2 чыт. Флп 3, 8–14.
Ев. Ян 8, 1–11.
Больш не грашы!
Калі б нехта з вас папрасіў у калегі: «Прабач, што я надакучваю табе», — ведаючы, што і далей будзе рабіць тое ж, то, напэўна, калега адказаў бы яму: «Не жартуй! Альбо ты перастанеш мне назаляць, і тады я гатовы табе прабачыць, альбо перастань жартаваць». На самой справе, калі мы кагосьці за нешта перапрашаем, незалежна ад таго, вінаватыя мы ці не, з гэтым заўсёды звязана больш ці менш выразнае запэўніванне, што больш мы гэтага не будзем рабіць. Незнарок штурхнуўшы некага, ты гаворыш: «Выбачайце». Гэта азначае, што ты будзеш больш уважлівым, што будзеш больш сачыць за сабою, каб не паўтараць гэтага.
Колькі разоў гаварылі мы Богу: «Прабач мне, Пане». Калі? Так моцна мы перапрашаем Бога, прыступаючы да споведзі. Але нашае прымірэнне з Богам не можа скончыцца гэтым перапрашэннем, хоць і было б яно самым шчырым. Чаму?
Мы верым у адпушчэнне грахоў і з удзячнасцю вызнаём гэта. Няма такіх грахоў, якія б не маглі быць прабачаны грэшніку, што раскаяўся. У сённяшнім Евангеллі мы чулі, што абвінаваўцы не хацелі прабачыць грэшнай жанчыне. Больш таго, яны хацелі нават закідаць яе камянямі. Езус не асудзіў яе. Ён нават зрабіў так, што ўсе абвінаваўцы адышлі. Але нешта надзвычай важнае сказаў Ён гэтай жанчыне: «Ідзі і больш не грашы» (гл. Ян 8, 11). Езус сказаў жанчыне: «Больш не грашы». Ён не сказаў, каб яна не грашыла толькі ў канцы свайго жыцця, калі блізка ўжо будзе смерць, ці толькі на працягу года альбо месяца, ці каб не грашыла з заўтрашняга дня. Для перамены жыцця вызначаны менавіта гэты момант: «Больш не грашы».
Таксама і для нас Хрыстус выразна вызначае тэрмін, калі мы павінны пачаць выпраўляць нашае жыццё, выконваць свае пастановы. Пасля атрымання разграшэння ў сакрамэнце пакаяння, перад тым, як ты адыходзіш ад канфесіянала, святар гаворыць наступныя словы, звяртаючыся да цябе: «Пан адпусціў табе грахі. Ідзі ў супакоі». У гэтых словах — «Ідзі ў супакоі», — сказаных табе, той самы сэнс, што і ў словах Езуса «ідзі і больш не грашы», скіраваных да грэшнай жанчыны. А нам часта так хочацца хоць на трохі адкласці гэты пачатак жыцця без граху, адкласці хоць на некалькі гадзін, на дзень, на тыдзень. I ў выніку аказваецца, што мы шмат абяцаем, але нічога не выконваем.
А на самой справе няма сэнсу ў тым, каб перапрашаць і ў той жа час (без найменшага намагання зноў выправіцца) рабіць тое ж, за што мы перапрасілі. Каб так не было, давайце пастановім:
— вярнуцца ў думках да апошняй споведзі,
— успомніць, што мне больш за ўсё хацелася б выправіць.
Калі я тады не зрабіў канкрэтнай пастановы, то задумаюся цяпер: «Што мне больш за ўсё трэба выправіць і ў каго я павінен перапрасіць за ўчыненую крыўду?». Пры гэтым я хачу быць шчырым, вельмі шчырым. Бо іначай нічога мне гэта не дасць.
Што мне трэба выправіць?
Можа, буду прыкладаць больш намаганняў, каб любіць Бога ўсім сэрцам і з усіх сіл. Таму не буду прапускаць штодзённых малітваў. Што б я ні рабіў: падчас вучобы і адпачынку, — я буду ўвесь час памятаць, што Бог — наш Айцец і любіць усіх нас.
Можа, трэба інакш ставіцца да бліжняга. Не буду з абыякавасцю праходзіць не звяртаючы ўвагі на чалавека, які знаходзіцца ў патрэбе альбо пакутуе. Давайце ўспомнім словы Езуса: «Бо Я хацеў есці..., прагнуў..., быў у дарозе..., быў нагі..., быў хворы» (гл. Мц 25, 35–36). Таму, можа, менавіта сёння, у нядзелю, у дзень Пана нашага, Езуса Хрыста, я наведаю каго-небудзь, хто хварэе, хто самотны, пакінуты, і прынясу яму трохі радасці, падару яму ўсмешку і добрае слова.
Можа, не буду паглядаць зверху ўніз на іншых, не буду падкрэсліваць сваёй перавагі адносна іншых, калі гаворка ідзе пра здольнасці, бытавыя ўмовы альбо пра атрыманыя ў школе адзнакі. Калі гэта здараецца, то таму, што я забываюся, што за ўсё гэта я абавязаны Богу і людзям.
Можа, буду ва ўсім слухацца бацькоў і настаўнікаў, выказваць ім сваю павагу і любоў. Ні на хвілінку не буду забываць, што многім я абавязаны менавіта ім.
Праз многія грахі наносіцца шкода бліжняму. Таму зраблю ўсё, што магчыма, каб выправіць гэтую шкоду. Такім чынам, трэба аддаць тое, што ўзяў у каго-небудзь без дазволу, ці нават, назавём гэта сваім імем, украў. Самы час вярнуць ужо даўно пазычаную кнігу. Таму праверу дома, ці ўсё, што там ёсць, маё. Калі не, то аддам таму, каму гэта належыць (гл. ККК1459).
Доўга можна было б разважаць над гэтаю тэмаю. Працягваць такое пазнанне самога сябе трэба абавязкова. Таму сёння, вярнуўшыся дадому, дайце тэлевізару трохі адпачыць. Навошта гэта патрэбна? Для таго, каб у цішыні паразважаць над тым, што яшчэ трэба зрабіць, каб выканаць словы Езуса «больш не грашы» (гл. Ян 8, 11).
Пане Езу, які адкрыў вочы сляпым і прабачыў грэшніцы, дай мне вытрываць у прынятых пастановах.
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.