1 чыт. Прып 8, 22–31; Пс 8, 4–5. 6–7. 8–9.
2 чыт. Рым 5, 1–5;
Ев. Ян 16, 12–15.
З гэтым знакам пераможаш
Калі вечарам едзем у аўтобусе і за вокнамі нічога не відаць, і нам вельмі сумна, тады варта прыгледзецца да таго, як паводзіць сябе вадзіцель. Усе іншыя, што едуць у аўтобусе, могуць задрамаць, чытаць кніжку альбо газету, альбо пазіраць ва ўсе бакі. А ён — не! Вадзіцель павінен уважліва назіраць за тым, што адбываецца на праезджай частцы вуліцы. Але не толькі за гэтым. Ён павінен заўважаць усё, што знаходзіцца абапал дарогі. Ёсць, аднак, нешта, што асаблівым чынам прыцягвае ўвагу вадзіцеля. Здагадваецеся, што? Гэта дарожныя знакі. Вы ведаеце, як яны выглядаюць, і нават, можа, ведаеце, што яны азначаюць.
Навошта ставяцца дарожныя знакі? Відавочна, для таго, каб аблегчыць працу вадзіцеля. Мы баімся ехаць з вадзіцелем, які не звяртае ўвагі на дарожныя знакі. Гэта вельмі небяспечна. Вельмі дрэнна, калі нехта знішчае дарожныя знакі. Чаму? Дарожныя знакі «падказваюць» вадзіцелю, куды яму можна ехаць, з якою хуткасцю, аблягчаюць яму пошукі патрэбнай трасы, напамінаюць пра неабходнасць быць асцярожным, заклікаюць да большага сканцэнтравання ўвагі, засцерагаюць перад небяспекаю. Можна сказаць, што дарожныя знакі дапамагаюць бяспечна дасягнуць мэты.
I мы, як веруючыя ў Хрыста, маем такі знак, які нам вельмі шмат «падказвае», які нам прыпамінае, перасцерагае нас і бяспечна праводзіць да самай важнай мэты. Які гэта знак? (...) Гэта знак крыжа, які мы робім некалькі разоў штодня, вымаўляючы пры гэтым словы: «У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн». Упершыню знак крыжа зрабілі на тваім чале падчас святога хросту твае бацькі і хросныя.
Што нам «гаворыць» знак крыжа? Перш за ўсё «гаворыць», што Бог нас любіць, што «так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (гл. Ян 3, 16); што «любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (гл. Рым 5, 5), што Бог аказаў нам сваю любоў праз тое, што Езус Хрыстус памёр за нас на крыжы.
Знак крыжа напамінае мне:
— што я быў ахрышчаны ў імя Айца і Сына, і Духа Святога, у імя Найсвяцейшай Тройцы,
— што я з’яўляюся хрысціянінам, вучнем Езуса Хрыста,
— што з моманту святога хросту я належу да Касцёла,
— што і за мяне Езус памёр на крыжы.
Знак крыжа перасцерагае мяне:
— каб праз грэх я не адвярнуўся ад Хрыста і не зневажаў святыні, у якой прабывае Бог, святыні, якою стаў кожны з нас праз святы хрост,
— каб не крыўдзіў іншага, бо ён з’яўляецца маім братам, што мы належым да адной сям’і, якою з’яўляецца Касцёл,
— каб не пагарджаў нікім, бо Езус цярпеў за кожнага з нас на крыжы.
Знак крыжа вядзе мяне:
— да перамогі,
— да дома Айца,
— да супольнасці збаўленых.
Робячы знак крыжа, мы прамаўляем словы: «У імя Айца і Сына, і Духа Святога». Ці заўсёды мы разумеем сутнасць таго, што гаворым? Ці ўсведамляем, што змяшчаюць гэтыя словы? А можа, вымаўляем іх зусім бяздумна, механічна, не звяртаючы ўвагі на тое, што яны азначаюць?
Таму, кожны раз, калі буду рабіць знак крыжа і прамаўляць словы: «У імя Айна і Сына, і Духа Святога», буду памятаць:
— што не павінна быць разладу паміж зробленым знакам крыжа і ўсім тым, што я раблю пазней,
— што я прашу дапамогі ў Айца і Сына, і Духа Святога.
Таму няхай мая малітва і ўсё, што я раблю, будзе ўчынена ў імя Айца і Сына і Духа Святога, гэта значыць, па Божай задуме.
Знакам крыжа мы распачынаем наш дзень. Знакам крыжа і заканчваем яго. Гэты знак, што так шмат нам «гаворыць», вядзе да перамогі. Толькі б нам удалося з гэтым знакам перамагчы ўсё тое, што аддаляе нас ад Хрыста.
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.