Гэта не расставанне
Самыя цяжкія хвіліны — хвіліны расставання. Асабліва, калі людзі расстаюцца надоўга. Вы, напэўна, ужо не адзін раз расставаліся з роднымі і сябрамі. Узгадайце такія сітуацыі, калі тата выязджаў на працу ў іншы горад, альбо калі сястра адпраўлялася ў летнік, ці калі сябар пераязджаў у іншую мясцовасць.
Не ведаю, ці заўважылі вы, што пры кожным расставанні, нават тады, калі, напрыклад, тата выязджаў за мяжу і абяцаў прывезці вам падарункі, пра якія вы даўно марылі, заўсёды адчуваецца нейкая няўпэўненасць: што будзе далей. Можа, вы калі-небудзь прыслухоўваліся да размовы тых, што расстаюцца? Пра што яны тады гавораць? Напэўна, яны даюць узаемныя абяцанні, што будуць памятаць адзін пра аднаго, што будуць часта пісаць адно аднаму лісты, што, калі з’явіцца патрэба, паспяшаюцца на дапамогу.
Сённяшняя ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана напамінае нам пра расставанне Езуса з вучнямі. Гэта было незвычайнае расставанне! Чаму? Здзейсніўшы справу збаўлення, Езус узыходзіць да свайго Айца. Пан Езус, Пераможца граху і смерці, узышоў у неба як Валадар Хвалы. Узыходзячы на неба, Ён не пакінуў нас у людской нядолі, але перад намі прыйшоў у Нябесную Айчыну, каб уманаваць нашую надзею на тое, што і мы таксама ўвойдзем туды.
Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, узыходзіць на неба. Толькі Хрыстус, Той, які «зыйшоў ад Айца», можа «ісці да Айца» (гл. ККК 661). Пасля сваёй Мукі Езус даў вучням шмат доказаў таго, што Ён жыве. Хрыстус аб’яўляўся ім на працягу сарака дзён і гаварыў пра Божае Валадарства (гл. Аз 1, 3).
I нарэшце наступіў дзень расставання. У апошні раз сустракаецца Ён са сваімі вучнямі. Спажывае з імі супольны пасілак. Размаўляе з імі. Загадвае ім не пакідаць Ерузалем. У Ерузалеме яны павінны чакаць спаўнення абяцання. Менавіта тут яны будуць ахрышчаны Духам Святым.
Вучні пытаюцца ў Езуса, ці не цяпер, ці не ў гэтым часе адновіць Ён валадарства Ізраэля. Яны маюць нейкую дзіўную надзею. Напэўна, зноў спадзяюцца атрымаць першыя месцы ў гэтым валадарстве. Езус спыняе гэтыя спадзяванні сціслым сцвярджэннем: «Не вам ведаць часы ці поры, якія Айцец прызначыў сваёй уладайё» (гл. Дз 1, 7). Аднак, у той жа час Ён заклікае іх да адпаведнага задання: «Але прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме і ва ўсёй Юдэі, і ў Самарыі, і ажно да краю зямлі. І, сказаўшы гэта, Ён узнёсся на вачах іхніх, і воблака забрала Яго з іхніх вачэй» (гл. Дз 1, 8–9).
Так Дзеі Апосталаў прадстаўляюць расставанне Езуса з вучнямі. Аднак, ці сапраўды Езус пакінуў сваіх вучняў? А можа, Ён застаўся з імі якім-небудзь іншым чынам? Дзеі Апосталаў апавядаюць пра Пятра і Яна, калі яны, уваходзячы ў святыню, сустрэлі чалавека, які не мог хадзіць. Ён пазіраў на іх, спадзеючыся, што нешта ад іх атрымае. I сказаў Пётр: «Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэту, устань і хадзі». I што адбылося? У гэтага няшчаснага чалавека падужэлі ногі, ён падскочыў і стаў хадзіць (гл. Дз 3, 1 і наступн.). Хто аздаравіў гэтага чалавека? Так, на самой справе, не Апосталы здзейснілі аздараўленне гэтага чалавека, але сам Езус Хрыстус, які ўзышоў на неба.
Пан Езус, хоць і ўзышоў на неба, застаўся са сваімі вучнямі. Гэта была іншая прысутнасць. Нягледзячы на нябачнасць, прысутнасць Яго была вельмі канкрэтнай і адчувальнай. Абвяшчэнне Евангелля, сведчанне пра Хрыста ва ўсім свеце — гэта справа не толькі вучняў. Хрыстус дапамагаў ім. Пан адкрываў сэрцы слухачоў. Пан пацвярджаў цудоўнымі знакамі, што Евангелле, якое абвяшчаюць вучні, праўдзівае.
Такім незвычайным чынам Езус застаўся з вучнямі. Застаўся таксама і з намі. У якой ступені ўсведамляем мы сабе гэтую іншую прысутнасць Езуса? А прысутнасць гэтая сапраўдная, блізкая, шчырая. Якая гэта прысутнасць? Хрыстус заўсёды прысутны ў сваім Касцёле. Хрыстус прысутны ў ахвяры святой Імшы, у асобе таго, хто цэлебруе святую Імшу, у эўхарыстычных постацях хлеба і віна. Ці цаню я гэтую прысутнасць? Ці лічуся з ёю? Ці ўдзячны за яе?
Мы радуемся ўзвялічванню Пана Езуса, што Ён сядзіць праваруч Бога і заступаецца за нас (гл. Рым 8, 34; Гбр 7, 25; 9, 24; гл. ККК 662). Успамін пра расставанне Езуса з вучнямі — урачыстасць Унебаўшэсця Пана — няхай будзе для нас нагодаю для таго, каб хвілінку падумаць пра гэтую іншую прысутнасць Хрыста. Асабліва цяпер, падчас гэтай святой Імшы падзякуем Хрысту за тое, што Ён ёсць з намі! Пане Езу, дапамажы нам, каб мы былі Тваімі сапраўднымі сведкамі! Усемагутны, вечны Божа, абудзі ў нашых сэрцах прагу да неба, дзе Хрыстус, як першы з людзей, прабывае з Табою!
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.