Пошук

24.06.2010 01:00  
1 чыт. 1 Вал 19, 16b. 19–21; Пс 16 (15), 1–2a і 5. 7–8. 9–10. 11.
2 чыт. Гал 5, 1. 13–18.
Ев. Лк 9, 51–62
.


Пайду, але…

Часта мы маем добрыя намеры, цудоўныя планы. Спадарожнічае нам пры гэтым запал. Звычайна, аднак, гэты запал часовы. Гаворыш сабе: нарэшце падчас канікулаў я павінен навесці парадак у сваёй шафцы. Столькі там сабралася непатрэбных рэчаў за ўвесь год, што аж непрыемна глядзець. Далей так працягвацца не можа. Але спачатку я павінен крыху адпачыць. Ідуць канікулы. Я ж заслужыў гэты адпачынак. I справа навядзення парадку адыходзіць на другасны план.

Цяпер у мяне больш вольнага часу. Настаўніца беларускай мовы сказала, што я раблю шмат арфаграфічных памылак. Добра было б прачытаць некалькі названых ёю кніг, якія яна мне параіла прачытаць. Яна мае рацыю. Гэта трэба зрабіць. Але ж мне трэба прагледзець DVD. Перад святам Вялікадня я іх не паглядзеў, бо быў Вялікі пост. Я стрымаў слова, таму мне за гэта належыць нейкая ўзнагарода. Пасля Вялікадня на фільмы не хапала часу, так што цяпер нагляджуся ўволю. I можа здарыцца так, што прамінуць канікулы, а прагляду фільмаў не будзе канца, чытанне ж парэкамендаваных кніжак і закончыцца шчырымі намерамі.

Сённяшняе Евангелле паказвае нам Езуса, які рашуча накіроўваецца ў Ерузалем. Там здзяйсняецца тое, для чаго Ён быў пасланы, гэта значыць справа адкуплення. Рашэнне Езуса было цвёрдым і канчатковым. Ніколькі не спыняе Езуса нават тое, што Яго не прынялі ў самаранскім мястэчку.

Калі Езус і вучні ішлі ў Ерузалем, у дарозе нехта звярнуўся да Яго: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў» (гл. Лк 9, 57). Езус накіроўваецца ў дакладна вызначанае месца, у Ерузалем. Напэўна, той чалавек не падумаў добра, што сказаў. Хіба занадта шмат абяцае ён Езусу. Здаецца, што чалавек той шчыра прагнуў пайсці за Езусам. Аднак, ці не скончылася ўсё шчырымі намерамі? Езус не адштурхоўвае яго. Толькі асцерагае. Ён не абяцае сваім вучням выгоднага жыцця. Яны павінны браць пад увагу цяжкія ўмовы, адсутнасць месца для якога-небудзь адпачынку.

У сваю чаргу Езус звяртаецца да іншага сустрэчнага: «Ідзі за Мною», Аднак гэты чалавек просіць дазволу спачатку пахаваць свайго бацьку, перш як пойдзе за Езусам. Яшчэ іншы сказаў Езусу: «Я пайду за Табою, Пане! Але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі» (гл. Лк 9, 62). Абодва суразмоўцы Езуса выказваюць гатоўнасць пайсці за Езусам, але толькі пасля таго, як вырашаць пэўныя справы. Першы хоча пахаваць бацьку, другі — развітацца з сям’ёю. Здавалася б, што Езус прынамсі першаму з іх дазволіць удзельнічаць у пахаванні бацькі. Бо гэта ж так чалавечна, бо гэта ж так важна. Важна, але гэта не найважнейшае!

Для вучня Езуса ёсць нешта больш важнае, чым удзел у пахаванні бацькі, чым развітанне з сям’ёю. Што ж такое? Гэта растлумачваюць словы Езуса: «Ідзі і абвяшчай Валадарства Божае» (гл. Лк 9, 60). Справа Божага Валадарства найважнейшая. Займаючыся нечым іншым, хоць бы і важным, можна здрадзіць самай галоўнай справе, якою з’яўляецца абвяшчэнне Божага Валадарства. Чалавек, які гаворыць Пану: «Пайду, але...», — не надаецца да Божага Валадарства.

Моцныя гэта словы, але, на жаль, праўдзівыя. Гэта словы Езуса пра тых, якія маюць часовы запал. Ахвотна абяцаюць пайсці за Ім. На жаль, да таго, як гэта здараецца, ім яшчэ трэба шмат чаго зрабіць. Пра такіх Езус сказаў, што яны не годныя Валадарства Божага. Але ўсё ж...

Сённяшняе Евангелле ўзгадвае пра тых, хто ўвесь час азіраецца назад. А што ў гэтым дрэннага? Быць сапраўдным вучнем Езуса азначае быць ім ад усяго сэрца, з усіх сіл, без ваганняў, без выстаўлення Езусу ўмоваў. Толькі такі чалавек годны абвяшчаць Божае Валадарства, і можа гэта рабіць. Быць вучнем Езуса — гэта нешта большае, чым адгаворваць штодзённую малітву альбо ўдзельнічаць у нядзельнай святой Імшы. Якія самыя важныя абавязкі вучня Езуса, што заўсёды трэба ставіць на першае месца? (...). Нялёгка адказаць на гэтае пытанне.

У нас ёсць нявыкананыя справы, што назбіраліся за год. Ёсць таксама завінавачанасць па найважнейшым для нас чытанні. Вы запытаецеся: па якім? Падумайце вось пра што: адкуль мы можам ведаць, якія абавязкі вучня Езуса найважнейшыя? Безумоўна, з Евангелля. Ці ведаеце вы, колькі кніг Новага Запавету маюць у загалоўку слова «Евангелле»? Якія імёны евангелістаў? З якога Евангелля ўзяты той фрагмент, які мы сёння разам слухалі?

Пастанаўлю сабе, што дакладна пазнаю заданні вучня Езуса. Таму прачытаю Евангелле паводле святога Марка. Калі я маю гэтае Евангелле, то пачну чытаць ужо сёння, без ніякага «але», без ваганняў, без адкладвання гэтага на пазнейшы час, каб не стаць падобным да таго, хто аглядваецца назад і не годны Божага Валадарства.

Пане Езу, які з такой рашучасцю накіроўваўся ў Ерузалем, каб там здзейсніць справу збаўлення, дай, каб нашыя добрыя намеры заўсёды ажыццяўляліся ва ўчынках. Няхай узмацняе нас у гэтым прыняцце Твайго Цела!

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа