Пошук

03.06.2010 01:00  
1 чыт. Быц 14, 18–20; Пс 110 (109), 1. 2–3. 4.
2 чыт. 1 Кар 11, 23–26.
Ев. Ян 9, 11b–17
.


Самы вялікі дар

Напэўна не знойдзецца сярод нас тых, хто не любіць атрымліваць падарункі. З нецярплівасцю вы чакаеце тых дзён, калі будзе нагода для гэтага: дзень нараджэння, імяніны, дзень святога Мікалая, марыце пра тое, які падарунак хацелі б атрымаць. Зразумела, вы любіце тых, хто дарыць вам падарункі. Вы ўдзячныя ім за гэта. Мы абураемся, калі чуем, што нехта не падзякаваў альбо не звярнуў увагі на дар. Гэта так непрыемна, так балюча! Можа, вы самі ўжо зведалі гэта.

Калі ў вас запытаць, ад каго вы атрымліваеце найбольш дароў, то, напэўна, у першы момант вы далі б розныя адказы. Можа, у першую чаргу назвалі б дзядзьку, што жыве за мяжою і прывозіць вам самыя розныя рэчы. Але пасля невялікага разважання першае месца вы аддалі б камусьці іншаму.

Напэўна ёсць нехта, хто дае вам намнога болей. Хто? Канешне ж бацькі! Гаворка ідзе не толькі пра падарункі, якія вы атрымліваеце з нагоды імянінаў ці дня нараджэння. Той быў бы няўдзячным сынам і дачкою, хто не заўважаў бы, як шмат даюць нам бацькі. Падумайце над гэтым! Тое, што яны нам даюць штодня, намнога важней за прыгожа ўпакаваныя падарункі з нейкай нагоды. Пастарайцеся ўзгадаць, за што вы павінны быць удзячнымі сваім бацькам. (Выказванні дзяцей. Трэба звярнуць увагу не толькі на матэрыяльныя дары, але і на такія, як выхаванне, любоў, дабрыня, добразычлівасць, сардэчнасць). Задамо сабе чарговае пытанне: «Якім чынам я магу аддзячыць бацькам за іх клопаты аба мне?».

Вы ўспомнілі, што бацькі дораць вам таксама сваю любоў, дабрыню, апеку. Бацькі заўсёды побач з вамі. Тое, што бацькі з вамі, лічыцца чымсьці нармальным. Таму, напэўна, нямногія гэта ўсведамляюць. Можа здарыцца так, што замест належнай павагі за гэтую добразычлівасць і сардэчныя адносіны бацькам дастаецца няўдзячнасць дзяцей. Чаму я гавару вам пра гэта? Таму, што той, хто не адчувае ўдзячнасці да людзей, да родных, да бацькоў, той таксама аказваецца няўдзячным і ў адносінах да Бога, у адносінах да Хрыста і ў адносінах да Касцёла.

Сёння — урачыстасць Цела і Крыві Пана. Што гэта за ўрачыстасць? Што яна нам прыпамінае? Прыпамінае яна Апошнюю Вячэру Езуса са сваімі вучнямі, калі Ён узяў у свае рукі хлеб і сказаў: «Гэта ёсць Цела Маё». Што ж гэта азначае? Езус сказаў, што з гэтай хвіліны Ён ёсць з намі. I застаўся з усімі намі назаўсёды. Не толькі з выбранымі, якія былі з Ім, слухалі Яго словы, дзівіліся з Яго цудаў. Езус застаўся з усімі сваімі вучнямі, незалежна ад месца, незалежна ад часу, у якім яны жывуць.

Гэта самы вялікі Яго дар для вучняў. Таму сённяшняя ўрачыстасць з’яўляецца асаблівым днём удзячнасці Езусу Хрысту за Яго дар:
— за тое, што застаўся з намі назаўсёды,
— за тое, што даў нам сябе,
— за тое, што стаў хлебам, які дае нам жыццё вечнае,
— за Яго любоў, дабрыню і смерць на крыжы дзеля нашага адкуплення.

Хрыстус Пан вядзе нас да дома свайго Айца. Давайце будзем памятаць пра гэта. Ад усяго сэрца падзякуем Яму сёння.

Вы ведаеце, што падчас сённяшняй урачыстасці з касцёла выйдзе працэсія. Яна пойдзе не так, як звычайна, вакол касцёла, а па вуліцах, між нашых дамоў. Давайце ж далучымся да гэтай працэсіі, каб падзякаваць Езусу за самы вялікі дар, які Ён нам дае.

Працэсія будзе спыняцца каля чатырох алтароў, дзе мы будзем маліцца, каб Бог захаваў нас ад усялякіх стыхійных бедстваў і няшчасцяў.

Езус застаўся з намі ў выглядзе хлеба. Ці дзякуем мы Яму за гэта? Гаворка ідзе не толькі пра сённяшнюю ўрачыстасць. Гаворка ідзе пра кожны дзень. Можа, мы гэтулькі разоў праходзім каля касцёла, а Езус запрашае нас: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (гл. Мц 11, 28). А мы ідзем далей, нібыта Ён не прысутнічае паміж намі. Такім чынам мы грэбуем самым вялікім дарам, які пакінуў нам Езус, — Яго поўнай любові прысутнасцю, пакідаем Яго без увагі і нават, можна сказаць, адкідваем Яго. Пастановім жа, што калі будзем праходзіць каля касцёла, і будзе такая магчымасць, то не пашкадуем хвілінкі часу, каб прывітаць свайго Пана, які з любові застаўся з намі назаўсёды ў постаці хлеба. Тады з задавальненнем пагаворым пра свае справы з Хрыстом, які прысутнічае ў Эўхарыстыі. Канешне ж, кожнаму з нас шмат чаго будзе сказаць Яму.

Хрыстус Пан застаўся з намі і ўмацоўвае нас сваім святым Целам, будзем жа праслаўляць Яго праз вякі.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа