Асцерагайцеся ўсялякай хцівасці!
Некалі малпаў, якія жылі на волі, лавілі для таго, каб потым можна было змясціць іх у заалагічных садах у розных кутках свету. Калі невядомы былі самыя сучасныя спосабы, то іх лавілі наступным чынам. У пасудзіну з вузкім рыльцам клалі садавіну, якую малпа любіць больш за ўсё. Гэтая ежа так моцна вабіла малпу, што яна засоўвала ў сярэдзіну лапу. Хапала садавіну. На жаль, лапу малпа ўжо выцягнуць не магла. Тады падыходзіў лоўчы, хапаў яе за карак, садзіў у загадзя падрыхтаваную клетку і малпа была палонена.
Нехта падумае: вось неразумная жывёліна! Дастаткова ж проста выпусціць з лапы садавіну! На жаль, малпа так моцна хацела мець тую садавіну, што акрамя яе нічога не бачыла, нават лоўчага, што набліжаўся да яе, нават ягонай рукі, што схопіць і пасадзіць яе ў клетку. Апетытная садавіна поўнасцю асляпляла малпу. Было б вельмі добра, калі б усё вышэйсказанае датычылася выключна жывёлаў. На жаль, падобнае адбываецца і з некаторымі людзьмі. Можа так здарыцца, што жаданне мець штосьці так завалодае чалавекам, што акрамя жаданай рэчы ён ужо больш нічога не ў стане будзе бачыць. Тое, што ён мае, засланяе яму ўсё іншае, засланяе астатні свет. Тое, што ён мае, знявольвае яго ў такой ступені — як тую малпу, што схапіла садавіну, — што ён ужо не звяртае ўвагі ні на Пана Бога, ні на іншага чалавека, ні на тое, навошта жыве, ані на свой канчатковы лёс.
Як можна адным словам назваць такое зняволенне чалавека? Звычайнай хцівасцю. Не ведаю, ці чулі вы ўжо пра гэта, але хцівасць адносіцца да самых небяспечных грахоў. У Святым Пісанні хцівасць названа «коранем усяго злога» (гл. 1 Цім 6, 10). Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што сам Езус перасцерагае нас: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай хцівасці» (гл. Лк 12, 15).
З гэтым перасцеражэннем Езус звязвае прыпавесць пра багатага чалавека, у якога добра ўрадзілася збожжа (гл. Лк 12, 16–21). Няшчасцем таго чалавека было тое, што скарбы ён збіраў для сябе, а не быў багатым перад Богам. Ён гаварыў сабе: «Збяру шмат усяго, а потым — адпачывай, еш, пі і ўжывай». На жаль, дрэнна ўсё спланаваў. Бог сказаў яму: «Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю у цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?».
Бог называе хцівага чалавека неразумным. Вельмі суровае гэта слова, але справядлівае. Прыпамінаецца нам малпа, якую прываблівае смачная садавіна. Не мае сэнсу дзівіцца з неразумнай жывёліны. Трэба здзіўляцца з таго чалавека, які збірае скарбы для сябе, але ў вачах Бога — бедны.
Падумае хтосьці з вас, што хцівасць яму не пагражае. Тое, што мае, — гэта так мала. Можа, калі падрасце, то, зразумела, трэба будзе звяртаць на гэта ўвагу. Але цяпер? Перасцярога Езуса: « Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці», — напэўна, не датычыць нас. Але ўсё ж... Звярніце ўвагу на адно, здавалася б малазначнае слова. Якое? Каб было вам лягчэй адказаць, яшчэ раз паўтару гэтае перасцеражэнне: «Сцеражыцеся ўсялякай прагнасці».
Гаворка ідзе пра слова «ўсялякай». Езус перасцерагае перад усялякай хцівасцю. Не толькі той вялікай хцівасцю, як гэта было ў выпадку багатага чалавека, пра якога гаворыцца ў прыпавесці, але і тымі менш значнымі праяўленнямі хцівасці, якія, на жаль, і з намі могуць здарыцца. Кожны з нас, незалежна ад таго, ці яму сем, ці сямнаццаць, ці семдзесят гадоў, незалежна ад таго, валодае ён многім ці не вельмі многім, пастаянна стаіць перад выбарам:
— альбо збіраць для сябе,
— альбо станавіцца багатым у вачах Пана Бога.
Зрэшты, нам не абавязкова ўсведамляць гэта. Але тым горш для нас. Лягчэй збіраць для сябе, чым станавіцца багатым у вачах Пана Бога. У будучым будзе лічыцца толькі апошняе.
Што значыць, збіраць для сябе? Гэта значыць — быць нявольнікам таго, што маю, нават, калі маю не вельмі шмат. Лічыць, што гэта выключна для майго асабістага ўжывання. Я маю гэта для сябе і ні з кім не падзялюся, нікому нічога не дам. Мяне зусім не датычыць тое, што нехта нечага не мае. Гэта яго справа. Няхай сам пра сябе клапоціцца. Няхай спраўляецца сам. Далей свайго носа нічога не бачу і не хачу бачыць. Ці ведаеце, хто так разважаў? Багаты чалавек, пра якога гаварылася ў прыпавесці. Пра яго Бог сказаў: «Неразумны».
А што азначае станавіцца багатым у вачах Пана Бога? Найпрасцей пра гэта можна сказаць так: трохі збяднець для сябе, каб абагаціць іншага. Гэта можа быць нават дробязь. Самае важнае — гэта тое, каб ты як мага часцей правяраў самога сябе, ці раптам не стаў нявольнікам таго, што маеш.
Ці, часам, грошы не становяцца для цябе нечым найважнейшым, так, што дзеля таго, каб здабыць іх, ты гатовы прынесці ў ахвяру ўсё. Ты ўжо не памятаеш пра Пана Бога, не бачыш іншага чалавека, не лічышся з тым, кім ты ёсць. Усё ацэньваеш тым ці іншым колерам банкнотаў. Ці не ёсць гэтак на самой справе? Дык вось прыпомні дзень тваёй Першай святой Камуніі. Найважнейшым тады быў Езус ці таксама атрыманыя падарункі?
Пане Езу, ацалі маё сэрца ад усялякай хцівасці. Дай мне бачыць патрабуючых. Вызвалі мяне ад эгаізму. Дай мне быць багатым у вачах Пана Бога, бо толькі гэта мае сэнс.
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.