Пошук

16.06.2010 01:00  

1 чыт. Зах 12,10–11; 13,1; Пс 63 (62) 2. 3–4.5–6.8–9.
2 чыт. Гал 3,26–29.
Ев. Лк 9,18–24
.


Два пытанні

Гледзячы тэлевізар альбо слухаючы радыё, мы сустракаем такія праграмы, у якіх удзельнікам задаюцца пытанні. Звычайна, спачатку задаюцца такія лёгкія пытанні, што цяжка сабе ўявіць, каб нехта не ведаў адказу. Потым, аднак, задаюцца больш цяжкія пытанні. 3 імі ўжо не так лёгка справіцца. Яны патрабуюць спецыяльных ведаў па дадзенай тэме. Часам неабходна хвіліну падумаць.

Сённяшняе Евангелле ўтрымлівае два такія пытанні: адно лягчэйшае, другое больш цяжкае. Езус задае пытанні сваім вучням. Аднак гэта не была звычайная размова. Што на гэта ўказвае? Перад тым, як задаць вучням пытанні, Езус маліўся ў самоце. Як вам здаецца, аб чым маліўся Езус? Калі вы ўзгадаеце пытанні Езуса і адказы вучняў, то, напэўна, гэта аблегчыць вам адказ.

Вось першае пытанне Езуса: «Кім лічыць Мяне народ?». Адказ не склаў для вучняў ніякай цяжкасці. Пастаянна суправаджаючы Езуса, яны шмат разоў мелі магчымасць чуць, што людзі гавораць пра Яго. Таму вучні адказваюць, што адны лічаць Езуса за Яна Хрысціцеля; іншыя за Іллю; другія ж кажуць, што адзін са старадаўніх прарокаў уваскрос (гл. Лк 9, 19). Што мы можам сказаць пра гэты адказ? Тое, што народ гаварыў пра Езуса, было вельмі прывабным.

Езуса лічаць кімсьці вялікім. Такім вялікім чалавекам быў Ян Хрысціцель. Яго жыццё і дзейнасць былі добра вядомыя народу. Гэта ж Ян Хрысціцель быў папярэднікам Езуса і заклікаў народ да пакаяння. Гэта ён выклікаў незадавальненне Ірада, за што той загадаў адсячы яму галаву.

Падобна было з прарокам Іллёй. Хоць жыў ён каля васьмісот гадоў да нараджэння Хрыста, але імя яго не было забыта. Чаму?

Чым праславіўся Ілля? Ілля цвёрда змагаўся за абарону веры ў адзінага Бога. Калі выбраны народ амаль поўнасцю страціў гэтую веру, Ілля нават пад пагрозай для ўласнага жыцця служыў праўдзіваму Богу. Гэта ён зрабіў так, што ўвесь народ вызнаў: «Сапраўды Пан ёсць Богам» (гл. 1 Вал 18, 1 і настўпн.).

А можа, хто-небудзь з вас памятае, у якіх абставінах Ілля паказаўся побач з Езусам. Каб дапамагчы вам, скажу, што другой асобаю, якая з’явілася тады побач з Езусам, быў Майсей. Калі гэта было? (...). Так, гэта было падчас перамянення Езуса.

Мы ведаем, што ў жыцці выбранага народа важную ролю адыгрывалі прарокі. Гэта яны прамаўлялі ад імя Пана Бога. Якія імёны прарокаў вы ведаеце? (...). Усе сапраўдныя прарокі служылі Пану Богу і з-за гэтага з іх насміхаліся. Многія з прарокаў загінулі мучаніцкаю смерцю.

Таму меркаванне народа пра Езуса, што Ён з’яўляецца Янам Хрысціцелем альбо Іллёю, ці адным з прарокаў, якія ўваскрэслі, было не найгоршым. Езуса лічылі вялікім чалавекам. Аднак такія меркаванні не маглі задаволіць Езуса, бо Ён жа не з’яўляецца ні Янам Хрысціцелем, ні Іллёю, ні адным з прарокаў. Езус з’яўляецца кімсьці важнейшым і большым за іх. Кім?

Менавіта гэта Ён хацеў пачуць ад сваіх вучняў. Таму задаў ім другое, намнога цяжэйшае пытанне: «А вы кім лічыце Мяне?» (гл. Лк 9, 20). Адказ Пятра: «Месіяй Божым», — поўнасцю задавальняе Езуса. Чаму? Бо тое, што натоўпы людзей гаварылі пра Езуса, было прыгожым, але не да канца праўдзівым — ні Ян Хрысціцель, ні Ілля, ні адзін з прарокаў не быў Месіяй Божым. Толькі Езус быў ім. Ён адзіны, і ніхто апроч Яго. Адказ Пятра не толькі трапны, але і сведчыць пра тое, што Пётр пазнаў і бачыў тое, чаго іншыя яшчэ не пазналі. Пётр ведаў таямніцу, кім на самой справе ёсць Езус. I адкрыта вызнаў гэта.

Можа падацца, што Пётр ведаў усю праўду пра Езуса. Але адразу ўзнікаюць сумненні, ці на самой справе было так. Адкуль гэтыя сумненні? Не ведаю, ці заўважылі вы, пра што гаварыў Езус непасрэдна пасля прызнання Пятра? Езус прадказвае сваю муку і змёртвыхпаўстанне, а затым Ён заклікае вучняў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною» (гл. Лк 9, 23).

Шлях Езуса, як Месіі Божага, такі: праз муку і крыж да змёртвыхпаўстання. Такі ж шлях кожнага Яго вучня. Пайсці за Езусам азначае прыняць крыж і наследаваць Езуса. Зразумела, гаворка тут ідзе не пра драўляны крыж, такі, які калісьці нёс Езус. Езус гаворыць пра крыж, які трэба браць кожны дзень. I на гэтым шляху наследавання Езуса Пётр не да канца апраўдаў давер. Адрокся ад свайго Настаўніка падчас Яго мукі.

I сёння мы можам сустрэцца з рознымі меркаваннямі пра Езуса Хрыста. Некаторыя нават захапляюцца Ім і лічаць Яго нейкім незвычайным і выключным. На жаль, гэтага занадта мала! Ёсць і такія, хто прызнае Езуса як Месію Божага. I гэтага таксама мала! Бо калі няма наследавання Езуса, само толькі вызнанне годнасці Езуса не мае вялікага значэння.

Падчас святой Імшы — так, як калісьці Пётр, — мы вызнаём з вераю, што Езус ёсць нашым Панам, Збавіцелем, Настаўнікам, Месіяй Божым. Няхай наша вера будзе пацверджана ў штодзённым жыцці, у прыняцці крыжа кожны дзень. Будзем жа наследаваць Езуса ў лагоднасці і цярплівасці ў адносінах да тых, хто робіць нам непрыемнае.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 07.06.2019 18:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа