Пошук

31.03.2010 01:00  
1 чыт. Дз 10, 34а. 37–43; Пс 118 (117), 1–2. 16–17. 22–23.
2 чыт. Клс 3, 1–4 альбо 1 Кар 5, 6b–8
Ев. Ян 20, 1–9
альбо Мц 28, 1–10 альбо Імша вечаровая Лк 24, 13–35.


Шукайце таго, што ў вышынях!

Нарэшце прыйшлі жаданыя святы. Нарэшце мы можам радасна спяваць: «Уваскрос Пан над панамі, Ён жыве, Ён зноўку з намі. Аллелюя, аллелюя — Бога слаўце — аллелюя!». Бо і да Велікодных святаў падрыхтаваліся мы вельмі добра: прыходзілі на набажэнства Крыжовага шляху, удзельнічалі ў рэкалекцыях, ачысцілі свае сэрцы праз сакрамэнт пакаяння, прымалі лекі ад граху — гэта значыць пасцілі, больш горача маліліся і ахвотна рабілі добрыя ўчынкі. Мы пачалі барацьбу са сваімі недахопамі і грахамі, пастанавілі не адступаць ад прынятых добрых рашэнняў. Адным словам, мы прыклалі некаторыя намаганні для таго, каб падрыхтавацца да ўрачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана. I вось, нарэшце, свята. Нехта можа падумаць: «Нарэшце можна будзе трохі адпачыць ад усяго гэтага».

Той, хто так падумаў бы, зведаў бы вялікае расчараванне. Бо слова Божае, прызначанае на сённяшнюю ўрачыстасць, заклікае нас: калі вы разам з Хрыстом паўсталі з мёртвых, гэта значыць, калі па-сур’ёзнаму адкінулі грэх і маеце ў сабе Божае жыццё, шукайце таго, што ў вышынях! (гл. Клс 3, 1). Зноў атрымліваем новае заданне: Шукайце таго, што ў вышынях! Дзіўнае заданне! Што гэта азначае? Растлумачваюць гэта наступныя словы чытання: «Дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога» (гл. Клс 3, 1). Мы павінны шукаць уваскрослага Пана, шукаць усяго таго, што вядзе да канчатковага і поўнага спаткання з уваскрослым Езусам!

З сённяшняга Евангелля мы даведаліся, што Апосталы пабеглі да грабніцы і шукалі Езуса. А што знайшлі? Знайшлі пустую грабніцу і тканіну ў ёй. Гэта было для іх знакам таго, што Езус жыве. У Евангеллі гаворыцца пра вучня: «Убачыў і паверыў» (гл. Ян 20, 8). У што паверыў? Паверыў, што Хрыстус уваскрос. Такім чынам, вучні спачатку паверылі і толькі потым убачылі ўваскрослага Пана. Падобным чынам і мы, перш, чым убачым нашага Пана, Езуса Хрыста, які прыйдзе судзіць жывых і памерлых, павінны цвёрда трываць у веры, што ўкрыжаваны Езус жыве, што Ён валадарыць, што адолеў грэх і сатану, што Ён перамог смерць, не толькі сваю, але і смерць кожнага з нас. Уваскрослы Езус прыносіць нам сапраўднае, новае, поўнае жыццё.

I таму мы сёння радуемся і спяваем: «Аллелюя — хваліце Пана». «Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец сярод тых, якія заснулі» (гл. 1 Кар 15, 20). Па гэтай прычыне ўсе мы, што сабраліся тут, «цвёрда верым і спадзяёмся, што як Хрыстус сапраўды ўваскрос і жыве заўсёды, так і праведныя пасля смерці будуць заўсёды жыць з уваскрослым Хрыстом і што Ён уваскрасіць іх у апошні дзень» (гл. ККК 989). Таму заклік: «Шукайце таго, што ў вышынях», — гэта не ўскладанне новага цяжару, а радаснае запрашэнне прыняць удзел у перамозе Хрыста. Мы павінны памятаць, што ўваскрашэнне — гэта не толькі вялікая перамога самога Хрыста, але і нашая перамога.

Кожны з нас хацеў бы ўласнымі вачыма ўбачыць Уваскрослага так, як некалі бачылі, і нават датыкаліся да Яго Апосталы. Гэтае нашае жаданне, калі толькі мы будзем настойліва шукаць таго, што ў вышынях, некалі споўніцца. Ці памятаю я пра гэта? Ці хачу трываць у атрыманай ад Хрыста ласцы? Ці сапраўды я хачу быць з Панам назаўсёды?

Сённяшняя ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана зусім не спыняе нашыя намаганні. Наадварот, яна ўяўляе сабою новы заклік: «Пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное» (гл. Клс 3, 2). Няхай жа святочны час і час пасля святаў, што ў нас наперадзе, не стане часам бяздумнага вяртання да дрэнных звычак, часам аслаблення нашай любові да Хрыста, часам забывання таго, да чаго мы пакліканыя.

Давайце цяпер уважліва паглядзім у напрамку алтара. Каля яго знаходзіцца нешта, чаго ні ў мінулую нядзелю і нават учора на працягу дня яшчэ не было. Чаго? Каго нам гэта напамінае? (.....) Канешне, гэта пасхал. Гэтая свечка была ўрачыста асвечана ў мінулую ноч падчас урачыстага набажэнства. Запальваючы пасхал ад асвячонага агню, святар сказаў: «Святло Хрыста, які ў хвале змёртвыхпаўстаў, няхай разгоніць цемру нашых сэрцаў і думак». А потым у змроку святыні ўсе сабраныя запалілі ад гэтага пасхала свае свечкі.

I для цябе таксама калісьці была запалена ад пасхала свечка. Калі гэта было? Напэўна, не памятаеш, бо было гэта падчас твайго хросту. Менавіта тады твае бацькі ці хросныя запалілі тваю хрысцільную свечку ад пасхала, а святар, які ўдзяляў табе хрост, сказаў: «Прыміце святло Хрыста. Падтрыманне гэтага святла давяраецца вам, родныя і хросныя, каб вашы дзеці, асвячоныя Хрыстом, паводзілі сябе заўсёды як дзеці святла і, трываючы ў веры, маглі выйсці насустрач Пану, які прыходзіць, разам з усімі святымі ў небе». Няхай жа пасхал напамінае нам, што мы былі асвячоныя Хрыстом і што павінны паводзіць сябе як дзеці святла, трываючы ў веры.

Таму сёння, напоўненыя радасцю, мы спяваем хвалу Пану! Няхай гэтая радасць натхніць нас на шуканне таго, што ў вышынях, — таго, што ёсць там, дзе знаходзіцца Хрыстус, які сядзіць праваруч Бога (гл. Клс 3, 1). Будзем жа шчырым сэрцам трываць у тым, што мы здабылі на працягу Вялікага посту, будзем жа памнажаць нашую любоў да Пана. Уваскрослы Хрыстус — мой Пан і мая надзея! Шукайма ж таго, што ў вышынях!

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа