Пошук

09.06.2010 01:00  
1 чыт. 2 Сам 12, 7–10. 13; Пс 32 (31), 1–2. 5. 7. 11.
2 чыт. Гал 2, 16. 19–21.
Ев. Лк 7, 36 – 8, 3 альбо (карац.) Лк 7, 36–50
.


Я хачу нешта сказаць табе

Мажліва, з вамі здаралася наступная сітуацыя: вам здавалася, што зрабілі нешта вельмі добрае і што за гэта належыць пахвала і прызнанне, але замест гэтага чуем суровы папрок і сур’ёзную вымову. Тады, звычайна, усведамляем сабе, што зусім не такія мы добрыя, як здавалася спачатку.

Нешта падобнае перажыў і адзін з фарысеяў — Сымон, пра якога ўспамінае сённяшняе Евангелле. Яму здавалася, што ён можа быць задаволены сабою. Ён жа стараўся бьшь чалавекам сумленным. Такім сябе і лічыў. Таксама і за свой учынак ён мог спадзявацца атрымаць толькі пахвалу. Не хто ж іншы, а менавіта ён запрасіў Езуса. Ён прыняў Яго ў сваім доме. Гэта ён частаваў Езуса.

Чаго больш можна было ад яго чакаць? Ці ж не зрабіў ён усё, што мог? Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што калі ён пачуў ад Езуса: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе», — ён смела адказвае: «Скажы, Настаўнік» (гл. Лк 7, 40). Аднак, пахвалы, на якую ён так моцна спадзяваўся, на жаль, не пачуў. Чаму так адбылося?

Заўважым, што ў доме фарысея прысутнічала яшчэ адна асоба. Хто гэта быў? Коратка яе можна назваць «няпрошаным госцем». Мы ведаем, што пранікнуць у чый-небудзь дом, прыйсці на прыём без запрашэння — мала сказаць, што гэта «няветліва». Гаспадар можа нават сілаю выгнаць такога прышэльца, асабліва тады, калі няпрошаны госць увогуле не заслугоўвае павагі альбо калі пры гэтым паводзіць сябе не належным чынам.

Як першае, так і другое мела месца ў выпадку з няпрошаным госцем, які з’явіўся на абед да фарысея Сымона. Як мы пачулі некалькі хвілін таму, у дом фарысея пранікла «жанчына, якая была грэшніцай у горадзе» (гл. Лк 7, 37). Кім яна была — усе добра ведалі. Дык вось, менавіта такая жанчына не толькі без запрашэння ўвайшла ў дом фарысея, але, больш таго, неяк дзіўна пачала паводзіць сябе ў адносінах да Езуса, госця Сымона. «Плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем» (гл. Лк 7, 38). Калі так, то можна спытаць, чаму фарысей Сымон проста не выгнаў тую жанчыну са свайго дома?

Фарысей Сымон добра ведаў, што робіць. Ён свядома не рэагуе ні на знаходжанне гэтай жанчыны ў яго доме, ні на яе дзіўныя паводзіны. Чаму? Гэта дае яму нагоду наступным чынам падумаць пра Езуса: «Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца» (гл. Лк 7, 39). Толькі цяпер мы разумеем, чаму гаспадар дома, Сымон, замест пахвалы атрымлівае непрыемную вымову. Проста ён паставіўся да Езуса, калі гаварыць далікатна, крыху няшчыра. Сымон выдаваў сябе за добрага, добразычлівага, высакароднага чалавека. Але на самой справе такім не быў, бо гэта была толькі яго маска. У сэрцы сваім ён меў іншае. I яму здавалася, што Езус пра тое не даведаецца. Але, на жаль, вельмі пралічыўся з гэтым.

Словы Езуса: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе» (гл. Лк 7, 40) з’яўляюцца ўступам да «рахунку сумлення», дзякуючы якому той, хто запрасіў Езуса, мае зручны выпадак, каб даведацца пра сябе праўду. Прымаючы Езуса ў сваім доме, Сымон не ўсё зрабіў, як належыць. Езус папракнуў яго ў гэтым, нагадаўшы тагачасныя спосабы аказання гасціннасці: «Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног... Ты пацалунку мне не даў... Ты галавы Мне алеем не намасціў» (гл. Лк 7, 44–46).

Сёння, падчас гэтай святой Імшы, Езус звяртаецца да кожнага з нас па імені: Аня, Каця, Міша, Павел, «Я хачу нешта сказаць табе». Часам, мы хвалімся нашымі добрымі ўчынкамі. Мы вельмі задаволеныя сабою. Не можам ні ў чым папракнуць сябе. Мы нібыта без заганаў. А на самой справе... Трэба, каб Езус вызваліў нас ад гэтых ілюзій, сярод якіх мы жывем.

Здаецца нам, што мы так прыгожа молімся, а ці так гэта на самой справе? А можа, на жаль, ёсць дні, якія мы пачынаем без малітвы? Устаём занадта позна і не хапае нам часу, каб на пачатку дня:
— скіраваць свае думкі і сваё сэрца да нашага Айца Нябеснага;
— сардэчна павітаць Марыю, поўную ласкі, тую, якую — адзіную з усіх жанчынаў — Бог выбраў за Маці Збавіцеля;
— вызнаць сваю веру ў Бога Усемагутнага, у Сына Яго Адзінага, у Духа Святога;
— узгадаць дзесяць Божых запаведзяў і дзве запаведзі любові, каб на працягу дня пра іх памятаць і кіравацца імі, і дзякуючы гэтаму атрымаць вечнае жыццё.

Мы прыходзім на нядзельную святую Імшу і лічым, што гэта ўжо ўсё, чаго ад нас чакае Езус. Можа, адчуваем задавальненне, падобна, як фарысей Сымон у сённяшнім Евангеллі. Можа, нам здаецца, што мы лепшыя за тых, якія не прыйшлі ў касцёл. Задумаюся, ці словы Езуса «Я хачу нешта сказаць табе» не адносяцца і да мяне? Каб не пачуць ад Езуса слоў напамінання, падумаю:
— пра нашае спатканне з Ім падчас кожнай святой Імшы,
— пра належнае ачышчэнне сэрца шляхам шчырага жалю,
— пра ўважлівае слуханне Божага слова,
— пра годнае прыняцце Езуса ў святой Камуніі,
— а перш за ўсё пра тое, што Ён заўсёды побач з намі.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа