Пошук

04.07.2010 04:00  

1 чыт. Іс 66, 10–14c; Пс 66 (65), 1–3a. 4–5. 6–7a. 16 і 20.
2 чыт. Гал 6, 14–18.
Ев. Лк 10, 1–12. 17–20 альбо (карац.) Лк 10, 1–9
.


Падстава для гонару

Час канікулаў дае нам нагоду сустрэцца са знакамітымі людзьмі, якія апавядаюць пра сваё жыццё, пра тое, як шмат перашкодаў ім прыйшлося пераадолець, каб цяпер радавацца сваім дасягненням і поспехам. Пры гэтым яны вельмі часта паказваюць тое, што складае прадмет іх гонару. Вынаходнік будзе паказваць свае вынаходніцтвы, дзякуючы якім жыццё чалавека стала лягчэйшым. Пісьменнік будзе ганарыцца тым, што яго кніжкі прачытала шмат людзей.

А чым ганарыцца спартсмен? Канешне ж, вынікамі, дасягнутымі на спартыўных спаборніцтвах. Аднак, калі б вы калі-небудзь аказаліся ў кватэры спартсмена, то, напэўна, сказалі б на гэтую тэму значна больш. Што вы там маглі б убачыць? Можа, гэта быў бы памятны спартыўны інвентар, напрыклад, ракетка для гульні ў тэніс, красоўкі бегуна. Акрамя таго, спартсмен, як гаспадар дома, паказаў бы вам медалі, кубкі, дыпломы. Ганарыўся б тым, што медаль заваяваў на алімпіядзе, а прыгожы кубак атрымаў за перамогу ў прэстыжных спаборніцтвах.

Навошта вынаходца збірае свае вынаходніцтвы, пісьменнік — свае кніжкі, а спартсмен — медалі, кубкі, дыпломы? (...) Можна сказаць, што ўсё гэта з’яўляецца для іх каштоўнымі рэліквіямі. Напамінае ім пра вялікія намаганні. З’яўляецца сведчаннем былых поспехаў, прадметам іх славы і гонару, а часам і заклікам да новых намаганняў, каб да цяперашніх поспехаў далучыць будучыя.

Чым павінен ганарыцца хрысціянін? Адказ падказвае нам другое імшальнае чытанне. У пасланні да Галатаў святы Павел піша: «Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста» (гл. Гал 6, 14). Такім чынам, крыж Хрыста з’яўляецца нашым гонарам! Чаму менавіта крыж? Гэта ж сімвал мукі і знявагі Езуса Хрыста? Можа, больш адпаведным было б ганарыцца змёртвыхпаўстаннем Езуса, Яго перамогаю над смерцю?

Менавіта крыж з’яўляецца для нас асаблівай падставай для гонару, бо напамінае нам пра цану, якою мы былі набытыя праз Хрыста. Набыў Ён нас для сябе не за срэбра ці золата, але каштоўнай сваёю крывёю (гл. 1 П 1,18–19). Ганарымся крыжам, бо ён паказвае нам шлях да паўнаты жыцця. Мы павінны прайсці тым самым шляхам, якім прайшоў Езус: праз крыж да хвалы ўваскрашэння. Ганарымся крыжам нашага Пана, Езуса Хрыста, бо гэты крыж з’яўляецца сімвалам Яго любові. Крыж Хрыста заклікае нас, каб мы ў сваім жыцці ішлі шляхам любові ў адносінах да іншых, бо і Хрыстус нас палюбіў і самога сябе выдаў за нас (гл. Эф 5, 1–2).

Як вам здаецца, чаму мы гаворым пра вузкую дарогу крыжа? (гл. ОМ 7). Ганарыцца крыжам — гэта не толькі нешта знешняе, ці толькі нейкае пачуццё гонару, перавагі над іншымі. Ганарыцца крыжам — гэта значыць перажываць праз веру ўсё тое, што гэты крыж нам нясе. Маецца на ўвазе прыняцце вузкай дарогі крыжа.

Цяжка сказаць, што крыжам ганарацца, калі яму не аказваюць належнай пашаны.

Падумаем, у чым выяўляецца гэты недахоп пашаны? У тым, што:
— неахайна робім знак крыжа;
— цэнім крыжык, але толькі таму, што зроблены ён з высакароднага металу, што з’яўляецца ўпрыгожаннем, якое хацелі б мець і іншыя;
— не цікавіць нас, як выглядаюць прыдарожныя крыжы;
— нашы паводзіны ў памяшканні, дзе ёсць крыж, недастойныя веруючага чалавека;
— не клапоцімся пра тое, каб крыж быў там, дзе мы жывём, дзе вучымся (а значыць, і ў школе), дзе адпачываем.

Таму буду памятаць:
— што нельга рабіць знак крыжа бяздумна, гэта значыць, без усведамлення таго, што гэты жэст азначае;
— што крыжык, які я нашу, павінен быць для мяне не нейкім звычайным упрыгожваннем, як, напрыклад, брошка, але маім вызнаннем і прызнаннем веры ў Езуса Хрыста, майго Пана і Збаўцу;
— што крыжы, якія стаяць пры дарогах, сярод палёў, сведчаць пра веру тых, хто іх устанавіў. Даведаюся, наколькі гэта будзе магчыма, хто і чаму менавіта на гэтым месцы іх устанавіў. А можа, на іх ёсць якія-небудзь надпісы?

Тое, што крыжы стаяць сярод нашых дамоў, з’яўляецца сведчаннем веры тых, хто жыў на беларускай зямлі. Калі ты будзеш праходзіць каля такога крыжа, уважліва разглядзі яго. Што ты заўважыш? Можа, гэты крыж трэба падрамантаваць? Але гэта заданне для старэйшых. Што яшчэ? Можа, вакол крыжа расце пустазелле і валяецца смецце? Гэта ўжо заданне для цябе! Калі ты не пройдзеш з абыякавасцю міма, то гэта таксама стане сведчаннем тваёй веры. А можа, трэба пасадзіць вакол крыжа якія-небудзь кветкі? Упрыгожыць імі крыж?

Крыж, што знаходзіцца тут, у святыні, на алтары, мае асаблівае значэнне. Без гэтага крыжа нельга цэлебраваць святую Імшу, бо падчас яе ахвяра, якую Хрыстус склаў на крыжы, становіцца прысутнаю. Буду ганарыцца крыжам Пана нашага, Езуса Хрыста. Буду таксама ганарыцца ахвяраю, якую Хрыстус склаў за нас на крыжы. Удзел у ёй няхай будзе маёй самай вялікай радасцю!

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 25.06.2019 19:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця