Пошук

20.05.2010 01:00  
1 чыт. Дз 2, 1–11; Пс 104 (103), 1ab і 24ac. 29bc–30. 31 і 34.
1 варыянт: 2 чыт. 1 Кар 12, 3b–7. 12–13; Ев. Ян 20, 19–23
2 варыянт: 2 чыт. Рым 8, 8–17; Ев. Ян 14, 15–16. 23b–26
.


Прыйдзі, Святло сумленняў

Можа, вам здаралася перажываць такую сітуацыю, калі вы выбраліся з бацькамі ў лес. Раптам ты заўважаеш, што крыху адстаў ад іх. Застаўся адзін. Больш таго, сцежка, па якой ты ішоў, становіцца ўсё вузейшаю і нарэшце знікае. Ты спыняешся. Не ведаеш, куды павінен ісці. Разважаеш, у які бок падацца. Не маеш упэўненасці ў тым, які напрамак выбраць далей, каб не заблудзіцца.

Як вам здаецца, што ў такіх абставінах трэба рабіць? Як паступіць? Відавочна, тут не падыходзіць рашэнне: «Пайду наперад і нічога мяне не цікавіць». Гэта было б вялікаю памылкаю! Вядома, што трэба рабіць. Спачатку трэба даведацца, дзе бацькі. Вельмі проста закрычаць: «Мама! Тата! Дзе вы?». А калі ўжо знойдзеш іх, тады вы разам вызначыце, што рабіць далей. Дзякуючы іх дапамозе, ты — у бяспецы і ўжо не заблудзішся! Нават у самым вялікім лесе.

Чаму я гавару пра гэта? Таму, што ў падобнай сітуацыі мы аказваемся не толькі тады, калі знаходзімся ў густым лесе альбо ў незнаёмай мясцовасці. Значна часцей нешта падобнае здараецца з намі, калі мы не ведаем, што выбраць. Ці задумваўся хто-небудзь з вас, колькі разоў на працягу нават аднаго дня мы стаім перад выбарам. Звычайна гаворка ідзе пра мала важныя справы, таму мы робім выбар, асабліва не задумваемся. Напрыклад, хто б доўга думаў над тым, што зрабіць спачатку: заданне па беларускай мове ці па матэматыцы. Звычайна мы пачынаем з таго, што любім, што нам лягчэй.

Але не заўсёды гэта так проста і лёгка. Здараюцца сітуацыі, калі выбар зрабіць цяжэй. Напрыклад, што зрабіць спачатку: паглядзець тэлеперадачу ці пайсці да сябра, каб дапамагчы яму зрабіць урокі; крыху прыбраць дома ці далучыцца да тых, што гуляюць на падворку; укленчыць на вячэрнюю малітву ці далей чытаць кніжку.

Адпачыць перад тэлевізарам, пагуляць з сябрамі ці пачытаць — гэта добрыя справы. Але можа так здарыцца, што прагляд тэлевізійнай праграмы, забавы з сябрамі альбо чытанне кніжкі цябе так захопіць, што будзе цяжка сказаць сабе «досыць». А тады высветліцца, што парадак дома ўжо зрабіла знерваваная з-за цябе мама, што сябар ужо сам зрабіў урокі, хоць яму так патрэбна была твая дапамога, і што ты забыўся пра вячэрнюю малітву.

Так моцна хацелася б нам заўсёды рабіць правільны выбар, каб не рабіць памылак. Хто можа дапамагчы нам у гэтым? Напэўна, вы ўважліва слухалі словы Святога Пісання, прызначаныя на сённяшнюю ўрачыстасць. Як вядома, перад спасланнем Духа Святога вучні былі спалоханыя, разгубленыя, няўпэўненыя, замкнутыя. Яны ж ужо тады былі сведкамі «вялікіх справаў Божых». Уласнымі вачыма бачылі ўваскрослага Хрыста. Чаму ж яны маўчалі аб гэтым? Напэўна, не вельмі добра ведалі, што павінны рабіць далей, як сябе паводзіць. Можна сказаць, што не маглі авалодаць сабою ў новай сітуацыі. Яны не ведалі, што будзе далей. Толькі тады, калі атрымалі дар Духа Святога, ім стала ясна, што яны павінны адважна абвяшчаць усім людзям «вялікія Божыя справы», гэта значыць, што Езус Хрыстус памёр і ўваскрос дзеля збаўлення кожнага чалавека.

Той самы Дух Святы, які сышоў на вучняў у дзень Пяцідзесятніны і дзякуючы якому яны спазналі, што павінны рабіць, Ён прагне дапамагаць выбіраць тое, што найлепшае нам. А мы ж так часта адчуваем сябе разгубленымі, так слаба ведаем, што рабіць далей, што выбраць. Таму мы часта просім: «Духу Святы, дай нам заўсёды спазнаваць тое, што праведна, справядліва і добра».

Давайце будзем памятаць пра малітву да Духа Святога перад тым, як пачынаць вучобу: «Духу Святы, які асвячаеш сэрцы і думкі нашыя, дай нам жаданне і здольнасці, каб атрыманыя веды прынеслі нам карысць як у жыцці зямным, так і вечным». Нашы намаганні і нашую працу няхай натхняе сваім святлом Дух Святы! Няхай заўсёды будзе дзейснай у нас моц Духа Святога, каб мы ніколі не збіліся з праўдзівага шляху. Няхай эўхарыстычны хлеб, асвячоны Духам Святым, дапаможа нам дасягнуць вечнага адкуплення.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа