Пошук

04.06.2010 01:00  
1 чыт. 1 Вал 17, 17–24; Пс 30 (29), 2–4. 5–6. 11 і 12a i 13b.
2 чыт. Гал 1, 11–19.
Ев. Лк 7, 11–17
.


Не плач!

Ёсць такія дзеці, у якіх слёзы заўсёды напагатове. Дастаткова толькі каб нехта скоса паглядзеў на іх, і яны ўжо аж заходзяцца ад плачу. Але што ім гэта дае? Нічога! Паплачуць, паплачуць і перастануць, бо ніхто не звяртае ўвагі на іх слёзы. Бываюць, аднак, такія сітуацыі, калі плач не толькі апраўданы, але нават і неабходны. Зразумела, тут гаворка ідзе не пра такі плач, які мае на мэце выклікаць спачуванне падчас пакарання.

Нават дарослыя пры пэўных акалічнасцях не саромеюцца слёз. Асабліва, калі гэта слёзы смутку альбо слёзы радасці. Хто плача з прычыны смутку? Той, каго напаткала няшчасце, каго прыгнятае туга, у каго памёр блізкі чалавек. Здараецца, што плачуць бацькі з-за дрэнных учынкаў сваіх дзяцей. Але сярод вас, я ўпэўнены, няма такіх. Слёзы смутку былі таксама і ў нашага Збавіцеля. Ён заплакаў над Ерузалемам, бо бачыў, які страшны лёс напаткае яго з-за таго, што не распазнаў часу адведзінаў сваіх (гл. Лк 19, 44). Ёсць і асаблівы від плачу: плач з-за ўчыненых грахоў (гл. Лк 7, 38).

Калі цякуць слёзы радасці? Іх можна ўбачыць тады, калі некага напаткала выключнае шчасце, калі камусьці ўдалося дасягнуць нечага вельмі важнага, напрыклад, трапіць на вучобу, калі нарэшце прыязджае нехта доўгачаканы, калі хтосьці дабіваецца важнай перамогі, значнага поспеху ў спартыўных спаборніцтвах альбо рознага роду фестывалях і конкурсах.

Гледзячы тэлевізар, можа скласціся ўражанне, што ў чалавечым жыцці больш слёз болю, смутку і роспачы, чым слёз радасці і шчасця. Колькі ж разоў з’яўляюцца на экране заплаканыя маці, бо з-за войнаў, тэрарызму, катастроф, хваробаў, катаклізмаў альбо з-за дарожных здарэнняў яны страцілі сваіх любімых дзяцей.

Заплаканую жанчыну паказвае і сённяшняе Евангелле. Хто яна? Яна ўдава. Жыццё ўдоваў у часы Езуса было вельмі цяжкім. Пасля смерці мужа ўдава ўжо не мела належнай апекі. Яна была безабароннаю перад несумленнымі людзьмі. Трэба таксама памятаць, што ў часы Езуса не было ані пенсій, ані грашовай дапамогі для патрабуючых. Таму адзінаю надзеяй і падтрымкай для ўдавы маглі быць яе дзеці. Зразумела, гаворка ідзе пра дарослых дзяцей, з якімі лічыліся ў грамадстве і якія маглі заступіцца за сваю маці.

Удава, пра якую гаворыцца ў Евангеллі, мела аднаго сына. Ён ужо быў маладым хлопцам. Так што маці магла разлічваць на яго апеку. На жаль, гэтую ўдаву напаткала вялікае няшчасце. Яе адзіны сын памёр. Ужо нясуць цела, каб яго пахаваць. Боль маці быў велізарным. Яна страціла не толькі сына. Яна страціла адзіную апору для сваёй старасці. Лёс яе быў незайздросны, сітуацыя стала безнадзейнаю.

Але вось пахавальны картэж сустракаецца з Езусам. Ці заўважылі вы, як паводзіў сябе Езус? Што вам запомнілася з пачутага Евангелля? Перад тым, як Езус сказаў удаве: «Не плач!», — Ён зжаліўся над ёю. Гэтае спачуванне ўдаве, іншымі словамі праяўленне літасці да яе, не было звычайным пачуццём, што ў такіх абставінах выказваецца асобам, якія страцілі каго-небудзь з блізкіх. Гэта нешта значна большае. Словы «не плач!» — гэта не звычайнае суцяшэнне. Пра тое, што яны азначаюць на самой справе, мы даведваемся з таго, што далей здзяйсняе Езус.

Езус зжаліўся над удавою. Таму падышоў, дакрануўся да насілак, на якіх ляжала цела памерлага, і сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань» (гл. Лк 7, 14). Той, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць. Евангеліст Лука, які апісаў нам гэтае здарэнне, дадае: «І Езус аддаў яго маці ягонай» (гл. Лк 7, 15). Сапраўды, з гэтага моманту ў яе ўжо не было аніякай падставы, каб плакаць.

Кніга Апакаліпсісу так паказвае будучае шчасце тых, хто атрымае збаўленне: «І вытра кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула» (гл. Ап 21,4). Вось што нас чакае. У нябеснай айчыне добры Айцец абатрэ з нашых вачэй кожную слязінку.

Але спачатку мы павінны выціраць слёзы іншым. Зразумела, не даслоўна. Езус зжаліўся над удавою, у якой здарылася вялікае гора.

—  Ці здолею я шчыра, без прытворства, без прымесі крывадушнасці спачуваць іншым?
—  Ці змагу суцешыць у няшчасці іншага не толькі словамі, але і ўчынкамі?
— Запамятаем словы святога Паўла: «Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача» (гл. Рым 12, 15).
— Вырашым для сябе, што ніколі не будзем прычынаю слёз, болю і смутку іншага чалавека.

Да кожнага з нас Езус гаворыць: «Не плач!». Тут гаворка ідзе не пра звычайны плач, але пра смутак, прыгнечанасць, пануры выраз твару. Чаму Езус мае права так сказаць нам? Бо Ён перамог смерць, бо для нас Ён з’яўляецца надзеяй.

Няхай наш удзел у Эўхарыстыі, падчас якой мы сустракаемся з Уваскрослым Панам, умацуе нашую надзею і дазволіць нам знаходзіць радасць сярод цяжкасцяў.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа