Пошук

09.03.2010 00:00  
1 чыт. Нав 5, 9a. 10–12; Пс 34 (33), 2–3. 4–5. 6–7.
2 чыт. 2 Кар 5, 17–21.
Ев. Лк 15, 1–3. 11–32


Вярніся, сынок!

Чарговая нядзеля набліжае нас да Велікодных святаў. Ці ўжо добра мы падрыхтаваліся да гэтых святаў? Засталіся нам толькі тры тыдні. А можа, ёсць і такія, што яшчэ не пачалі гэтай падрыхтоўкі? Таму я спытаюся, як яны збіраюцца перажываць гэтае свята? Ці так, як няверуючыя, якія не маюць надзеі і жывуць так, нібы Хрыстус не ўваскрос, нібы не перамог граху, нібы пасля ўваскрасення не сказаў Апосталам: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны» (гл. Ян 20, 23).

Менавіта над гэтымі словамі хацелася б трохі паразважаць. Уваскрослы Хрыстус пакінуў нам каштоўны дар — адпушчэнне грахоў. У перыяд Вялікага посту, калі рыхтуемся да святкавання перамогі Хрыста над смерцю і грахом, мы павінны перамагчы грэх самі ў сабе.

Калі чалавек зробіць нешта дрэннае, то пасля ўчыненага ён адчувае сябе не вельмі добра. Знешне можа здавацца, што ўсё ў парадку, што нічога не здарылася, але ўнутры адчуваецца незразумелы неспакой. Нешта напамінае, што ты зрабіў дрэннае. Чалавек хацеў бы збегчы ад гэтага, забыць, але ў яго не атрымліваецца. Нехта яго абвінавачвае: «Ты вінаваты». Ён хацеў бы пазбавіцца ад гэтага. I такі шанс ёсць. Пры ўмове, што гэтага збаўлення ад граху ён будзе шукаць у Таго, хто можа гэта здзейсніць.

Нагадаю цяпер словы, якія падчас сакрамэнту пакаяння гаворыць святар над грэшнікам, які раскаяўся: «Бог, Айцец міласэрнасці, які паяднаў свет з сабою праз смерць і змёртвыхпаўстанне свайго Сына і спаслаў Духа Святога для адпушчэння грахоў, няхай удзеліць табе прабачэнне і супакой». Толькі Бог, багаты на міласэрнасць, можа адпусціць чалавеку грахі. Толькі Ён і ніхто іншы. Толькі да Яго мы можам звяртацца з гэтым. Ён дае чалавеку і прабачэнне, і супакой.

Некалькі хвілін таму мы пачулі прыпавесць пра марнатраўнага сына. Яе можна назваць таксама прыпавесцю пра міласэрнага Айца. Напэўна, вы добра ведаеце падрабязнасці гэтай прыпавесці. Нешта надзвычай важнае для нас ёсць у гэтай прыпавесні. Яна паказвае нам вяртанне грэшніка да Бога. Гэта не толькі шлях марнатраўнага сына. Гэта таксама шлях кожнага з нас, калі толькі мы шчыра прагнем паяднацца з Богам. Шлях гэты мае некалькі этапаў.

Калі марнатраўны сын растраціў сваю маёмасць і яго пачала мучыць беднасць, ён задумаўся. Калі мучыць мяне цяжар грахоў і правінаў, задумаюся над гэтым.

Марнатраўны сын зразумеў, што ён не толькі растраціў маёмасць, але ў першую чаргу адкінуў любоў свайго бацькі. Нашыя разважанні пра свае ўчынкі — гэта тое, што называецца рахункам сумлення. Робячы рахунак сумлення, альбо ўдумліва і сумленна даследуючы самога сябе, мы пачынаем разумець сваю сапраўдную сутнасць.

Падчас рахунку сумлення мы ўпадабляемся ўрачу, які даследуе стан хворага, распазнае хваробу, ацэньвае, ці пагражае яна жыццю, калі яе не лячыць. Не можам сабе ўявіць, каб урач сказаў каму-небудзь: «Ты здаровы», — у той час, як у чалавека і сэрца, і лёгкія, і печань хворыя? Вы скажаце: «Гэта немагчыма». Даследуючы сумленне немагчыма сказаць, што я не маю граху. На самой справе, калі прыгледзішся больш уважліва, усё выглядае не так прыгожа, як магло здавацца.

Потым марнатраўны сын робіць чарговы крок на шляху вяртання да айца. Ён зразумеў, што знаходзіцца ў дрэнным становішчы. У майго айца нават найміты жывуць лепш. Таму вырашыў: «Устану і пайду да бацькі майго» (гл. Лк 15, 18). Гэта жаль за грахі і цвёрдае пастанаўленне выправіцца. Гэтае пастанаўленне ў марнатраўнага сына, відавочна, было цвёрдым. Гэта быў не нейкі невыразны намер, але нават шчырае жаданне: «Устаў, і пайшоў да свайго бацькі» (гл. Лк 15, 20).

А калі прыйшоў да айца свайго, прызнаўся: «Айцец, я саграшыў». Мы таксама прызнаёмся перад Богам у сваіх грахах, калі стаім на каленях каля канфесіянала. Мы вызнаём свае грахі не святару, але самому Богу, бо гэта Ён адпускае нам грахі.

Можа, нехта пазайздросціць марнатраўнаму сыну, што айцец не толькі ўсё дараваў яму, але і загадаў прыгожа апрануць яго: «Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі» (гл. Лк 15, 22). Калі мы атрымліваем прабачэнне ў сакрамэнце пакаяння, Бог адорвае нас не столькі матэрыяльна, колькі аздабляе нас нявіннасцю сэрца і ўнутраным супакоем, аднаўляе ў нас ласку святога хросту і годнасць дзіцяці Божага. Доўга можна пералічваць Божыя дары, што звязаны з адпушчэннем грахоў.

Дзіўная рэч, што не толькі марнатраўны сын імкнецца да спаткання з айцом, які прабачае. Айцец таксама выходзіць яму насустрач. Недастаткова сказаць «выходзіць». Вось як прадстаўлена гэта ў прыпавесці: «А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся. І, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго» (гл. Лк 15, 20).

Да нас Бог таксама кінуўся на шыю, нас Ён таксама цалаваў. Вы запытаеце, як? Бог паказвае нам сваю любоў праз тое, што Хрыстус памёр за нас грэшных (гл. Рым 5, 6). Бог, які нават уласнага Сына не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, ці можа ўсяго не дараваць нам разам з Ім (гл. Рым 8, 32)? Адсюль заклік: «Вярніся, сынок, вярніся! Айцец, які ўсё даруе, чакае!».

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця