарэшце, поўнасцю знікаў. Напрыклад, урач цёпла зірнуў на цябе і сказаў: «Не бойся, бо хоць укол, можа, трохі пабаліць, але дапаможа табе». Так і сталася. Альбо выхавацелька ў дзіцячым садку падышла да цябе, усміхнулася і спытала, ці падабаецца табе тут. I тады твой неспакой недзе знікаў. Альбо, калі познім вечарам, вяртаючыся з бацькамі дамоў, ты моцна ўхапіўся за далонь таты, а ён сказаў табе: «Не бойся!». Адразу ты адчуў сябе больш упэўнена.
Словы «не бойся» сказаў таксама і Езус да сваіх вучняў. Гэтыя словы Езуса крыху іншыя, чым словы ўрача, які хоча пазбавіць нас неспакою, ці нават таты, які дадае нам адвагі. Зрэшты, заклік «небойся!» надзвычай часта паўтараецца ў кнігах Новага Запавету.
Прыпомніце, хто і каму сказаў словы: «Не бойся!»?
— Не бойся, — сказаў Анёл Захарыі, — бо выслухана просьба твая: жонка твая народзіць табе сына. Многія ўзрадуюцца з нараджэння яго (гл. Лк 1, 13 і наступн.).
— Не бойся, — сказаў Анёл Марыі, — бо ты знайшла ласку ў Бога. I вось зачнеш ва ўлонні і народзіш Сына і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назавецца (гл. Лк 1, 30 і наступн.).
— Не бойцеся! — сказаў Анёл пастухам. — Бо вось я абвяшчаю вам вялікую радасць: цяпер нарадзіўся вам Збавіцель (гл. Лк 2, 20).
— Не бойся, — сказаў Езус Сымону-Пятру, — з сённяшняга дня будзеш лаўцом людзей (гл. Лк 5, 10).
— Не бойцеся, — сказаў Езус вучням, — не бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы не могуць забіць (гл. Мц 10, 28).
— Не бойцеся! — сказаў Анёл жанчынам. — Вы шукаеце Езуса Укрыжаванага. Яго няма тут, бо Ён уваскрос, як і сказаў (гл. Мц 28, 5–6).
— Не бойцеся! — сказаў уваскрослы Езус жанчынам. — Ідзіце і апавясціце братам маім, каб ішлі ў Галілею; і там яны Мяне ўбачаць (гл. Мц 28, 10).
Безумоўна, гэта не ўсе прыклады, дзе з’яўляецца заклік «не бойся». Але нават гэтыя прыклады дазваляюць нам заўважыць, што заклік «не бойся!» заўсёды звязаны са справай збаўлення чалавека. Так, заклік «не бойся», што Анёл сказаў Захарыі, звязаны з нараджэннем Яна Хрысціцеля. Падобна і ў выпадку Марыі. Марыі не трэба баяцца. Яна павінна адважна адказаць на выключнае пакліканне. Гэта Яна павінна стаць Маці Збавіцеля. Так і пастухі не павінны баяцца, бо нарадзіўся Збавіцель. Таксама і Пятра Езус заклікае адважна прыняць пакліканне. Ён павінен з гэтага часу лавіць людзей. Вучні Езуса не павінны баяцца тых, хто можа забіць толькі цела, а душы забіць не можа. Заклік «не бойцеся!» з’яўляецца таксама ў сувязі са змёртвыхпаўстаннем Езуса.
У сённяшнім Евангеллі Езус запэўнівае таксама і нас: «Не бойся, малое стада; бо Айцец ваш упадабаў даць вам Валадарства» (гл. Лк 12, 32). Калі Езус абвяшчаў Евангелле, у Яго было не вельмі многа вучняў. Яны ўтваралі невялікую групу, «малое стада». Ужо толькі па гэтай прычыне яны маглі адчуваць сябе няўпэўнена. А іх жа Настаўніка пераследавалі, таму і яны, напэўна, перажывалі боязь, неспакой і страх за свой лёс. Таму і ім патрэбны былі словы Езуса: «Не бойся!».
Чаму яны не павінны баяцца? Бо іх чакае нешта незвычайнае: «Айцец ваш упадабаў даць вам Валадарства». Гэтае запэўніванне Езуса распаўсюджваецца на ўсіх Яго вучняў, незалежна ад таго, дзе і калі яны жывуць. Датычыць яно таксама і нас. Таму нам патрэбна адвага, каб сваім жыццём пацвердзіць гатоўнасць да прыняцця гэтага дару.
Цябе таксама заклікае Езус: «Не бойся!». Знішчы ў сваім сэрцы маладушнасць, нясмеласць, боязнь, неспакой ад таго, што, ідучы за Хрыстом, можаш нешта страціць. Не бойся рызыкнуць і поўнасцю аддаць сябе служэнню Богу і іншаму чалавеку па прыкладу самога Хрыста.
Ян Павел II, прымаючы ў 1978 годзе напоўненае цалкавітым прысвячэннем служэнне Богу і людзям, заклікаў: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!».
Што ж мы скажам? «Калі Бог за нас, хто супраць нас?» (гл. Рым 8, 31).
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.